Музей гісторыі Польшчы ў Варшаве (MHP) прадстаўляе найважнейшыя тэмы польскай гісторыі – дзяржавы і народа –  з акцэнтам на тэму парламенцкіх традыцый, устаноў і грамадзянскіх рухаў, барацьбы за свабоду і незалежнасць. Музей актыўна працуе ў галіне фарміравання міжнароднага іміджу Польшчы, прадстаўляючы замежным гледачам цікавым і зразумелым спосабам польскую гісторыю і культуру. Па гэтай прычыне ён удзельнічае ў міжнародным дыялогу, надаючы асаблівую ўвагу суседнім народам. Установа выконвае сваю місію адкрыта, спрыяючы максімальна шырокай даступнасці культурнай спадчыны і навуковых рэсурсаў для выкарыстання іх лічбавага патэнцыялу. Музей з’яўляецца арганізатарам плебісцыту “Гістарычная падзея года”, мэтай якога з’яўляецца ўшанаванне арганізатараў, стваральнікаў і ініцыятараў найбольш цікавых гістарычных мерапрыемстваў. https://muzhp.pl/pl

 

Нацыянальны музей у Варшаве (MNW) збірае, захоўвае, рэстаўруе і робіць даступнымі каштоўнасці польскай і замежнай культуры ў галіне гісторыі мастацтва, археалогіі, гісторыі, нумізматыкі. MNW вядзе актыўную выставачную дзейнасць. Арганізоўвае замежныя навучальныя паездкі, звязаныя, у прыватнасці, з навуковымі даследаваннямі і падрыхтоўкай выстаў з замежнымі партнёрамі. У галіне арэнды, арганізацыі выстаў, публікацый і навуковых праектаў Музей супрацоўнічаў з многімі музеямі, галерэямі і ўстановамі ў Польшчы і свеце. Ён пастаянна супрацоўнічае з ICOM і CODART – сусветнай арганізацыяй захавальнікаў і куратараў нідэрландскага, фламандскага, галандскага, бельгійскага мастацтва з сядзібай у Амстэрдаме. Прыкладам міжнароднай дзейнасці з’яўляецца арганізацыя разам з з філіялам Музея Луўра, Луўрам-Ланс, выставы “Польшча. Сіла карціны”. https://www.mnw.art.pl

 

Кракаўскі Нацыянальны музей (MNK) з’яўляецца найстарэйшым музеем у Польшчы. Ён выконвае сваю місію па замацаванні нацыянальных і агульначалавечых каштоўнасцяў шляхам распаўсюджвання сусветнага і польскага мастацтва, асабліва кракаўскага цэнтра. Музей займаецца дыджыталізацыйнымі, адукацыйнымі і навукова-даследчымі праектамі. Гэта першы музей у Польшчы, які атрымаў статус навуковага падраздзялення ў групе навук пра мастацтва і мастацкую творчасць. Адным з міжнародных праектаў установы з’яўляецца праект “Культура па-за межамі”, у рамках якога была рэалізаваная праграма “Акадэмія кіравання ўстановай культуры”, якая дазволіла стварыць платформу для абмену досведам і перадавой практыкай паміж польскімі і грузінскімі ўстановамі культуры з мэтай абмену ведамі ў галіне распрацаваных стандартаў, рашэнняў у стратэгічных галінах музейнай дзейнасці, кіравання музейнымі працэсамі і захавання і распаўсюджвання культурнай спадчыны.  https://mnk.pl/

 

Нацыянальны музей у Кельцах (MNKi) рэалізуе сваю місію праз, у прыватнасці, клопат аб даверанай культурнай спадчыне, унікальнасці і прывабнасці выстаў, мастацкай дзейнасці, адукацыі, а таксама праз навукова-даследчую і выдавецкую дзейнасць. Музей валодае адной з самых вялікіх калекцый старапольскага партрэта, самай вялікай у Польшчы калекцыяй карцін Шарментоўскага і цьмялёўскай керамікі, а таксама ўнікальным грамафонным дыскам з запісаным голасам Стэфана Жаромскага. Установа стала арганізатарам першай у Польшчы міждысцыплінарнай канферэнцыі, прысвечанай праблеме музеятэрапіі. Прыкладам міжнароднага супрацоўніцтва з’яўляецца стэндавая выстава, прысвечаная Нобелеўскаму лаўрэату, падрыхтаваная ў рамках святкавання года Сянкевіча. https://mnki.pl/

