З нагоды 75-годдзя стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Міністэрства замежных спраў Польшчы арганізавала серыю сустрэч экспертаў і інфармацыйна-рэкламную кампанію пад лозунгам “Тыдзень ААН”.
– ААН была створана для таго, каб пасля трагічнага вопыту Другой сусветнай вайны пазбегнуць чарговага глабальнага канфлікту. Нягледзячы на тое, што эфектыўнасць ААН нярэдка падвяргаецца крытыцы, варта прызнаць, што ў гэтым вымярэнні арганізацыя цалкам выканала сваю ролю, – ацаніў міністр замежных спраў РП Збігнеў Рау ў сваім выступленні, падводзячы вынікі тыдня віртуальных дэбатаў па найважнейшых аспектах дзейнасці ААН.
У суботу, 24 кастрычніка, выпадае 75-я гадавіна стварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. З гэтай нагоды Міністэрства замежных спраў у супрацоўніцтве з Асацыяцыяй ААН у Польшчы (United Nations Association Poland – UNAP) арганізавала «Тыдзень ААН» – серыю віртуальных дыскусій, у рамках якіх дыпламаты, акадэмікі і практыкуючыя эксперты гаварылі пра прыярытэтныя сферы дзейнасці арганізацыі, а таксама Польшчы на яе форуме.
Сённяшняю дыскусійную панэль «Якая Польшча ў якой ААН?» адкрыў міністр замежных спраў Збігнеў Рау. Кіраўнік польскай дыпламатыі падвёў вынікі падзей «Тыдня ААН», тэматыка якіх была сканцэнтравана на асноўных напрамках дзейнасці арганізацыі – правы чалавека, мір і бяспека, а таксама развіццё. Міністр таксама звярнуў увагу на асаблівую ролю моладзі і яе актыўны ўдзел у дзейнасці арганізацыі.
У сваім выступе кіраўнік польскай дыпламатыі, спасылаючыся на гістарычны момант – 75-ы юбілей – падкрэсліў:
– Цяжка ацаніць і вымераць дзейнасць ААН. Аднак, на мой погляд, станоўчая роля арганізацыі Аб’яднаных Нацый бясспрэчная, і для гэтай арганізацыі няма рэальнай альтэрнатывы.
Адзначаючы актыўны ўдзел Польшчы, міністр Рау нагадаў пра нядаўна завершанае членства ў Савеце бяспекі і вяртанні польскіх салдат на службу ў рамках міратворчых місій ААН у 2019 годзе. Ён таксама звярнуў увагу на дзейнасць Польшчы па абароне правоў чалавека, з асаблівай увагай да абароны правоў найбольш неабароненых катэгорый – дзяцей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі, а таксама абароне свабоды рэлігіі і перакананняў, якія з’яўляюцца прыярытэтамі членства Польшчы ў Савеце па правах чалавека ААН.
У ходзе мерапрыемства адным з удзельнікаў дыскусіі быў намеснік міністра замежных спраў Пётр Ваўжык, які закрануў ключавыя з пункту гледжання Польшчы задачы ААН, прыярытэтныя напрамкі дзейнасці і пытанні рэформы арганізацыі.
Запіс абмеркаванняў і выступленняў, якія адбыліся ў рамках «Тыдня ААН», даступны тут.