20.08.2020 ВІРТУАЛЬНАЯ ГАЛЕРЭЯ МАСТАЦТВА

Віртуальная выстава “Караль Хілер – новае бачанне і містэрыя матэрыі”.

Выстава падрыхтавана ў супрацоўніцтве з Музеем мастацтва ў Лодзі

Шаноўнае спадарства!

Сардэчна запрашаем да заёмства з віртуальнай выставай КАРАЛЬ ХІЛЕР – новае бачанне і містэрыя матэрыі”, арганізаванай Польскім Інстытутам у Мінску ў супрацоўніцтве з Музеем мастацтва ў Лодзі. Экспазіцыя прадстаўляе творчасць польскага мастака Караля Хілера (1891-1939) – аднаго з самых цікавых прадстаўнікоў мастацкага авангарду міжваеннага дваццацігоддзя ў Польшчы. Жывапісец, графік, дызайнер і вынаходнік арыгінальнай графічнай тэхнікі – геліяграфікі, ён спалучаў у сваёй творчасці натхненне жывапісам праваслаўных ікон і сучасных мастацкіх кірункаў: кубізму, канструктывізму і нават сюррэалізму.

Гэта першая мастацкая выстава ў Віртуальнай галерэі мастацтва” на сайце Польскага Інстытута ў Мінску. У рамках праекта мы будзем знаёміць Вас з выдатнымі творцамі польскага сучаснага жывапісу, графікі і фатаграфіі.

Запрашаем на выставу!

ESEJ “KAROL HILLER – NOWE WIDZENIE I MISTERIA MATERII”

Караль Хілер, Масква, 1916 г. Архіў Музея мастацтваў, Лодзь

Караль Хілер, Масква, 1916 г. Архіў Музея мастацтваў, Лодзь

 

Караль Хілер (1891-1939) – адна з найбольш цікавых фігур у мастацкім авангардзе міжваеннага дваццацігоддзя ў Польшчы. Жывапісец, графік, дызайнер і вынаходнік арыгінальнай графічнай тэхнікі – геліяграфіі, ён спалучаў у сваёй творчасці натхненне жывапісам праваслаўных ікон і сучасных мастацкіх кірункаў: кубізму, канструктывізму і нават сюррэалізму.

На творчасць Караля Хілера паўплывала яго вучоба у Акадэміі мастацтваў у Кіеве ў майстэрні Мыхайла Бойчука, якую ён скончыў пасля Першай сусветнай вайны. Уплыў візантыйска-рускай традыцыі жывапісу выявіўся ў яго праз стварэнне твораў, якія асацыююцца з рэлігійным жывапісам на дошках, часта амаль манахромным, з выкарыстаннем спрошчаных, іератычных, манументалізаваных, а часам нават дэкаратыўных формаў. Акрамя нагадвання пра фармальны характар, важным было таксама насычэнне абразаў сімволікай і духоўным зместам. Спачатку менавіта з рэлігійнай тэматкай (першая палова 1920-х гадоў), пазней паказваючы прыродныя з’явы як метафізічныя сілы прыроды, амаль што наступствы касмічных законаў (1930-я гады).

У 1920-я гады важнай дзейнасцю Караля Хілера з’яўлялася супрацоўніцтва з Лодзкай працаўнічай сцэнай і Вітольдам Вандурскім, для якога ён ілюстраваў кнігу паэзіі на лодзкую тэматыку “Сажа і золата”. Падрыхтаваныя літаграфіі паказвалі бляск і цені жыцця ў фабрычных метраполіях, як паўсядзённую працу, так і беднасць вуліцы. Тэма вярталася і ў пазнейшых графіках і карцінах мастака, як у працы “Рабочыя” (прыблізна 1938-1939 гг.), паказваючы паўабстрактныя фігуры працоўных людзей.

Найбольш важныя працы Караля Хілера гэта: «Дошка 0» і «Дошка са спіраллю» з 1928 года. Абедзве кампазіцыі Хілер падараваў Лодзінскаму мастацкаму музею (тады Музей гісторыі і мастацтва імя Я. і К. Барташэвічаў у Лодзі) на пачатку 1930-х гадоў. Менавіта тады важнае месца ў яго творчасці заняло абстрактнае мастацтва канструктывісцкага паходжання, але з ваганнямі на мяжы метафары. Істотную ролю адыграла таксама засяроджанне на матэрыяльнай плоскасці справы. «Дошка 0» і «Дошка са спіраллю» – гэта духоўны вобраз індустрыяльнага горада Лодзі, які Хілер акрэсліваў як “натуральна” кубістычны горад. Гэты характар ​​падкрэсліваўся выкарыстаннем геаметрычных фігур і квазі-машынных формаў. У той жа час выцягнутая форма і літаральнае выкарыстанне драўлянай панэлі ў якасці падкладкі і нават выкарыстанне пялёсткаў золата паказваюць амаль рэлігійны характар ​​выявы. Абодва вобразы можна інтэрпрэтаваць як “іконы” сучаснасці, даніну новай “рэлігіі” – дынамізму сучаснага горада.