 

Нацыянальны музей у Познані (MNP) збірае і пастаянна ахоўвае культурныя каштоўнасці – спадчыну стагоддзяў і пакаленняў, ведаў, працы і запалу. Музей робіць агульнадаступнымі асноўныя каштоўнасці гісторыі, навукі і культуры, фарміруючы кагнітыўную і эстэтычную адчувальнасць. Установа арганізоўвае выставы ў краіне і за мяжой. Музей уручае Прэмію імя Яна Леніцы выбітным мастакам з усяго свету са сфарміраванай творчай індывідуальнасцю, якія прадстаўляюць падобную да Леніцы пазіцыю, то-бок выхад за межы прафесіі прыкладнога графіка. https://mnp.art.pl/

 

Задачай Нацыянальнага музея ў Вроцлаве (MNWr) з’яўляецца збор помнікаў і іканаграфічных, фатаграфічных і дакументальных матэрыялаў пра мастацтва Сілезіі, польскага мастацтва і былых паўднёва-ўсходніх абшараў, а таксама мастацтва Еўропы, Блізкага і Далёкага Усходу, мастацкіх рамёстваў, тэхнічнай культуры і этнаграфіі. Установа валодае адной з найбуйнейшых у краіне калекцый польскага сучаснага мастацтва, якая сягае 60-х гадоў XX ст. Экспанаты ўключаюць у сябе ўсе мастацкія дысцыпліны, пачынаючы з жывапісу, графікі, малюнка, скульптуры, шкла, керамікі і фатаграфіі, да канцэптуальных праектаў, дакументацыі хэпенінгаў і відэамастацтва. Установа была суарганізатарам міжнароднага праекта “Ganymed goes Europe”, які аб’ядноўвае ў сабе тры галіны мастацтва: жывапіс, літаратуру і тэатр. https://mnwr.pl/

 

Нацыянальны музей у Гданьску (MNG) збірае помнікі, іканаграфічныя, фатаграфічныя і дакументальныя матэрыялы, якія тычацца польскага і замежнага старажытнага і сучаснага мастацтва, этнаграфіі Памор’я, еўрапейскіх і пазаеўрапейскіх культур. Перлінай музейнай калекцыі з’яўляецца “Страшны суд” – шэдэўр галандскага рэнесансу, напісаны Гансам Мемлінгам. Установа прымае актыўны ўдзел у міжнародных навукова-даследчых, рэстаўрацыйных, дыджыталізацыйных і адукацыйных праектах. У рамках міжнароднага супрацоўніцтва былі арганізаваныя, сярод іншага, майстар-класы для мастакоў у Багдадзе і праект фатаграфічнай дакументацыі нарвежскіх і ісландскіх касцёлаў. http://www.mng.gda.pl/

 

Нацыянальны музей у Шчэціне (MNS) сваю місію ажыццяўляе шляхам прадстаўлення калекцый у рамках пастаянных экспазіцый, арганізацыі часовых выстаў і разнастайных мастацкіх мерапрыемстваў, навуковых канферэнцый, навукова-папулярных сустрэч, а таксама адукацыйнай і выдавецкай дзейнасці. Як установа грамадскага даверу, ён з’яўляецца сховішчам памяці пра мінулае і адначасова жывым культурным цэнтрам – месцам, якое актыўна ўдзельнічае ў працэсе фарміравання гістарычнай свядомасці і сацыяльных установак. Музей у духу мультыкультурнага, трансгранічнага дыялогу і супрацоўніцтва будуе рэгіянальную, нацыянальную і еўрапейскую ідэнтычнасць Заходняга Памор’я і яго жыхароў, прыкладам чаго з’яўляецца міжнародны праект “Агульная спадчына, агульная будучыня”. https://muzeum.szczecin.pl/

 

Дзейнасць Музея кракаўскіх капальняў Вялічка ў Вялічцы засяроджана на ахове і папулярызацыі багатай гісторыі здабычы солі ў Польшчы, гэта гісторыя – неадрыўная спадчына чалавецтва. Музей выконвае свае задачы шляхам збору, захоўвання, кансервацыі і папулярызацыі культурных каштоўнасцяў у галіне гісторыі даўняга піваварства і салянай здабычы, а таксама гарадоў Вялічка і Бохня, горназдабыўной тэхнікі, геалогіі салевых радовішчаў, мастацтва і этнаграфіі. Побач з пастаяннай падземнай экспазіцыяй, установа таксама кіруе сярэднявечным Замкам Жупны –гістарычнай сядзібай праўлення шахты. Саляная шахта ў Вялічцы была ўключана ў спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Яна вядзе дынамічную адукацыйную, даследчую і выставачную дзейнасць. https://muzeum.wieliczka.pl/

