26.09.2018 - 28.10.2018 Музыка

Выстава “Арганы – еўрапейская спадчына Беларусі”

26 верасня а 17-ай гадзіне ў Мастацкай галерэі Міхаіла Савіцкага адбудзецца адкрыццё вулічнай выставы фатаграфій “Арганы – еўрапейская спадчына Беларусі”.
 
Выставу падрыхтавалі: Выдавецтва Беларуская Энцыклапедыя імя Пятруся Броўкі, Беларускі Фонд Культуры, Польскі Інстытут у Мінску, ДУ “Музей гісторыі горада Мінска”.
 

Арганы Беларусі – велічныя сведкі нашай багатай шматвяковай гісторыі. Іx непаўторнае, глыбокае і адухоўленае гучанне спрадвеку мела магнетычнае і амаль магічнае ўздзеянне. Заўжды ўнікальныя тэхнічныя характарыстыкі і архітэктурна-дэкаратыўнае аблічча гэтых складаных, свайго роду “касмічных” інструментаў адлюстроўваюць стылявыя тэндэнцыі, што развіваліся ў Еўропе на працягу стагоддзяў. Дзякуючы гістарычнаму ўваходжанню нашай краіны ў агульнаеўрапейскую культурную прастору, яе арганнае будаўніцтва, выканальніцтва і творчасць спрадвеку разгортваліся сінхронна з аналагічнымі з’явамі вялікага музычнага “кантынента”, дзе арган быў непадзельна звязаны з літургіяй.

У сваю чаргу, гістарычная роля Беларусі ў адносінах да арганнай культуры ў цэлым сталася надзвычай істотнай і адметнай: паколькі яе землі ўтваралі апошні арэал распаўсюджання заходнееўрапейскай мастацкай мадэлі, наша краіна стала самым усходнім “фарпостам” бытавання аргана ў храмавым асяроддзі. Памежны статус айчыннай арганнай культуры абумовіў і яе поліканфесійны характар – інструменты выконвалі асноўную функцыю ў суправаджэнні літургіі не толькі ў каталіцкіх святынях, але і ў пратэстанцкіх храмах і ўніяцкіх цэрквах. “Плюралістычнае” гучанне арганаў Беларусі ў розных духоўных і музычна-стылістычных вымярэннях стала ўнікальнай з’явай у межах усяго еўрапейскага рэгіёна.

На працягу стагоддзяў Беларусь без перабольшання выступала сапраўднай краінай арганаў: велічныя “каралі інструментаў” узводзіліся ў гарадах, сустракаліся ледзь не ў кожнай вёсцы і мястэчку, прычым будаваліся яны не толькі ў шматлікіх храмах, але і ў замках і палацах. Усталяванне новых арганаў часта ініцыявалі заможныя магнаты-меламаны: князі Крыштаф Радзівіл “Пярун”, Альбрыxт і Геранім Фларыян Радзівілы, Тэрэза Агінская і Барбара Скарульская, Міхал Казімір Агінскі.

Арганная культура Беларусі мае за плячыма больш за шэсцьсот гадоў багатай і надзвычай прыгожай гісторыі. Яе краевугольны камень быў закладзены ў далёкім 1408 годзе, калі вялікі магістр Тэўтонскага ордэна Ульрых фон Юнгінген выслаў у дар Ганне Смаленскай, жонцы вялікага князя літоўскага Вітаўта, клавікорд і партатыў.

Станаўленне арганнай культуры краіны прыпадае на XVI ст. — “залаты век” яе гісторыі ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. У гэты час даўняя Беларусь далучаецца да культурных каштоўнасцяў Заходняй і Усходняй Еўропы, актывізуюцца яе замежныя сувязі, пранікаюць і засвойваюцца формы мастацкага жыцця вядучых цэнтраў эпохі Адраджэння, перад усім — Італіі і Германіі. У XVI ст. арганы існавалі ў Брэсце, Гродне, Мінску і Нясвіжы, нярэдка выступаючы атрыбутамі каралеўскага альбо княскага побыту.

Значная інтэнсіфікацыя айчыннага арганабудаўніцтва назіраецца ў XVII ст. Гэты працэс адпавядаў тэндэнцыям еўрапейскай музычнай культуры і стаў вынікам пашырэння Контррэфармацыі і мастацтва Барока. Развіццё арганнай культуры ў гэты час звязана з актывізацыяй гандлёвых сувязяў з Усходняй Прусіяй, у першую чаргу — Кёнігсбергам і Гданьскам (Данцыгам), адкуль запрашаліся майстры і экспартавалася большасць інструментаў.

