Магчыма, вы памятаеце цудоўную акцыю жыхароў варшаўскай Волі «Кніга без межаў. Сусед для суседа», у рамках якой Польскі Інстытут у Мінску дапамог перадаць кнігі для Маладзечанскай цэнтральнай раённай бібліятэкі імя Максіма Багдановіча?
Удзельнікі акцыі не спыняюць сваю актыўнасць. Кніжныя перадачы ўжо трапілі ў Кіеў і адразу пасля адкрыцця межаў паедуць у літоўскі Шальчынінкай.
Была створаная facebook-старонка “Кніга БЕЗ межаў”, на якой натхняльніца і арганізатарка збору спадарыня Альжбета Шыманьска рэгулярна інфармуе жыхароў пра тое, што адбываецца з кнігамі і куды яны ідуць. А яшчэ штотыдзень на старонцы праходзіць конкурс, у якім кожны можа выйграць кнігу, проста напісаўшы кароткі каментар (прыз будзе дасланы поштай). Сардэчна запрашаем прымаць удзел у забаве, бо гэта цудоўны рух ад сэрца да сэрца .