 

Музей-замак у Мальбарку мае на мэце захаваць гістарычную субстанцыю мальбарскага замкавага ансамбля – важнага элемента культурнай спадчыны і падпарадкаваных яму замкаў у Квідзыне і Штуме. Да самых каштоўных калекцый Музея належаць калекцыі мастацкіх вырабаў з бурштыну, сярэднявечных архітэктурных элементаў, сярэднявечнай і старажытнай зброі і ўзбраення. Замак Мальбарк уключаны ў Спіс сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Музей з’яўляецца членам Асацыяцыі замкаў і музеяў Прыбалтыкі. Установа ажыццяўляе міжнародныя адукацыйныя мерапрыемствы для моладзі і ўдзельнічае ў міжнародных праграмах супрацоўніцтва, напрыклад, у міждысцыплінарнай даследчай праграме “Экалогія крыжовых паходаў”. http://www.zamek.malbork.pl/

 

Ланьцуцкі музей-замак – гэта адна з самых прыгожых арыстакратычных рэзідэнцый у Польшчы. Славіцца сваімі вытанчанымі жылымі інтэр’ерамі і цікавай калекцыяй конных транспартных сродкаў. Палацавы ансамбль акружае стары маляўнічы парк у англійскім стылі, дзе ўзвышаюцца шматлікія павільёны і гаспадарчыя пабудовы, цесна звязаныя калісьці з паўсядзённым жыццём ланьцуцкай рэзідэнцыі. Музей рэалізуе шэраг мерапрыемстваў, звязаных з даследаваннямі, лічбавай інвентарызацыяй, аховай і папулярызацыяй каштоўнасцяў нацыянальнай культуры ў краіне і за мяжой, якія знаходзяцца пад пагрозай знікнення, у прыватнасці, супрацоўнічае з музейнымі і навуковымі ўстановамі ва Украіне. Акрамя таго, у памяшканнях замка і парку штогод праводзіцца знакаміты “Музычны фестываль у Ланьцуце”, у якім прымаюць удзел выбітныя артысты з усяго свету. https://www.zamek-lancut.pl/pl/

 

Muzeum Łazienki Królewskie w Warszawie tworzą klasycystyczne zabytki i dawne ogrody. Głównym zadaniem Muzeum jest ukazanie historii i kultury polskiej, podkreślając jej związki z historią i kulturą światową oraz upowszechnianie wiedzy o dziejach Łazienek Królewskich, w szczególności o kolekcji sztuki króla Stanisława Augusta. Instytucja jest organizatorem międzynarodowego projektu Ogrody Światła, którego celem jest promocja wyjątkowych ogrodów historycznych oraz muzeów z całego świata. Ponadto realizuje we współpracy z międzynarodowymi partnerami projekty w przestrzeni parku i ogrodów historycznych. Prowadzi wieloletni projekt wystawienniczy Wystawa jednego obrazu pozwalający na zaprezentowanie wybitnych dzieł z kolekcji światowych. https://www.lazienki-krolewskie.pl/pl

 

Музей Каралеўскія Лазенкі ў Варшаве ўтвараюць класічныя помнікі і колішнія сады. Асноўная задача Музея – паказаць гісторыю і культуру Польшчы, падкрэсліваючы яе сувязі з сусветнай гісторыяй і культурай, а таксама пашырыць веды пра гісторыю Каралеўскіх Лазенак, у прыватнасці, пра мастацкую калекцыю караля Станіслава Аўгуста. Установа з’яўляецца арганізатарам міжнароднага праекта “Сады святла”, мэтай якога з’яўляецца папулярызацыя ўнікальных гістарычных садоў і музеяў з усяго свету. Акрамя таго, у супрацоўніцтве з міжнароднымі партнёрамі музей рэалізуе праекты ў прасторы парку і гістарычных садоў. Праводзіць шматгадовы выставачны праект “Выстава адной карціны”, які дазваляе прадставіць выдатныя творы з сусветных калекцый. https://www.wilanow-palac.pl/

 

