5 лістапада прэзентацыяй кнігі “Лёс інсургента: Дакументальная аповесць аб Аляксандру Рыпінскім і ягоным часе” распачаўся чарговы, ужо восьмы па ліку, «Месяц польскай літаратуры». Кніга пры падтрымцы Польскага Інстытута выйшла ў серыі “Наша ХІХ стагоддзе” выдавецтва “Лімарыус”.
Кніга апісвае жыццёвы шлях Аляксандра Рыпінскага, пачынаючы ад вучобы ў Віцебскай базыльянскай гімназіі, праз перыяд эміграцыі, аж да вяртання на радзіму. Публікацыя ўтрымлівае таксама інфармацыю пра творчую спадчыну пісьменніка і апісанне апошніх гадоў жыцця, упершыню падаюцца дата смерці і месца пахавання.
Пра значэнне выдадзенай біяграфіі аднаго з выбітных дзеячаў польска-беларускага культурнага памежжа выказалі сваё меркаванне таксама іншыя ўдзельнікі прэзентацыі: Ірына Багдановіч, кандыдат філалагічных навук, старшыня Мінскай гарадской арганізацыі Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў; Дзмітрый Матвейчык, кандыдат гістарычных навук, загадчык аддзела Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі; Сямён Букчын, кандыдат філалагічных навук, пісьменнік. Вёў сустрэчу Аляксандр Фядута, доктар габілітаваны гуманітарных навук, каардынатар выдавецкай серыі “Наша XIX стагоддзе”.