Мы засяродзімся на больш агульных публікацыях, якія будуць цікавыя самым розным чытачам: тым, хто ўжо знаёмы з польскай гісторыяй, і тым, хто толькі пачынае гэтае падарожжа.
Партал “Przystanek Historia” Інстытута Нацыянальнай Памяці мае вялізную калекцыю рознафарматных матэрыялаў. Тут ёсць бясплатная Лічбавая Бібліятэка, Аўдыётэка/Відэатэка, свой тэлеканал, асобна сабраныя тэматычныя адукацыйныя папкі для выкладчыкаў, захоўваюцца часопісныя публікацыі і дзейнічае тэматычны каталог. Раім звярнуць увагу на выкладзеныя ў адкрыты доступ:
Гэта выданне было падрыхтавана для ўдзельнікаў Сусветных дзён моладзі, якія праходзілі ў 2016 годзе ў Кракаве, у скарочанай форме яно прадстаўляе гісторыю Польшчы. Даступнае для скачвання таксама на англійскай, нямецкай, французскай, рускай, украінскай і іншых мовах.
- ADAM DZIUROK, MAREK GAŁĘZOWSKI, ŁUKASZ KAMIŃSKI, FILIP MUSIAŁ „Od niepodległości do niepodległości”, 2010.
Электронная версія кнігі “Ад незалежнасці да незалежнасці”, упершыню выдадзенай у 2010 годзе. Агульны наклад выдання перавысіў 150 000 экз., кніга карыстаецца неаслабным поспехам, асабліва сярод абітурыентаў, якія рыхтуюцца да іспыту па гісторыі, і настаўнікаў. Абноўленая на ўзоры інтэрнэт-партала кніга была дапоўненая здымкамі, атрыманымі з архіваў Інстытута нацыянальнай памяці (IPN) і пастаянна папаўняецца новымі публікацыямі.
Архіў вуснай гісторыі створаны Домам сустрэч з гісторыяй і Цэнтрам “Карта”. Гэта самы вялікі ў Польшчы збор сведчанняў відавочцаў гісторыі XX стагоддзя. Ён налічвае больш за 6000 біяграфічных інтэрв’ю, запісаных у аўдыё- або відэафармаце, алічбаваных, заархіваваных і сабраных у мультымедыйнай чытальнай зале Дома сустрэч з гісторыяй і ў Інтэрнэце. Пасля бясплатнай рэгістрацыі вы атрымаеце доступ да больш чым 1800 гадзін аўдыё- і відэазапісаў у спалучэнні з транскрыпцыямі. Сведчанні ўзбагачаліся архіўнымі фотаздымкамі суразмоўцаў. Акрамя таго, адпаведныя інструменты дазволяць вам шукаць апублікаваныя інтэрв’ю і фатаграфіі па тэмах, якія былі закранутыя ў іх. Першыя запісы датуюцца 1987 годам, калі пачалі запісваць успаміны жыхароў усходніх абшараў Польшчы, польскіх грамадзянаў, рэпрэсаваных савецкімі ўладамі.
Свой Архіў вуснай гісторыі мае таксама Музей Варшаўскага паўстання. У раздзеле “Лічбавыя зборы Музея” можна пазнаёміцца з тэкставымі версіямі інтэрв’ю ўдзельнікаў Варшаўскага паўстання.
Музей гісторыі Польшчы дакументуе і папулярызуе гісторыю Польшчы ў адпаведнасці з дасягненнямі навукі. Музей імкнецца выконваць сваю місію адкрыта, спрыяючы максімальна шырокай даступнасці культурнай спадчыны і навуковых рэсурсаў для выкарыстання іх лічбавага патэнцыялу. Сядзіба Музея яшчэ толькі будуецца, але на сайце ўжо актыўна дзейнічае закладка “Музей анлайн”, дзе наведвальнікаў чакаюць:
- аўдыёкнігі (раім звярнуць увагу на поўную вялікіх здзяйсненняў, палацавых інтрыг і тонкага гумару кнігу Тадэвуша Боя-Жэленьскага “Marysieńka Sobieska”)
- віртуальная бібліятэка
- дапаможныя матэрыялы для выпускнікоў і абітурыентаў
- гістарычныя квізы
- адукацыйна-забаўляльныя матэрыялы для самых маленькіх
- і многа іншае.
Historia.org.pl – гэта вядучы польскі гістарычны сайт, які існуе ў Інтэрнэце з 2004 года і абнаўляецца штодня. Ён прапануе сваім чытачам бясплатны кантэнт, звязаны з гісторыяй, навукай, культурай і мастацтвам. Гэта адна з найбуйнейшых і найбольш поўных крыніц ведаў аб польскай гісторыі. Старонка poczet.com прадстаўляе гісторыю манархаў Польшчы: каралі, каралевы, князі, біяграфіі, пячаткі, табліцы, архіўныя дакументы і мапы.
Дзецям і дарослым пра гісторыю Польшчу ў простай, але цікавай форме расказвае ютуб-канал Дзіцячы ўніверсітэт цікавай гісторыі.
Аматарам актуальнай папулярна-гістарычнай прэсы мы раім старонку часопіса “Mówią wieki”. Некаторыя архіўныя матэрыялы даступныя анлайн (напрыклад, серыя “Людзі і грошы. 1794-1914” ці адукацыйны дадатак для дзяцей і моладзі “Спадчына даўняй Рэчы Паспалітай”). Таксама заўжды можна набыць новы нумар часопіса ў электроннай форме.
Гісторыю Польшчы і сусветную гісторыю ад старажытнасці да сучаснасці прадстаўляе партал https://ciekawostkihistoryczne.pl. Ключавыя моманты, ключавыя фігуры, самыя ўплывовыя ўладары і ўладаркі. Над напаўненнем партала працуе выдатная каманда гісторыкаў-публіцыcтаў, а структура старонкі мае зручны тэматычны і храналагічны падзел. Для азнаямлення прапануем пачытаць артыкул “Jak król Bolesław niewierne żony ukarał”.
А калі вы яшчэ не бачылі анімаваны фільм “Гісторыя Польшчы” Томэка Багіньскага, створаны да Сусветнай выставы ў Шанхаі – шчыра раім.