5.09.2020 Літаратура, Навіны, Падзея

Баладына. Юльюш Славацкі

5 верасня ў Польшчы і па ўсім свеце пройдзе акцыя «Нацыянальнае чытанне» («Narodowe Czytanie»). Чарговы раз да акцыі далучаецца і Польскі Інстытут у Мінску.

Сёлета ў рамках “Нацыянальнага чытання” прагучыць перліна польскага рамантызму – драма Юльюша Славацкага “Баладына”.

“Баладына” была завершана ў снежні 1834 года, а выдадзена праз пяць гадоў у Парыжы. Драма паўстала ў эміграцыі падчас дыскусій пра прычыны нядаўняга разгрому лістападаўскага паўстання і дэбатаў аб агульнай гісторыі і будучым лёсе народа. Паэт злучыў у творы рэалізм і фантастыку, засяродзіўшыся на аналізе характараў і ўчынкаў герояў. Расказаная на фоне казачных падзей гісторыя пра дзвюх сясцёр – Баладыну і Аліну – стала вельмі папулярнай. Яна аказала вялікі ўплыў на нацыянальную культуру, а відовішчныя тэатральныя пастаноўкі натхнялі і захаплялі цэлыя пакаленні.

Сёстры Баладына і Аліна жывуць з маці ў беднай хаце ў лесе. Гаплана, каралева возера Гопла, закаханая ў Грабца – каханка Баладыны. З-за сваёй рэўнасці яна ўмешваецца ў чалавечыя справы і блытае лёсы герояў.

Аднойчы служка Гапланы Скерка прыводзіць у лясную хату багатага каралевіча Кіркора. Гаплана спадзяецца, што Кіркор закахаецца ў Баладыну – і тады Грабец застанецца ёй. Аднак воляю Скеркі каралевіч закахаўся ў абедзвюх сясцёр адразу. Каб вырашыць, чыім мужам стане Кіркор, дзяўчаты спаборнічаюць у зборы малін. Кіркор стане мужам той, якая першая назбірае поўны збан. Калі выяўляецца, што выйграла Аліна, Баладына забівае сястру. Адзіным сведкам злачынства з’яўляецца Грабец…

 Прага ўлады, павольнае ператварэнне ў сапраўднага злачынцу і зацятая барацьба дабра з ліхам з’яўляюцца асноўнымі матывамі трагедыі.

Мы чытаем “Баладыну” на мове арыгіналу і ў беларускім перакладзе Лявона Баршчэўскага.

На жаль, эпідэміялагічная сітуацыя ўнесла свае карэктывы ў наша свята польскай літаратуры. Нам давялося змяніць фармат мерапрыемства і значна абмежаваць колькасць удзельнікаў. Сардэчна запрашаем да прагляду адмыслова створанага паводле драмы Юльюша Славацкага “Баладына” фільма, у якім тэатралізаваныя фрагменты перамяжоўваюцца з чытаннем. 

Аўтарка – Вольга Савіч

Прэм’ера фільма анлайн адбудзецца 5 верасня а 15:15 гадзіне на канале YouTube і старонцы ў Facebook.

Над нашым фільмам працавалі:

Рэжысёр: Андрэй Саўчанка

Кампазітар: Канстанцін Яськоў

Тутэйшы тэатр, акцёры: Іван Патапаў, Кацярына Сірыўля, Мікола Варабей, Паліна Дабравольская, Аляксей Любчанка, Яраслава Федчанка, Павел Міхаленя

Вакал: Кацярына Жынгяроўская

Касцюмы: Алеся Яфімік

Грым: Марына Марцінчык

Афіша: Вольга Савіч

Святло: Сяргей Голік

Аператар: Мікалай Мамінаў

Мантаж: Раман Раманаў

У чытанні ўзялі ўдзел супрацоўнікі Пасольства Рэспублікі Польшча ў Мінску і Польскага Інстытута, прадстаўнікі беларускага культурнага і навуковага асяроддзя, а таксама выкладчыкі польскай мовы і вучні.

УВАГА!
Мы ведаем таксама, што кожны год многія нашы сябры, партнёры і прыхільнікі з радасцю прымаюць удзел у “Нацыянальным чытанні”, таму запрашаем усіх ахвочых запісаць свае версіі ўлюбёных фрагментаў з “Баладыны” Юльюша Славацкага і выкласці іх 5 верасня ў сацыяльныя сеткі з хаштэгам #BalladynaBY.

Праект ажыццяўляецца пад дэвізам “Літаратура без межаў” у рамках грамадскай акцыі «Нацыянальнае чытанне» («Narodowe Czytanie»), якая ладзіцца з 2012 года і папулярызуе чытанне выдатных твораў польскай літаратуры.

Moved Online Літаратура Навіны Падзея