Геаметрычны цэнтр Еўропы знаходзіцца недалёка ад сталіцы Польшчы, Варшавы. За больш чым тысячу гадоў сваёй гісторыі Польшча прайшла шлях ад моцнай еўрапейскай дзяржавы, праз страчаную незалежнасць да эканамічнага піянера Цэнтральнай і Усходняй Еўропы. Энтузіязм, крэатыўнасць і патэнцыял польскага прадпрымальніцтва сёння шырока вядомыя ў свеце. Дзякуючы рашучасці палякаў, іх салідарнасці, а таксама духоўнаму аўтарытэту Святога Папы Яна Паўла II, Польшча выйшла з дэпрэсіі камуністычнага рэжыму і з 1989 года з’яўляецца свабоднай краінай, чые багатыя традыцыі і звычаі прыцягваюць мільёны турыстаў з усяго свету. 

 Культура і мастацтва на працягу стагоддзяў умацоўвалі нацыянальную ідэнтычнасць палякаў, а таксама дапамагалі ім перажыць найгоршыя моманты ў гісторыі. Польскія творцы працягваюць натхняць свет. Менавіта ў Польшчы нарадзіўся адзін з найвялікшых кампазітараў і піяністаў Фрыдэрык Шапэн. Яго музыцы прысвечаны адзін з самых важных у свеце музычных конкурсаў –  Міжнародны конкурс піяністаў імя Фрыдэрыка Шапэна, які праводзіцца ў Варшаве кожныя пяць гадоў, пачынаючы з 1927 года. Польшча з’яўляецца домам для нобелеўскіх лаўрэатаў, лаўрэатаў прэміі “Оскар” і пераможцаў прэміі “Грэмі”. Дзякуючы лаўрэатам Нобелеўскай прэміі па літаратуры, сярод якіх Віслава Шымборска, Чэслаў Мілаш і Вольга Такарчук, Польшча набыла рэпутацыю зямлі паэтаў і пісьменнікаў. Развіццю літаратуры спрыяе звонкая польская мова, якой карыстаюцца больш за 40 мільёнаў чалавек у Польшчы і за мяжой. Менавіта на польскай мове ствараў фільмы Анджэй Вайда – лаўрэат прэстыжных кінапрэмій, у тым ліку прэміі “Оскар” за творчыя дасягненні. Палякам быў Кшыштаф Пэндэрэцкі – выбітны кампазітар, чатырохразовы ўладальнік прэміі “Грэмі”. 

 Польшча – краіна людзей з ідэямі. Польскія навукоўцы могуць ганарыцца важнымі адкрыццямі і вынаходствамі, якія змянілі свет. З Варшавы паходзіла Марыя Складоўская-Кюры. Прызнаная навукоўцам усіх часоў, яна па-ранейшаму застаецца адзінай жанчынай, якая двойчы атрымала Нобелеўскую прэмію (у 1903 і 1911 гадах) і адзіным навукоўцам, уганараваным у дзвюх розных галінах натуральных навук. Яна была першай жанчынай, якая атрымала Нобелеўскую прэмію па хіміі (за адкрыццё палонія і радыя), першай жанчынай, якая атрымала званне прафесара Парыжскага ўніверсітэта Сарбона, і першай жанчынай, якая паступіла ў Медыцынскую акадэмію. Польскі фізік Ян Чахральскі вынайшаў метад вырошчвання монакрышталаў, які стаў асновай сучаснай электронікі. З монакрышталаў крэмнія, атрыманых гэтым метадам, вырабляюцца паўправадніковыя прылады. Дзякуючы ім працуюць камп’ютары, планшэты, мабільныя тэлефоны, лічбавыя камеры, MP3-плэеры і іншыя электронныя прылады. А польскія матэматыкі: Марыян Рэеўскі, Ежы Ружыцкі і Генрык Зыгальскі ўзламалі коды самай вядомай шыфравальнай машыны ў гісторыі – нямецкай “Энігмы”. Сваімі дасягненнямі яны паспрыялі завяршэнню Другой сусветнай вайны. 

