Шаноўнае Спадарства,
Прэзідэнт Рэспублікі Польшча Анджэй Дуда кіруе да Вас сваё пасланне, у якім заахвочвае да сумеснай рэалізацыі дзявятага Нацыянальнага чытання і прачытання “Баладыны” Юльюша Славацкага. Гэта будзе цудоўная нагода, каб традыцыйна сустрэцца з выдатнай польскай літаратурай.
Варшава, 1 чэрвеня 2020 г.
Шаноўнае Спадарства!
Я сардэчна запрашаю Вас на Нацыянальнае чытанне “Баладыны” Юльюша Славацкага ў суботу 5 верасня. Я веру, што ў гэты асаблівы для нас усіх час, калі мы разам змагаемся з эпідэміяй, сумеснае чытанне польскай літаратуры яшчэ мацней злучыць нас, даючы асалоду і зноў аб’ядноўваючы ў перакананні аб значнасці твораў нашых найвялікшых пісьменнікаў. Мне вельмі важна, каб сёлетняе Нацыянальнае чытанне прайшло ў максімальна бяспечнай форме і з захаваннем усіх мер засцярогі. Я заклікаю Вас арганізаваць чытанне “Баладыны” згодна з Вашымі ідэямі і вынаходлівасцю, з выкарыстаннем традыцыйных і асабліва сучасных сродкаў камунікацыі. Я перакананы, што гэты выключны твор, інсцэнізацыі якога трывала ўпісаліся ў гісторыю польскага тэатра, мы таксама прачытаем рознымі арыгінальнымі спосабамі, гэта неад’емная рыса Нацыянальнага чытання, дзякуючы якой да акцыі далучаюцца палякі рознага ўзросту ў шматлікіх месцах Польшчы і па ўсім свеце.
Я веру, што – на ўзор папярэдніх гадоў – і на гэты раз падчас Нацыянальнага чытання кожны з Вас адкрые сваю “Баладыну”, аддаючыся разважанням пра ўніверсальнае пасланне гэтага твора, які агаляе чалавечыя слабасці і заганы, і ў той жа час, выступае на баку згоды, паразумення і паказвае перамогу дабра над злом. Я шчыра спадзяюся, што сумеснае Нацыянальнае чытанне чарговы раз прынясе нам шмат радасці ў зносінах з выбітнай польскай літаратурай. Запрашаю на Нацыянальнае чытанне 2020!
Анджэй Дуда,
Прэзідэнт Рэспублікі Польшча
Szczegółowe informacje na temat projektu Narodowe Czytanie znaleźć można na stronie: www.prezydent.pl.