Каралеўскі замак у Варшаве – былая рэзідэнцыя каралёў і сядзіба Сейма Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў. Мае адну з самых каштоўных калекцый твораў мастацтва ў Польшчы з карцінамі, сярод іншых, Рэмбрандта, Каналета, Бачарэлі і Матэйкі. Багата аформленыя інтэр’еры пераносяць гасцей у часы Ягелонаў, Вазаў, Сасаў і караля Станіслава Аўгуста. Установа рэалізуе міжнародныя музейныя праекты. Займаецца арганізацыяй азнаямляльных паездак і лекцый, прымеркаваных да праекта “За каралеўскім сталом” – дэгустацыя гістарычных страў. https://www.zamek-krolewski.pl/

 

Каралеўскі замак на Вавелі знаходзіцца ў Кракаве, былой сталіцы Польшчы, з’яўляецца шматвяковай рэзідэнцыяй каралёў і сімвалам польскай дзяржаўнасці. Яго калекцыі ўключаюць каштоўны ансамбль карцін, гравюр, скульптур, тканін, вырабаў з золата, мілітарыяў, фарфору і мэблі. У залах экспануюцца габелены з калекцыі караля Жыгімонта Аўгуста і цудоўныя італьянскія карціны эпохі Адраджэння з калекцыі Лянцкаронскіх. Зборы музея даступныя ў некалькіх пастаянных экспазіцыях замка і пленэрных экспазіцыях. Замак вядзе дынамічную выставачную, адукацыйную і рэстаўрацыйную дзейнасць. У рамках шматгадовай міжнароднай праграмы ўстанова займаецца даследаваннямі і аднаўленнем агульнай культурнай спадчыны ўсходніх межаў былой Рэчы Паспалітай. https://wawel.krakow.pl/

 

Нацыянальны музей тэхнікі ў Варшаве (NMT) –  гэта найбуйнейшы музей тэхнікі ў Польшчы. Мэтай яго дзейнасці з’яўляецца захаванне для будучых пакаленняў матэрыяльных сведчанняў, якія дакументуюць развіццё польскай тэхнікі ад самых вытокаў польскай дзяржавы. Установа імкнецца дакладна і бесстаронна апісваць спадарожныя тэхнічнаму прагрэсу падзеі і прадстаўляць сучасныя дасягненні і шляхі развіцця польскай тэхнічнай думкі. Сярод каштоўных экспанатаў, фатаграфічнай дакументацыі і планаў будаўніцтва многіх машын і абсталявання можна знайсці шыфравальную машыну “Энігма” і “Кадзілак” маршала Юзафа Пілсудскага. Музей з’яўляецца арганізатарам майстар-класаў “Сустрэчы з гісторыяй тэхнікі”. http://nmt.waw.pl/

 

Музей Сілезскіх Пястаў у Бжэгу займаецца праблематыкай Сілезскіх Пястаў і іх традыцыямі на гістарычнай тэрыторыі Сілезскай зямлі, а таксама зборам аб’ектаў, звязаных з мінулым горада і прылягаючых тэрыторый. Вядзе выставачную дзейнасць. У той жа час ён арганізоўвае адукацыйныя мерапрыемствы і майстар-класы для дзяцей, студэнцкай моладзі і людзей сталага веку. Майстар-класы служаць для атрымання і паглыблення ведаў пра гісторыю горада, пястаўскага мінулага Сілезіі, гістарычных крыніц, інтэрпрэтацыі твораў гатычнага, рэнесанснага і барочнага мастацтва, а таксама больш блізкаму знаёмству з музейнай калекцыяй. http://zamek.brzeg.pl/

 

Музей Мендзыжэчча імя Альфа Кавальскага прэзентуе самую вялікую ў Польшчы калекцыю трунных партрэтаў, надмагілляў і гербавых дошак XVII і XVIII стст. Асноўнай задачай арганізацыі з’яўляецца збор і даследаванне гістарычных помнікаў і дакументацыйных матэрыялаў, звязаных з тэхнікай, мастацтвам і археалогіяй Мендзыжэчча, былога вялікапольска-брандэнбургска-сілезскага памежжа і характэрнага для яго старапольскага пахавальнага абраду. Музей з’яўляецца арганізатарам міжнародных майстар-класаў у рамках праекта “Comenius”, прысвечаных мультыкультуралізму вялікапольска-сілезска-брандэнбургскага памежжа. http://www.muzeum-miedzyrzecz.pl/

