“Як галоўнакамандуючы польскай арміі я хачу абвясціць урадам і народам ваюючым і нейтральным існаванне незалежнай Польскай дзяржавы, якая ахоплівае ўсе землі аб’яднанай Польшчы”, – гэтымі словамі да кіраўнікоў дзяржаў звярнуўся Юзаф Пілсудскі, апавяшчаючы Польскую Рэспубліку.
16 лістапада мы будзем адзначаць Дзень замежнай службы. Гэта свята польскіх дыпламатаў і супрацоўнікаў Міністэрства замежных спраў. Яно прыпадае на гадавіну адпраўленай Юзафам Пілсудскім 16 лістапада 1918 года да кіраўнікоў краін свету дэпешы, якая інфармавала пра стварэнне незалежнай Польскай дзяржавы.
2020 год быў асаблівым для польскай замежнай службы. Ён быў багаты на гадавіны, важныя не толькі для Польшчы, але і для ўсёй Еўропы. Перш за ўсё варта ўзгадаць 100-годдзе з дня нараджэння св. Яна Паўла ІІ, 100-годдзе Варшаўскай бітвы і 40-ю гадавіну ўтварэння незалежнага самакіроўнага прафесійнага саюза “Салідарнасць”. Злучным звяном гэтых падзей і лейтматывам прамацыйных акцый па ўсім свеце было падкрэсліванне вялікага значэння такіх каштоўнасцяў як свабода і салідарнасць.
Сёлета таксама адзначалася 75-я гадавіна заканчэння Другой сусветнай вайны і 75-я гадавіна ўтварэння Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Важнай тэмай для дыпламатыі з’яўляецца таксама старшынства Польшчы ў Вышаградскай групе (ліпень 2020 – чэрвень 2021), на якое выпадае 30-я гадавіна стварэння гэтага фармату рэгіянальнага супрацоўніцтва.
Пасля ўспышкі пандэміі польская дыпламатыя дапамагла палякам з самых аддаленых месцаў вярнуцца дамоў – з Перу, Чада, Гаа і Японіі. Былі здзейснены рэйсы з 71 месца на свеце. У рамках акцыі #LOTdoDomu нашай дапамогай скарысталіся таксама больш за 2 тысячы грамадзян іншых краін. Цягам 22 дзён Польскія авіялініі “LOT” рэалізавалі 388 спецыяльных чартарных рэйсаў, дзякуючы якім больш за 55 тысяч чалавек бяспечна вярнуліся ў Польшчу.
Дапамога, якую ў час пандэміі аказвае Польшча, мае значна шырэйшы дыяпазон. Былі арганізаваны выезды каманд польскіх лекараў, медсясцёр і фельчараў Польскага цэнтра міжнароднай дапамогі ў Італію, ЗША, Кыргызстан і Таджыкістан. У Беларусь, Украіну і Малдову мы адправілі аўтатранспарт з медыцынскім абсталяваннем. Польская дапамога з’яўляецца важнай часткай нашай знешняй палітыкі, якая праводзіцца падчас эпідэміі COVID-19. Яна таксама з’яўляецца важным элементам польскай дапамогі ў развіцці і інструментам рэалізацыі нашых міжнародных абавязальніцтваў.