2020 – год выбітнага пісьменніка, журналіста і публіцыста.
100 гадоў таму, 16 траўня 1920 года, нарадзіўся Леапольд Тырманд. Энцыклапедыі паведамляюць, што ён быў пісьменнікам, журналістам і публіцыстам, чытачы яго твораў дадаюць, што ён быў выбітным пісьменнікам, журналістам і публіцыстам, а ў вачах людзей, якія мелі магчымасць асабіста з ім пазнаёміцца, ён таксама быў арбітрам элегантнасці, знаўцам, аматарам і папулярызатарам джаза – музычнага жанру забароненага ў сталінскія часы, на якія прыйшлася яго маладосць.
Самым вядомым творчым дасягненнем Леапольда Тырманда з’яўляецца проза: раманы “Злы”, “Свецкае і асабітае жыццё”, або напісаны падчас вымушанага перапынку ў працы “Дзённік 1954” – гэта не толькі літаратура вышэйшай пробы, але і публіцыстычнае апісанне грамадскіх адносін, якія панавалі ў ПНР у гады, калі сталінізм паступова змяняўся адлігай.
Тырманд быў не толькі пісьменнікам, ён быў таксама, а можа і перш за ўсё, публіцыстам. Назіральнікам і летапісцам пасляваеннай рэчаіснасці. Багаты журналісцкі досвед (праца ў “Przekrój”, “Express Wieczorny”, ” Tygodnik Powszechny”) даў яму неабходнае майстэрства, якое дазваляе дакладна перадаць сярмяжную будзённасць ПНР. У выніку Тырманд трапіў у няласку камуністычных уладаў. З’явілася цэнзура, забароны на публікацыю, чарговыя звальненні з працы. Гэта прымусіла пісьменніка прыняць рашэнне аб эміграцыі.
У гады ўстанаўлення ў Польшчы камуністычнай сістэмы Леапольд Тырманд імкнуўся надаць колер шэраму жыццю. Элегантная вопратка, якая выбівалася з усеагульнай абыякавасці, прасоўванне джазавай музыкі, якая на зыходзе сталінізму была не толькі забавай, але і сімвалам свабоды, зрабілі пісьменніка арбітрам варшаўскай элегантнасці.
Пакінуўшы Польшчу, Тырманд канчаткова вырашыў застацца ў Злучаных Штатах. Ён наладзіў супрацоўніцтва з прэстыжным часопісам “The New Yorker”, быў сааўтарам часопіса “Chronicles of Culture”, выдаваў таксама перыядычны часопіс “The Rockford papers”. Амерыканскі перыяд творчасці Тырманда – гэта перш за ўсё публіцыстыка, напісаная з антыкамуністычнай і кансерватыўнай пазіцыі. Аўтар выступаў супраць уплыву контркультуры і рэвалюцыі нораваў канца 60-х гг., нязменна заставаўся крытыкам камунізму, уплыў якога ў часы халоднай вайны выходзіў за межы савецкай імперыі, часта заражаючы грамадствы Захаду. Як і ў ПНР, таксама жывучы і працуючы ў ЗША, ён захаваў сваю незалежнасць думак і меркаванняў, змог супрацьстаяць дамінуючым у істэблішменце тэндэнцыям.
Год сотай гадавіны з дня нараджэння пісьменніка і 35-й гадавіны яго смерці рашэннем Сейма быў абвешчаны Годам Леапольда Тырманда. У пастанове дэпутаты спасылаліся на яго літаратурную спадчыну, публіцыстычныя дасягненні і заслугі ў прасоўванні джазавай музыкі. Але перш за ўсё яны падкрэслілі той факт, што ў самыя цяжкія часы Тырманд “захаваў патрабуючую адвагі інтэлектуальную незалежнасць”.
Па матэрыяле https://www.sejm.gov.pl