 

 

Нацыянальны марскі музей у Гданьску (NMM) займаецца зборам, рэстаўрацыяй, дыджыталізацыяй гістарычных помнікаў, звязаных з суднаходствам, суднабудаўніцтвам, марынісцкім жывапісам, рыбалоўствам, а таксама пашырае веды пра марскую гісторыю Польшчы. Вядзе навуковую дзейнасць у галіне марской археалогіі, захавання, лічбавай дакументацыі і рэканструкцыі помнікаў. NММ удзельнічае ў працы Камітэта па культурнай спадчыне Балтыйскага рэгіёну (Baltic Region Heritage Committee). Установа актыўна супрацоўнічае з марскімі музеямі іншых прыбалтыйскіх краін. Рэалізуе міжнародныя праекты – Baltic Sea Region Integrated Maritime Cultural Heritage Management (BALCTICRIM), які займаецца пытаннямі прасторавага выкарыстання Балтыйскага мора, Navis I і Navis II, што накіраваны на распрацоўку базы дадзеных пра помнікі старажытнага суднабудавання і парты перыяду ранняга Сярэднявечча. https://www.nmm.pl/

 

Мастацкі музей у Лодзі (MSL) канцэнтруецца на прадстаўленні ў розных кантэкстах сабраных у калекцыях твораў, а таксама прасоўванні прагрэсіўных мастацкіх з’яў і ўмацаванні ролі мастацтва як жыццёва важнага элемента грамадскага жыцця. Асноўная місія ўстановы ажыццяўляецца за кошт збору, захавання і апрацоўкі калекцый, а таксама за кошт рэалізацыі мастацкіх праектаў і навуковай, адукацыйнай і папулярызатарскай дзейнасці ў шырокім разуменні. Беручы пад увагу цесную сувязь, якая злучае гісторыю музея з гісторыяй авангарду, у яго дзейнасці асаблівае значэнне надаецца прасоўванню прагрэсіўных мастацкіх з’яў і супрацоўніцтву з іх стваральнікамі. У рамках міжнароднага супрацоўніцтва быў рэалізаваны праект “Творчыя архівы: Лодзь – Лондан”, мэта якога – далучыцца да дыскурсу на тэму сучасных метадаў прадастаўлення доступу да архіваў, а таксама абмен добрымі практыкамі ў галіне архівізацыі і дыджыталізацыі артэфактаў, якія суправаджаюць стварэнне твораў мастацтва. https://msl.org.pl/

 

Музей сучаснага мастацтва ў Варшаве праводзіць даследаванні найноўшага мастацтва і збірае калекцыю твораў мастацтва. Калекцыя сучаснага мастацтва, сабраная музеем, уяўляе сабой запіс дынамічных з’яў і працэсаў, якія адбываюцца лакальна і глабальна. Ён стварае прастору для сустрэч, узаемнага натхнення і разважанняў, якія выходзяць за межы мастацтва, але заўсёды знаходзяць у ім сваю крыніцу. Дзейнасць заснавана на арганізацыі выстаў, публікацый, адукацыйных і даследчых праграм. Установа ўвайшла ў лік членаў L’Internationale – федэрацыі ўстаноў, якія займаюцца найноўшым і сучасным мастацтвам. У рамках гэтага праекта музей супрацоўнічае з афіляваныя музеямі і іншымі еўрапейскімі ўстановамі. https://artmuseum.pl/pl

 

Задачай Нацыянальнай мастацкай галерэі “Zachęta” (“Захэнта”) з’яўляецца пашырэнне ведаў пра сучаснае мастацтва як важны элемент культурнага і грамадскага жыцця. Галерэя з’яўляецца арганізатарам шматлікіх часовых выстаў. У яе старадаўніх інтэр’ерах былі паказаныя працы выбітных польскіх і замежных мастакоў, сярод якіх Марлен Дзюма, Збігнеў Лібера, Тадэвуш Кантар, Яёй Кусама, Вільгельм Саснал. Галерэя займаецца  мерытарычнай апекай і арганізацыйнымі пытаннямі экспазіцый у польскім павільёне ў Венецыі на Біенале мастацтва і Біенале архітэктуры – адных з найважнейшых фестываляў мастацтва ў свеце. Галерэя таксама вядзе асветніцкую дзейнасць, накіраваную як на дзяцей і падлеткаў, так і на дарослую аўдыторыю, публікуе кнігі пра сучаснае мастацтва, збірае інфармацыю пра польскае мастацкае жыццё пасля 1945 года. https://zacheta.art.pl/pl