 Дзякуючы свайму размяшчэнню ад Балтыйскага мора і Мазурскіх азёр на поўначы, праз нізіны цэнтральнай часткі краіны да горных ланцугоў на поўдні, Польшча з’яўляецца прывабнай па прыродным багацці краінай. Яна мае 23 нацыянальныя паркі, 1500 запаведнікаў і 145 ландшафтных паркаў. Краіна заахвочвае да актыўнага адпачынку падчас горных паходаў, веласіпедных рэйдаў, сплываў на байдарках па рэках і азёрах, паруснага спорту, сёрфінгу, верхавой язды, напрыклад, па адным з самых доўгіх маршрутаў у Еўропе працягласцю 1800 км, які праходзіць праз цэнтр краіны, або да назірання за рэдкімі відамі птушак у іх натуральным асяроддзі пражывання. 

 У Польшчу турыстаў прывабліваюць шматлікія культурныя мерапрыемствы, музычныя, кіна- і тэатральныя фестывалі. Іх гаспадарамі з’яўляюцца польскія гарады, вядомыя сваёй незвычайнай, адзначанай узнагародамі на міжнародных конкурсах архітэктурай. Напрыклад, цудоўны будынак Філармоніі ім. М. Карловіча ў Шчэціне, які быў першым будынкам з Польшчы, што атрымаў галоўную еўрапейскай прэміі імя Міса ван дэр Роэ, або Нацыянальны музей у Шчэціне – Цэнтр дыялогу “Przełomy”, прызнаны лепшым будынкам у свеце ў 2016 годзе на Сусветным фестывалі архітэктуры ў Берліне. Іншыя адметныя на сусветнай карце архітэктуры польскія грамадскія будынкі – гэта Шэкспіраўскі тэатр і Еўрапейскі цэнтр салідарнасці ў Гданьску, Сілезскі Музей у Катавіцах, узведзены на месцы былой вугальнай шахты, сядзіба Нацыянальнага сімфанічнага аркестра Польскага радыё ў Катавіцах, Цэнтры музыкі ім. Кшыштафа Пэндэрэцкага ў Люславіцах, Крыкатэка (Музей Тадэвуша Кантара) у Кракаве, Музей Варшаўскага паўстання ці Музей гісторыі польскіх габрэяў POLIN у Варшаве. 

 Наведванне гэтых незвычайных культурных аб’ектаў дае ўяўленне аб складанай гісторыі Польшчы трагічных момантах лёсу яе жыхароў, асабліва звязаныя з досведам Другой сусветнай вайны. Польшча клапоціцца пра адраджэнне страчанага. Яна стала захавальнікам памяці – зберагае страчаную падчас Другой сусветнай вайны габрэйскую спадчыну, падтрымліваючы развіццё сучаснай культуры габрэйскай меншасці ў Польшчы. Прыкладам гэтай падтрымкі з’яўляецца, сярод іншага, арганізаваны ўжо больш за 30 гадоў Фестываль габрэйскай культуры ў Кракаве – самы відовішчны і міждысцыплінарны фестываль такога тыпу ў свеце, які наведваюць дзясяткі тысяч турыстаў. 

 Польшча таксама прываблівае аматараў кіно, тэатра і музыкі. Надзвычайным задавальненнем для іх з’яўляюцца сустрэчы з вядучымі стваральнікамі сучаснай музыкі падчас Міжнароднага фестывалю “Варшаўская восень”; з зоркамі кіно і сусветна вядомымі аўтарамі на фестывалі аператараў EnergaCAMERIMAGE ў Торуні, або з незалежнымі творцамі з усяго свету, якія прымаюць удзел у Міжнародным фестывалі “Новыя гарызонты” ў Вроцлаве, дзе прэзентуецца аўтарскае і эксперыментальнае кіно. 

 Ёсць шмат прычын, каб прыехаць і паглядзець, як выглядае Польшча! 

550 км з Мінска да Варшавы, сталіцы Польшчы 

 

 Больш пра Польшчу на сайтах: 

Poland.pl 

Culture.pl 

Polandtravel.pl 

 Самыя свежыя навіны з Польшчы на розных мовах – Polskie Radio dla Zagranicy