1 верасня ў 4.45 нямецкія войскі пачалі рэалізацыю плана нападу на Польшчу пад кодавай назвай «Вайс-план» па 1600-кіламетровай лініі фронту. Асаблівым пунктам супраціўлення ў першы дзень вайны стаў ваенны склад на Вестэрплатэ, які польскі гарнізон абараняў на працягу тыдня. Нямецкае камандаванне прымяніла ў гэтай кампаніі раней невядомую тактыку маланкавай вайны вайны (т.зв. «бліцкрыг»). З прычыны значнай колькаснай і тэхналагічнай перавагі войск Трэцяга рэйха, польскія войскі былі вымушаныя адступіць углыб краіны ўжо ў першыя дні вайны. Аднак дзякуючы намаганням польскіх салдат, меркаваныя часовыя рамкі плана «Вайс» не былі цалкам рэалізаваныя.
Падраздзяленні Войска Польскага аказвалі жорсткае супраціўленне акупантам. Самым вялікім сутыкненнем кампаніі была бітва на рацэ Бзура, якая трывала аж да 22 верасня. І хаця завяршылася паразай, аднак змусіла Трэці рэйх змяніць свой план дзеянняў і адцягнула ў часе акупацыю Варшавы, якая адбылася 28 верасня 1939 г. Апошнія польскія падраздзяленні склалі зброю 6 кастрычніка 1939 г., аднак некаторыя падраздзяленні працягвалі аказваць супраціў і змагаліся з агрэсарам. Прыкладам можа служыць Асобны атрад Войска польскага пад камандаваннем маёра Генрыка Дабжаньскага «Хубаля», які дзейнічаў да сярэдзіны 1940 г.
17 верасня 1939 г. на Польшчу напаў другі сусед — Савецкі Саюз. У час нападу савецкіх войск польскія ўлады былі на тэрыторыі краіны, а вайсковыя часткі працягвалі барацьбу з Трэцім рэйхам. Неабходнасць аказання ўзброенага супраціву на ўсходняй мяжы дадаткова аслабіла Войска Польскае і прадвызначыла паражэнне ў абарончай вайне 1939 г.
Нападзенне Германіі на Польшчу прадугледжвала не толькі тэрытарыяльнае заваяванне, але і знішчэнне інтэлігенцыі і паступовае вынішчэнне польскага народа. У выніку бамбардзіровак Трэцяга рэйха ўжо ў першыя гадзіны вайны загінула шмат мірных жыхароў. Немцы рашуча рэалізавалі план знішчэння польскай інтэлігенцыі ў межах т.зв. аперацыі «Інтэлігенцыя», а таксама ў рамках «АБ-акцыі» (Ausserordentlich Befriedungsaktion). На польскіх землях акупанты масава вынішчалі мясцовае насельніцтва да канца Другой сусветнай вайны ў 1945 годзе. Германія таксама рэалізавала праграму масавага знішчэння габрэйскага народа. За дапамогу габрэям на тэрыторыі акупаванай Польшчы пагражала смяротнае пакаранне.
На тэрыторыі Савецкага Саюза палякі масава траплялі ў турмы і былі дэпартаваныя. У лагерах іх прымушалі да рабскай працы пры галодных рацыёнах харчавання, трагічных умовах жыцця і гігіены, а таксама пастаяннай небяспецы з боку вязняў-крыміналістаў.
Прайграная абарончая вайна Польшчы ў 1939 г. не стала канцом супраціву ў краіне і за мяжой. У краіне былі створаны структуры найвялікшай у акупаванай Еўропе падпольнай дзяржавы з уласным войскам, парламентам, судовай сістэмай і таемнай адукацыяй. Войска Польскае адрадзілася таксама ў Францыі і Вялікабрытаніі, прымаючы ўдзел у баях на ўсіх еўрапейскіх і афрыканскіх франтах.
Пасля нападу Германіі на СССР 22 чэрвеня 1941 г. і падпісанні пагаднення «Майскі-Сікорскі», былі створаны польскія ўзброеныя сілы ў СССР. Палякі ўнеслі значны ўклад у перамогу саюзнікаў і заканчэнне Другой сусветнай вайны. На жаль, 1945 год не прынёс Польшчы свабоды. Па выніках канферэнцыі ў Ялце, Еўропа была падзелена. Ужытая Чэрчылем у Фултоне фармулёўка «жалезная заслона» прадвызначала пасляваенны раскол Еўропы і заняволенне Польшчы і іншых краін, якія апынуліся ў савецкай зоне ўплыву. Польшча зноў здабыла поўны суверэнітэт толькі пасля 1989 года.