 

Музей Юзафа Пілсудскага ў Сулеюўку сваю місію выконвае праз паказ постаці Маршала і распаўсюджванне яго каштоўнасцяў:  нацыянальнага гонару, патрыятычнай пазіцыі, самаадданасці ў працы на карысць краіны, павагі да традыцый. Установа стварыла “Моладзевую Раду Музея Юзафа Пілсудскага ў Сулеюўку” – гэта першая ў Польшчы кансультатыўная музейная структура, якая складаецца з моладзі і дазваляе выйсці насустрач патрэбам моладзі ва ўстановах культуры, а самой моладзі – ствараць уласныя праекты на аснове рэсурсаў Музея. Установа арганізоўвае штогадовую навуковую канферэнцыю “Дыялог дзвюх культур”, якая праходзіць у Крамянцы ва Украіне. З нагоды 150-годдзя Маршала музей падрыхтаваў выставу “Дзяржаўны дзеяч Польшчы і Еўропы”, якая была паказаная за мяжой. https://muzeumpilsudski.pl/

 

Музей Яна Паўла II і Прымаса Вышыньскага займаецца пашырэннем ведаў пра асобы Караля Вайтылы і Стэфана Вышыньскага. У музеі прадстаўлены аповеды гэтых незвычайных людзей пра сваё дзяцінства, сем’і, пакліканні і шлях да Касцёла. Дзякуючы прадстаўленым цытатам і фільмам, яны паказваюцца не толькі іерархамі касцёла, але і становяцца жывымі настаўнікамі. Іх стаўленне да сямейных трагедый, якія абодва зведалі, рэакцыя на складаныя гістарычныя падзеі і адносіны да пераследнікаў могуць стаць натхняльнымі ў сваёй універсальнасці. Музей супрацоўнічае з музеямі і даследчымі цэнтрамі ў Італіі і сумесна арганізоўвае міжнародныя азнаямляльныя візіты. https://mt514.pl/

 

Музей Другой сусветнай вайны ў Гданьску збірае і прадстаўляе калекцыі, звязаныя з гісторыяй Другой сусветнай вайны з асаблівай увагай да месца яе пачатку на польскіх землях. Музей займаецца выставачнай, папулярызатарскай, адукацыйнай і выдавецкай дзейнасцю. Мэтай установы з’яўляецца фарміраванне гістарычнай нарацыі, дзякуючы якой Другая сусветная вайна паказваецца сучасным спосабам з гледзішча досведу палякаў і Польшчы з улікам тагачаснай вялікай палітыкі, і, у першую чаргу, стаўлення людзей у адносінах да ваеннай рэальнасці і кашмару акупацыі Польшчы двума таталітарнымі рэжымамі. Музей таксама займаецца ваеннымі лёсамі іншых народаў, якія ўдзельнічалі ў гэтым найбуйнейшым узброеным канфлікце XX стагоддзя. Ён праводзіць выставачныя, адукацыйныя і культурныя праекты міжнароднага маштабу, да якіх можна аднесці выставу “Мільён з-за акіяна”, міжнародную канферэнцыю “World Battlefield Museums Forum” і замежныя паездкі дзяцей і моладзі “Змяняючы перспектыву”. https://muzeum1939.pl/

 

Музей палякаў, якія ратавалі габрэяў падчас Другой сусветнай вайны імя Сям’і Ульмаў у в. Маркавай выконвае сваю місію праз паказ гераічных постацей палякаў, якія падчас нямецкай акупацыі дапамагалі габрэям, рызыкуючы сваім жыццём і жыццём сваіх сем’яў. Акрамя таго, музей прадстаўляе польска-габрэйскія адносіны ў часы Халакоста і пашырае веды пра лёс сям’і Ульмаў з вёскі Маркова. Гэта першая ў Польшчы музейная ўстанова, якая займаецца тэмай выратавання габрэйскага насельніцтва на акупаваных польскіх землях падчас Халакосту. Музей з’яўляецца арганізатарам міжнародных азнаямляльных візітаў, а таксама стварэннем мабільных выстаў, прысвечаных праблеме палякаў, якія ратавалі габрэяў падчас трагедыі Халакосту і польска-габрэйскім адносінам. https://muzeumulmow.pl/pl/

