Польская мова – другая па колькасці носьбітаў славянская мова на свеце. Ёй актыўна карыстаецца каля 50 млн чалавек, а як мінімум 10 млн заяўляюць, што валодаюць пасіўна. Такім чынам, польская мова па колькасці носьбітаў  займае першае месца сярод славянскіх моў у Еўрапейскім Саюзе і 5-aе сярод этнічных (разам з кастыльскай іспанскай, пасля нямецкай, англійскай, французскай і італьянскай). 

Польская мова належыць да індаеўрапейскай сям’і моў і заходнеславянскай моўнай групы (разам з чэшскай, славацкай, кашубскай, верхнелужыцкай, ніжнелужыцкай і мёртвай палабскай). 

Лічыцца, што сярэдні паляк актыўна ведае каля 30 тыс. Слоў і пасіўна разумее каля 100 тысяч, але не карыстаецца імі. Згодна з часткай універсітэцкіх паланістаў, дастаткова ведаць 1200 найбольш часта ўжываных слоў, каб мець магчымасць гаварыць на польскай мове. 

Польскі алфавіт заснаваны на лацінскім алфавіце і складаецца з 32 літар. У ім ёсць дзевяць літар, створаных з дапамогай дыякрытычны знакаў (ą, ć, ę, ł, ń, ó, ś, ź, ż). Акрамя таго, на пісьме выкарыстоўваюцца сем дыграфаў (sz, rz, cz, ch, dz, dż, dź) і адзін трыграф (dzi). 

У польскай мове прысутнічае скланенне. Па 7 склонах змяняюцца назоўнікі, прыметнікі, дзеепрыметнікі, назоўнікавыя, прыметнікавыя і лічэбнікавыя займеннікі і лічэбнікі. Дзеясловы, у сваю чаргу, змяняюцца па катэгорыях асобы, часу, ладу, стану і ліку, а  таксама трывання. 

Найстарэйшы запісаны на польскай мове сказ: „Dayut ia pobrusaa ti poziwai” (Dajać ja pobruczę, a ty poczywaj” – “Дай я памялю, а ты адпачывай”) быў запісаны лацінкай у 1270 г. у Вроцлаве (у Генрыкоўскай Кнізе, якая знаходзіцца ў рэестры “Памяць свету” ЮНЕСКА). У 1285 годзе на з’ездзе ў Лэнчыцы было прынята рашэнне аб выкарыстанні польскай мовы побач з лацінскай у кляштарных і кафедральных школах. 

На польскую мову аказалі ўплыў лацінская, грэчаская, нямецкая, чэшская, старацаркоўнаславянская, турэцкая, французская, італьянская, руская, венгерская і ідыш. Зараз найбольшы ўплыў мае “лінгва франка” нашага часу – англійская мова. 

Галоўнымі дыялектамі польскай мовы з’яўляюцца велікапольскі, малапольскі, сілезскі, мазавецкі, хэлмска-кацеўска-вармінскі і паўночна- і паўднёвакрэсавы. 

 Больш інфармацыі: 

Мультымедыйны даведнік па польскай мове 

Poland.pl 

Інфармацыя пра тое, дзе ў свеце можна вывучаць польскую мову, і пра польскія кнігазборы ёсць на інтэрактыўнай мапе “Польская мова па-за Польшчай” 

Папулярызацыя польскай мовы за мяжой