25.09.2019 Рэпартажы з мерапрыемстваў

Абвешчаныя лаўрэаты Прэміі Гедройца

25 верасня ў Палацы мастацтваў у Мінску адбылася ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў Прэміі Гедройца.

І месца “за канцэптуальнае ўвасабленне светаадчування сучаснага грамадства і эфектыўнае выкарыстанне авангардысцкіх тэхнік пісьма” заняў раман Іллі Сіна “Libido” (Мінск, Кнігазбор).
 


ІІ месца “за адметную інтэрпрэтацыю нацыянальнай міфапаэтычнай традыцыі” атрымаў Міхал Андрасюк з кнігай “Поўня” (Беласток, Праграмная рада тыднёвіка “Ніва”).

ІІІ месца — “Садомская яблыня” Алены Брава (Мінск, Галіяфы) “за глыбіню сацыяльнай дыягностыкі сродкамі мастацкай літаратуры”.

 
 
 
 
Пад час цырымоніі ўпершыню была ўручаная ўзнагарода ў намінацыі «Выбар Алексіевіч». Яе лаўрэатам стаў Сяргей Календа з кнігай “Часам панкі паміраюць”. Нобелеўская лаўрэатка зрабіла свой выбар з шасці кніг, які ўвайшлі ў шорт-ліст Прэміі Гедройца.
 
За шматгадовае плённае супрацоўніцтва і падтрымку Польскі Інстытут у Мінску атрымаў спецыяльную падзяку ад арганізатараў.

У кароткі спіс Прэміі Гедройца сёлета ўвайшлі:
«Поўня» Міхала Андрасюка;
«Садомская яблыня» Алены Брава;
«Часам панкі паміраюць» Сяргея Календы;
«Libido» Іллі Сіна;
«Вяртанне Ліліт» Юліі Шаровай;
«Падарожжа ў БНР» Сяргея Шупы.

Прэмія імя Ежы Гедройца заснаваная Беларускім ПЭН-Цэнтрам, Саюзам беларускіх пісьменнікаў і Польскім Інстытутам у Мiнску і ўручаецца за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакументальнай прозы. Узнагарода мае статус галоўнай незалежнай літаратурнай прэміі Беларусі. Папярэднія пераможцы: Павал Касцюкевіч, “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў, “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў, “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько, “Час збіраць косці” (2015), Макс Шчур, “Завяршыць гештальт” (2016), Зміцер Бартосік, “Быў у пана верабейка гаварушчы” (2017), Уладзімір Арлоў, “Танцы над горадам” (2018).
Scheduled Рэпартажы з мерапрыемстваў