25.01.2021 Навіны, Рэпартажы з мерапрыемстваў

У Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся канцэрт “Жоўтыя зоркі”

24 студзеня ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі адбыўся канцэрт “ЖОЎТЫЯ ЗОРКІ”, прысвечаны Міжнароднаму Дню Памяці Ахвяр Халакосту.
Па ініцыятыве Польскга Інстытута ў праграме канцэрта  прагучаў знакаміты твор “Кадзіш” Кшыштафа Пендэрэцкага, напісаны кампазітарам у 2009 г. у 65-ю гадавіну ліквідацыі Лодзінскага гета.
У канцэрце прынялі ўдзел Сімфанічны аркестр Беларускай дзяржаўнай філармоніі, Дзяржаўная харавая капэла імя Р. Шырмы пад кіраўніцтвам дырыжора Бомсок Йі (Аўстрыя).
Сольныя партыі “Кадзіша” выканалі Таццяна Гаўрылова (сапрана, Беларусь), Юрый Гарадзецкі (тэнар, Беларусь) і Аляксандр Падабед (апавядальнік). Пераклад тэксту на беларускую мову ажыццявіў Андрэй Хадановіч.
Канцэрт праходзіў пры падтрымцы Польскага інстытута ў Мінску, Пасольства Аўстрыі і Пасольства Ізраіля ў Рэспубліцы Беларусь, а таксама культурнага цэнтра NATIV – Культурнага цэнтра пры Пасольстве Дзяржавы Ізраіль ў Рэспубліцы Беларусь.
Арганізатар канцэрта – Анна Ленькова.
Ва ўмовах пандэміі канцэрт праходзіў з захаваннем эпідэміялагічных правілаў.

“Кадзіш” – адна з найважнейшых габрэйскіх малітваў, гімн хвалы Богу. Так званы “кадзіш сіраты” (kadisz jatom), тэкст якога выкарыстаў кампазітар, чытаецца пасля смерці блізкага чалавека ў прысутнасці дзесяці дарослых рэлігійных мужчын. У творы, які завяршаецца вельмі экспрэсіўным фрагментам, Пэндэрэцкі выкарыстоўвае таксама іншыя тэксты рознага паходжання. Сярод іх – спяваныя сапрана хвалюючыя вершы Абрамкі Цытрына, 14-гадовага хлопчыка, вывезенага з Лодзінскага гета ў апошнім эшалоне ў Асвенцым.
Вось што пісаў кампазітар у адным са сваіх інтэрв’ю: «Я атрымаў матэрыялы пра гета і сярод іх былі вершы Абрамкі Цытрына. Я проста закахаўся ў гэтую паэзію. Я лічу, што для хлопчыка 14-15 гадоў гэта добрая літаратура. Гэта вершы не дзіцяці. У першую чаргу яны гавораць пра смерць. Яны былі створаны ў гета. У гэтым пекле людзі сталелі хутчэй.” Такім чынам, спачатку лірычна, потым магутна і пафасна, кампазітар знаёміць слухачоў з кадзішам, прысвечаным “Лодзінскім Абрамкам, якія хацелі жыць. Палякам, якія ратавалі габрэяў”.

Scheduled Навіны Рэпартажы з мерапрыемстваў