 

Дзяржаўны музей Аўшвіц-Біркенаў у Асвенціме займаецца зборам калекцый, якія ўтрымліваюць рухомыя рэшткі канцлагера Аўшвіц і звязаныя з ім архіўныя матэрыялы, захоўвае часткі тэрыторый былога канцлагера Аўшвіц і знаёміць з гісторыяй канцлагера Аўшвіц новыя пакаленні. Тэрыторыя былога нямецкага, нацысцкага канцлагера і лагера смерці была ўключана ў спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. У музеі працуе “Міжнародны цэнтр адукацыі пра Асвенцім і Халакост” (MCEAH), які супрацоўнічае з многімі ўстановамі з усяго свету. Установа ажыццяўляе міжнародныя, міжкультурныя і міжрэлігійныя праекты, звязаныя з адукацыяй, увекавечваннем памяці, навуковымі даследаваннямі або архіўнымі запытамі. Прыкладам шырокай дзейнасці ўстановы з’яўляецца “Міжнародная летняя акадэмія”, у якой прымаюць удзел выкладчыкі і настаўнікі з усяго свету.  http://www.auschwitz.org/

 

Дзяржаўны музей на Майданку ў Любліне з’яўляецца адзіным мартыралагічным музеем у свеце, створаным яшчэ ў перыяд Другой сусветнай вайны. Ён ажыццяўляе апеку над матэрыяльнымі рэшткамі трох нямецкіх месцаў злачынства – канцлагера на Майданку і лагераў смерці ў Белжыцы і Сабіборы. У сваёй дзейнасці ён надае асаблівую ўвагу развіццю ў тэорыі і на практыцы гістарычнай адукацыі пра нямецкую акупацыю на Любліншчыне. Адукацыйная дзейнасць музея заснаваная на актыўным знаёмстве і вывучэнні гісторыі, упісанай у рэальнае месца. Яна ўключае ў сябе распрацоўку спецыялізаваных праграм сустрэч і семінараў, арганізацыю гістарычных семінараў для моладзі, азнаямляльных візітаў для дарослых і рэалізацыю міжнародных адукацыйна-гістарычных праектаў. Прыкладам міжнароднай дзейнасці з’яўляецца супрацоўніцтва ўстановы са Школамі Бітэля імя Фрыдрыха фон Бадэльшвінга з Білефельд. http://www.majdanek.eu/pl

 

Музей Штутгоф у Штутаве размешчаны на тэрыторыі былога нямецкага канцлагера Штутгоф. Пакаленні супрацоўнікаў музея сталі захавальнікамі памяці пра злачынствы і пакуты тысяч ахвяр. У мэтах захавання і аховы культурнай спадчыны ажыццяўляецца адукацыйная, папулярызатарская, выставачная, навуковая і дакументацыйная дзейнасць. У рамках праграмы “Лёс палякаў у нямецкіх канцэнтрацыйных лагерах на захадзе Еўропы” ўстанова збірае дакументы і іншыя памятныя рэчы, звязаныя з трагічнымі лёсамі нашых суайчыннікаў у нямецкіх канцэнтрацыйных лагерах на захадзе Еўропы. Музей таксама з’яўляецца арганізатарам цыклічных канферэнцый і сустрэч польскіх і замежных музейных супрацоўнікаў “Форум памяці”. http://stutthof.org/

 

Музей гісторыі польскіх габрэяў Polin – гэта ўстанова, якая паказвае шматвяковую гісторыю польскіх габрэяў. Асноўная місія музея – аднавіць і захаваць памяць гісторыі польскіх габрэяў, служыць ідэям адкрытасці, талерантнасці, ісціны, спрыяючы ўзаемаразуменню і павазе сярод палякаў і габрэяў, супольнасцяў Еўропы і свету. Ён вядзе дынамічную выставачную і адукацыйную дзейнасць. У рамках супрацоўніцтва з замежжам былі рэалізаваныя, сярод іншага, часовая выстава “З рызыкай для жыцця. Палякі, якія ратавалі габрэяў падчас вынішчэння”, якая была перакладзеная на дзесяць моў. Адной з праграм музея з’яўляецца праграма “Global Education Outreach” (GEOP), у рамках якой праводзяцца міжнародныя навуковыя майстар-класы, канферэнцыі, лекцыі і семінары. https://polin.pl/pl