27.01.2019 Навіны

27 студзеня – Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста

27 студзеня, ў дзень гадавіны вызвалення нямецкага нацысцкага канцлагера Аўшвіц-Біркенаў (Асвенцыма), адзначаецца Міжнародны дзень памяці ахвяр Халакоста, абвешчаны Генеральнай асамблеяй ААН у 2005 годзе.
Былы канцлагер Аўшвіц-Біркенаў застаецца адным з найважнейшых сімвалаў памяці пра Халакост. Разам з тысячамі магіл, помнікаў і мемарыялаў па ўсім свеце ён нагадвае пра жудасныя злачынствы і аддае даніну памяці іх ахвярам.
Першы транспарт са зняволенымі прыбыў у Аўшвіц 14 чэрвеня 1940 года. У ім былі польскія палітычныя вязні, якіх вырашана было накіраваць у лагер у сувязі з масавымі арыштамі палякаў і ў выніку перапоўненасці турмаў на тэрыторыі акупаванай Германіяй Польшчы.
Праз два гады Аўшвіц стаў адным з асноўных месцаў „Endlösung der Judenfrage” – канчатковага рашэння габрэйскага пытання, плана нацыстаў па знішчэнні габрэяў, якія засялялі акупаваныя тэрыторыі. У Аўшвіц-Біркенаў было забіта 1-1,5 мільёна чалавек, 1 мільён з якіх складалі габрэі. Многія з іх былі грамадзянамі Польшчы. Тэрор ажыццяўляўся таксама на тэрыторыі сотняў канцлагераў ў Германіі, на землях яе дзяржаў-саюзнікаў і на акупаваных тэрыторыях, у гета і на вуліцах многіх гарадоў і вёсак Еўропы. Паводле ацэнак, падчас Другой Сусветнай вайны загінула каля 6 мільёнаў габрэяў. Канцлагер Аўшвіц-Біркенаў вызваліла Чырвоная Армія 27 студзеня 1945 года.
Смерць мільёнаў габрэяў назаўжды застанецца ганебнай плямай на сумленні чалавецтва. На фоне гэтай трагедыі мы ўспамінаем і гераічныя гісторыі людзей, якія ратавалі габрэяў ад пераследу – у тым ліку, і палякаў. Урад Польшчы ў выгнанні і тысячы жыхароў Польшчы дапамагалі габрэям на працягу ўсяго перыяду вайны. Нельга забываць, што за такую дапамогу пагражала смяротнае пакаранне. Сярод Праведнікаў народаў свету – тытул, які надаў Інстытут памяці пакутнікаў і герояў Яд Вашэм – больш за ўсё менавіта палякаў. Пры Прадстаўніцтве Ўрада РП у Польшчы дзейнічала арганізацыя дапамогі габрэям «Жэгота» – адзіная дзяржаўная арганізацыя на ўсёй тэрыторыі акупаванай Еўропы, створаная менавіта з гэтай мэтай.
Польскія дыпламаты таксама ўдзельнічалі ў выратаванні габрэяў: дзякуючы дзейнасці т. зв. “Групы Ладася» у 1942-1943 гг. атрымалася пазбегнуць смерці некалькім сотням габрэяў з Галандыі, Польшчы, Германіі, Аўстрыі, Францыі, Славакіі і іншых краін.

 
 

Scheduled Навіны

Слухай Пясецкага! 🗓

Раман “Каханак Вялікай Мядзведзіцы” пра небяспечнае і каларытнае жыццё ракаўскіх кантрабандыстаў славутага беларуска-польскага пісьменніка Сяргея Пясецкага цяпер у аўдыёфармаце.
01 12.2020 31 12.2020 Літаратура, Навіны, Падзея