Найбольш важныя праграмныя працы Караля Хілера напісаны ў 1930-я гады. Першы з іх – “Новае бачанне” (1934) – крэда мастака, у якім ён шукаў патрэбны выраз для сучаснага мастацтва. Гэтая канцэпцыя была цікавым адказам на пошук рацыянальных тэндэнцый у авангардзе 1920-х гадоў, таму што мастак дапускаў суб’ектыўныя, эмацыйныя, інтуітыўныя, амаль духоўныя каштоўнасці ў мастацтве. Другая праца – «Геліяграфія як новы від графічнай тэхнікі (1934). Менавіта  працы з выкарыстаннем гэтай тэхнікі назаўсёды ўпісалі Хілера да канонаў гісторыі мастацтва. Кампазіцыя выконвалася шляхам нанясення тэмперы на цэлюлоідную матрыцу, якая потым выкарыстоўвалася як негатыў і праяўлялася стыкавым метадам на фотапаперы. Гэты метад даваў творцу значна больш магчымасцей мастацкага выразу, чым праца з самім фотаапаратам. Зараз існуе сорак дзевяць розных геліяграфічных кампазіцый, якія Хілер ствараў да сваёй смерці. У іх тэматыцы пераважаў вышэйзгаданы мастацкі эксперымент, які ў выніку набліжаў атрыманыя творы да вобразу метафары прыродных з’яў – паказваў канкрэтныя “містэрыі матэрыі”. З’яўляліся ў іх таксама геаметрычныя і тэхнічныя элементы, матывы музычных інструментаў, а таксама кампазіцыі, якія прадстаўлялі сюррэалістычныя бачанні катастрофы, краху сучаснага свету і гібелі чалавека. Падобныя тэмы можна знайсці і ў жывапісе, які ствараўля паралельна.

Творчасць Караля Хілера была перапынена Другой сусветнай вайной. Ён трагічна загінуў як ахвяра нямецкай Intelligentz-aktzion (Аперацыі “Інтэлігенцыя”), расстраляны каля Лодзі, у лясах Луцьмірца 20 снежня 1939 года. Праз некалькі гадоў, у 1945 годзе, яго жонка перадала амаль усю творчую спадчыну мастака Музею мастацтва. На дадзены момант у Лодзінскім музеі знаходзіцца самая вялікая калекцыя прац мастака.

Апублікаваны падбор твораў – рэпрэзентатыўны агляд найбольш важных тэм і матываў, рэалізаваных на працягу дваццаці гадоў яго дзейнасці.

                                                                                                                                                     Паўліна Курц-Май

Калекцыя мастацтва XX-XXI стагоддзя ў Музеі мастацтва ў Лодзі з’яўляецца самай старой і адной з найважнейшых калекцый сучаснага мастацтва не толькі ў Польшчы, але і ў Еўропе. Яе ўнікальнасць абумоўлена гістарычнай сувяззю Лодзі з авангардам, а таксама міжнародным характарам збораў.
Музей цікавіцца эксперыментальным і прагрэсіўным мастацтвам, якое фарміруе традыцыі сучаснасці і з’яўляецца важнай праявай сучаснай культуры. Адкрыццё музея адбылося ў 1930 г., яго профіль быў вызначаны яго зборамі, а таксама падарункам Міжнароднай калекцыі сучаснага
мастацтва групы “a.r.”, які ўпершыню быў паказаны публіцы ў 1931 г. Гэтая калекцыя з’яўляецца феноменам сусветнага маштабу, паколькі яна была ініцыявана самімі мастакамі. Яна складаецца выключна з падарункаў і была сфарміравана сумеснымі намаганнямі вядучых прадстаўнікоў міжнароднага авангарду.

У цяперашні час у Музеі мастацтва размяшчаюцца зборы найбольш рэпрэзентатыўных твораў вядомых мастакоў, якія фарміравалі гісторыю польскага мастацтва за апошнія сто гадоў, а таксама багатая калекцыя работ мастакоў з усяго свету, як звязаных
з міжваенным авангардам, так і тых, хто быў актыўны ў пасляваенны перыяд. У калекцыі прадстаўлены ўсе віды мастацкай дзейнасці, характэрныя для 20 і 21 стагоддзяў. Музей таксама з’яўляецца піянерам у пашырэнні межаў традыцыйных музейных збораў.

Muzeum Sztuki w Łodzi: https://msl.org.pl/ 
Zasoby Muzeum Sztuki w Łodzi: https://zasoby.msl.org.pl/ 

Scheduled ВІРТУАЛЬНАЯ ГАЛЕРЭЯ МАСТАЦТВА