19 лістапада ў Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбыўся “ЮБІЛЕЙНЫ КАНЦЭРТ”, прысвечаны 80-годдзю Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, 60-годдзю кампазітара і даследчыка Яўгена Паплаўскага і 25-годдзю Польскага інстытута ў Мінску.
У праграме канцэрта прагучалі творы кампазітара і мастака Напалеона Орды (у выкананні Народнага артыста Беларусі Ігара Алоўнікава) і Яўгена Паплаўскага.
У якасці ганаровага госця і дырыжора выступіў рэктар Кракаўскай акадэміі музыкі, прафесар Станіслаў Краўчыньскі (Польшча). Салісты канцэрта — Аляксандра Іванова (альт), Алена Луферчык (альт), Элеанора Тумас (фартэпіяна). Сярод калектываў — Заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь Дзяржаўная акадэмічная Харавая капэла Рэспублікі Беларусь імя Р.Шырмы (галоўны дырыжор — Вольга Янум, хормайстар — Дзмітрый Хлявіч), Канцэртны хор Мінскага дзяржаўнага музычнага каледжа імя М.Глінкі (мастацкі кіраўнік і дырыжор — Аляксей Снітко), Камерны аркестр Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі (мастацкі кіраўнік — Пётр Вандзілоўскі).