Пісьменнік, вядучы прадстаўнік польскай навуковай фантастыкі, філосаф, футуролаг і эсэіст, працаваў таксама ў рэчышчы рэалізму і сатыры.
Нарадзіўся 12 верасня 1921 года ў Львове ў сям’і паспяховага доктара-ларынголага Самуэля Лема і Сабіны Воллер (сваё дзяцінства ён успамінае ў аўтабіяграфічнай кнізе “Высокі замак”), сваяк паэта і драматурга Мар’яна Хемара. Выпускнік 2-й Гімназіі імя Караля Шайнохі. Планаваў паступіць у Львоўскі політэхнічны інстытут, аднак у акупаваным савецкімі войскамі Львове гэта аказалася немагчымым. Дзякуючы сувязям бацькі ён паступіў у медыцынскі інстытут, вучобу ў якім вымушаны быў прыпыніць у перыяд нямецкай акупацыі; у гэты перыяд ён працаваў памочнікам механіка і зваршчыкам. Лем працягнуў вучобу пасля вайны, але адмовіўся ад здачы выпускных экзаменаў, каб пазбегнуць прызыву ў войска. У 1946 годзе ўся сям’я пераехала ў Кракаў, не жадаючы прымаць грамадзянства СССР.
Літаратурная кар’ера Станіслава Лема пачалася з супрацоўніцтва з часопісамі („Kuźnica”,”Tygodnik Powszechny”,”Nowy Świat Przygód”). Спачатку ён публікаваў у іх вершы, якія пазней традыцыйна друкаваў як дадатак да “Высокага замка”, а таксама апавяданні пра перыяд акупацыі. У “Новым свеце прыгодаў” урыўкамі быў надрукаваны яго першы фантастычны раман пад назвай “Чалавек з Марса”.
У 1947-1950 гадах пісьменнік працаваў у Навуковым дыскусійным аб’яднанні на чале з Мечыславам Хайноўскім. Пасля закрыцця гэтай установы ён апынуўся ў цяжкім матэрыяльным і жыццёвым становішчы. Ашаламляльны поспех “Астранаўнаў” – яго першага фантастычнага рамана, выдадзенага ў выглядзе кнігі – і праблемы з публікацыяй напісанага раней “Шпіталя Перамянення” (з-за патрабаванняў цэнзуры развітага ў трылогію “Нястрачаны час”, якая заканчваецца прыняццем галоўным героем партбілета) прывялі да таго, што пісьменнік вырашыў сур’ёзна заняцца стварэннем фантастычных твораў. З аднаго боку, гэта давала яму магчымасць разважаць на цікавую яму тэму месца тэхналогіі ў жыцці чалавека, з другога – дапамагала абыходзіць цэнзуру.
У 1953 годзе Станіслаў Лем ажаніўся з Барбарай Лесьняк, якая працавала доктарам-радыёлагам; іх сын Томаш нарадзіўся ў 1968 годзе. У 1983-1988 гадах пісьменнік знаходзіўся ў эміграцыі (Берлін, Вена), а пасля пасяліўся ў Кракаве. У апошнія гады жыцця актыўна супрацоўнічаў з часопісам “Tygodnik Powszechny”. Пісьменнік памёр 27 сакавіка 2006 года, а скрыню з яго прахам пахавалі на Сальватарскіх могілках. Нягледзячы на тое, што ён сам лічыў сябе агностыкам, па просьбе сям’і пахаванне адбылося па каталіцкім абрадзе.
Станіслаў Лем з’яўляўся ганаровым доктарам некалькіх універсітэтаў (у прыватнасці Вроцлаўскага політэхнічнага, Ягелонскага, Львоўскага і Універсітэта ў Білефельдзе). У 1973 годзе пісьменніку было прысуджана ганаровае членства ў Амерыканскай асацыяцыі пісьменнікаў-фантастаў, але па прычыне працэдурных пературбацый ён адмовіўся ад прапанаванага ў 1975 годзе звычайнага членства. Імем пісьменніка таксама названы астэроід 3836 Лем.