У 1730–40-я гг. арганнае будаўніцтва Беларусі, а таксама сферы выканальніцтва і творчасці ўваходзяць у фазу свайго найвышэйшага росквіту, утвараючы “залаты век” арганнай культуры краіны. Знаходжанне інструментаў у прыналежных розным канфесіям храмах у гэты час становіцца абавязковай нормай. Арган трактуецца не толькі як неабходны ўдзельнік літургічнай дзеі, але і як адна з дамінантаў храмавага інтэр’ера, якая прыўносіла адчуванне ўрачыстасці і свята. У вялікіx храмах у Полацку, Будславе, Бялынічаx, Жыровічах і іншых гарадах і мястэчках усталёўваюцца двухмануальныя (болей за 20 рэгістраў), шчодра ўпрыгожаныя скульптурай і дэкаратыўнай разьбой інструменты, якія складалі гонар айчыннага арганабудаўніцтва. На гэты час прыпадае і фарміраванне ўласнай Віленскай барочнай арганабудаўнічай школы, краевугольны камень якой закладаюць крулявецкія майстры і іх паслядоўнікі: Герхард Арэндт, Павел Герард і Мікаэль Цэле, Матэвуш Дрыгальскі, Мікалай і Фрыдрых Самуэль Янтцэны. Разгортваецца дзейнасць і многіх майстроў мясцовага паходжання: Юзафа Альшынскага, Людвіка Юзафа Клімовіча, Яна Паўлоўскага, Якуба Багдановіча. Для ўзвядзення вялікіх, “амбіцыйных” інструментаў у даўнюю Беларусь нярэдка запрашаліся выдатныя арганныя майстры з Прусіі, Герцагства Курляндыі і Земгаліі, Кароны Польскай і іншых краін: так касцёлы Гродна і Слуцка славіліся арганамі Адама Готлаба Каспарыні – сілезска-італьянскага майстра з агульнаеўрапейскім рэнамэ.

Сапраўды ўнікальнай з’явай беларускай арганнай культуры стала існаванне інструментаў ва ўніяцкіх цэрквах і іх выкарыстанне ў грэка-каталіцкай літургіі ў перыяд з 1720 па 1836 гг. Легендарны ў свой час інструмент быў усталяваны ў базыльянскім манастыры ў Жыровічах, арганы ўпрыгожвалі xрамы ў Полацку, Браславе, Барунаx, Гродне, Ружанаx, Супраслі. Менавіта з уніяцкага асяроддзя паходзіць і слынны музычны помнік Беларусі – “Полацкі сшытак”.

Большая частка ХІХ ст. была пазначана забаронай на будаўніцтва новых каталіцкіх храмаў, што прывяло да крызісу арганабудаўніцтва і заняпаду ўжо існых інструментаў. Неабарачальныя наступствы мела і канфесійная трансфармацыя каталіцкіx і ўніяцкіx касцёлаў і манастыроў, шчыльная сетка якіх утварала сабой неабходны падмурак для функцыянавання арганнай культуры. Тым не менш XІX ст. выявіла многіх выдатных асоб арганнага мастацтва Беларусі, сярод якіх – нясвіжскі абат Антоні Арнульф Варанец, імправізатар Ян Рэнер, кампазітар Станіслаў Манюшка. У XIX ст. у Вільні, Бялынічах і Мінску дзейнічаюць установы, дзе арганісты набываюць сістэмную адукацыю.

1880-я гады азначаюцца пранікненнем у арганнае будаўніцтва Беларусі новых, рамантычных тэндэнцый: у гэты час арган выходзіць па-за межы рэлігійнага жыцця і пачынае трактавацца і як канцэртны інструмент. Адбываецца пераход ад невялікіх майстэрняў да арганных фабрык, якія ў сваёй вытворчасці інструментаў пачынаюць выкарыстоўваць стандартныя праспекты, кафедры і рэгістры. У Беларусі ў гэты час актыўна дзейнічаюць фірмы Эдварда Крукоўскага, Фларыяна Астраменцкага, Вацлава Бярнацкага, Пятра Вайцяховіча, Войцеха Гадкi і Адольфа Гомана: іx арганы ўпрыгожваюць нашыя святыні па сённяшні дзень.

Другая сусветная вайна і антырэлігійная кампанія прынеслі значныя страты арганнай культуры краіны: традыцыі наследавання арганабудаўнічага майстэрства, выканальніцтва і адукацыі былі перарваныя. Толькі апошняя трэць XX ст. адкрыла ў Беларусі эпоху свецкага канцэртнага арганнага музіцыравання.

Сёння ў xрамаx розныx xрысціянскіx канфесій, а таксама ў канцэртныx залаx Беларусі знаxодзіцца больш за 120 арганаў, значная частка якіx, пабудаваныx да 1939 г., уяўляе сабой гісторыка-мастацкую каштоўнасць. На жаль, шматлікія старадаўнія інструменты не дайшлі да нашага часу, многія ж захаваныя арганы XVIII-XIX ст. не функцыянуюць, патрабуючы неадкладнай кансервацыі і рэстаўрацыі. Наш час нацыянальнага адраджэння адкрывае шырокія перспектывы пошуку повязяў з багатай гісторыяй еўрапейскай арганнай культуры, а таксама плённага ўзаемадзеяння з яе сучаснасцю.

Святлена Немагай

from to
Scheduled Музыка