Польскі Інстытут у Мінску – гэта ўстанова з дыпламатычным статусам, якая распачала сваю дзейнасць у 1994 годзе. Інстытут займаецца папулярызацыяй дасягненняў польскай культуры, гісторыі і навукі, прэзентацыяй і аховай польскай спадчыны, наладжваннем і развіццём кантактаў, абменам вопытам і падтрымкай дыялогу паміж Польшчай і Беларуссю. Гэта адзін з 27 Польскіх Інстытутаў па ўсім свеце.

Мэты і задачы

Рэалізацыя мерапрыемстваў у галіне грамадскай і культурнай дыпламатыі, у тым ліку арганізацыя навуковых і гістарычных канферэнцый і семінараў; мастацкіх і гістарычных выстаў; канцэртаў класічнай і сучаснай музыкі; спектакляў польскіх тэатральных калектываў, паказы шэдэўраў польскага кінамастацтва; выданне перакладаў на беларускую мову польскай мастацкай і навуковай літаратуры. Штогод Інстытут рэалізуе звыш 100 разнастайных праектаў з удзелам творцаў, навукоўцаў і экспертаў з Польшчы і Беларусі.