Агульны агляд творчасці
На разнастайнасць творчасці Лема звярнуў увагу літаратуразнаўца Ян Блоньскі яшчэ ў 1961 годзе (“Літаратурная жыццё” (Życie Literackie) № 497). Станіслаў Лем выкарыстоўваў амаль усе магчымасці, якія дае пісьменніку сучасная навуковая фантастыка. Можна нават сказаць, што ў сваёй – храналагічна кампактнай, але колькасна багатай – творчасці ён быццам паўтарыў эвалюцыю жанра: пачаў з простых, аптымістычных гісторый (“Астранаўты”, “Магеланава воблака”), каб неўзабаве перайсці да пародыі (“Зорныя дзённікі Іёна Ціхага”) і апакаліптычнага адлюстравання “горшага з магчымых светаў” (“Эдэм”). Больш за тое – ён сістэматычна развіваў літаратурны патэнцыял, які дае гэты жанр.
Творы Лема можна ўмоўна падзяліць на некалькі груп. Пасля ўжо забытых сёння апавяданняў і пасля ранніх, прасякнутых аптымізмам раманаў (якія сам пісьменнік пасля крытыкаваў за “сацрэалізм”), у 60-я гг. Лем стварыў творы, якія найбольш наблізіліся да канону навуковай фантастыкі і адначасова ўвялі ў гэты жанр элементы рэалізму. Тут гаворка ідзе пра такія раманы, як “Эдэм” (1959), “Вяртанне з зорак” (1961), “Салярыс” (1961), “Непераможны” (1964), “Голас Госпада” (1968), а таксама пра апублікаваныя ў розных зборніках апавяданні, якія ў выніку ўвайшлі ў кнігу “Апавяданні пра пілота Піркса” (1968). Пасля 1968 года Лем вярнуўся да гэтай літаратурнай формулы толькі аднойчы – у апошнім рамане пад назвай “Фіяска” (1987).
Крыху даўжэй публікаваліся творы з адценнямі гратэску. Яны аб’ядноўваліся ў цыклы: злучальным звяном былі галоўныя героі, такія як зорны падарожнік Іён Ціхі або канструктары Трурль і Клапауцый. Тэксты такога кшталту вылучаюцца, перш за ўсё, моўнай вынаходлівасцю. У іх з’яўляюцца феадальна-тэхнічныя неалагізмы, смешныя вершыкі, а таксама вельмі гратэскныя назвы тэхнікі будучага. Апошні раман пра Іёна Ціхага – “Мір на зямлі” – выйшаў у 1987 годзе.
З часам фокус творчасці Лема ўсё больш адыходзіў у бок эсэістыкі і філасофскіх разважанняў. Безумоўна, найбольш прыкметным з такіх твораў стала “Сума тэхналогій”, хоць варта згадаць і “Філасофію выпадку”, паколькі рэха выказаных там поглядаў гучыць у “антыдэтэктыўных” творах “Следства” і “Насмарк”.
На мяжы паміж гратэскам і эсэістыкай размяшчаюцца так званыя апокрыфы – рэцэнзіі на неіснуючыя кнігі. Тут варта згадаць, што прапорцыя аднаго і другога – прыкладна роўная ў “Абсалютнай пустаце” – з часам ссоўваецца ў бок сур’ёзнай інтанацыі. Апошняя ў гэтым цыкле рэцэнзія – на кнігу “Свет як Халакост” – была напісаная ўжо настолькі сур’ёзна, што вядомы выпадак, калі гэтае выданне палічылі за сапраўды існуючае.
У апошні перыяд жыцця Лем актыўна пісаў фельетоны. Яго тэксты з’яўляліся перш за ўсё ў часопісе “Tygodnik Powszechny”, а таксама ў часопісе “Odra” пад назвай “Сільвічныя разважанні”. Гэтыя фельетоны ў асноўным тычыліся сучаснасці і будучыні цывілізацыі ў шырокім сэнсе слова, пры гэтым іх форма была даволі традыцыйнай. Аднак ідэі Лема па-ранейшаму заставаліся такімі ж бліскучымі, як, напрыклад, думка пра тое, што перад з’яўленнем штучнага інтэлекту натуральным будзе ўзнікненне такой істоты як “штучны крэтын”.
Крыніца: www.culture.pl