1.02.2021 Навіны

Цэнтральная Еўропа як супольнасць імкненняў

Мы прайшлі доўгі, паспяховы шлях. Ад рэгіёна, які доўгі час амаль не існаваў у свядомасці галоўных дзейных асоб сусветнай сцэны, – да рэгіёна, які Які дэманструе адны з найвышэйшых тэмпаў развіцця на зямным шары і які імкнецца да катэгорыі цывілізацыйных цэнтраў.

Акурат пачынаецца новая дэкада XXI стагоддзя. Дэкада няпэўнасці, асабліва ў выніку глабальнай пандэміі і яе эканамічных наступстваў, але таксама надзеі. Дэкада магчымасцей для цывілізацыйнага і эканамічнага аднаўлення, стварэння свету лепшага за свет ранейшы, больш справядлівага, больш зялёнага, які прытрымліваецца прынцыпаў устойлівага развіцця. Гледзячы ў будучыню, мы шукаем вобласці, якія стануць цэнтрамі дынамічных пазітыўных перамен. Я ўпэўнены, што ў еўрапейскім і ў глабальным маштабе да такіх месцаў будзе належаць Цэнтральная Еўропа.

Цэнтральная Еўропа ці Цэнтральна-Усходняя Еўропа (гэтыя паняцці часта ўзаемазамяняльныя) з’яўляецца значным рэгіянальным утварэннем, гэта супольнасць лёсу, якая мае геаграфічнае, палітычнае, эканамічнае, а таксама ідэйнае і культурнае вымярэнне.  Калі гаворка ідзе пра месцазнаходжанне на карце, яна разглядаецца як тэрыторыя паміж Балтыйскім, Адрыятычным і Чорным морамі або (хоць гэта празмернае спрашчэнне) паміж Германіяй і Расеяй. Але перш за ўсё, мы ўтвараем агульнае кола памяці. На нашу долю выпалі падобныя гістарычныя выпрабаванні, асабліва ў драматычным XX стагоддзі. Мы адчулі зло двух таталітарызмаў, карычневага і чырвонага, якія душылі і пераследавалі нас. Але ў нас таксама ёсць выдатны, слаўны досвед мінулых стагоддзяў. З перыяду XV-XVII стагоддзяў, з эпохі, называнай “Еўропа дынастыі Ягелонаў”, а потым Рэччу Паспалітай многіх народаў, калі на значнай частцы гэтай тэрыторыі атрымалася стварыць добраахвотнае палітычнае аб’яднанне, правобраз сённяшняга Еўрапейскага Саюза – гасцінны дом для многіх культур і рэлігій, які кіравалася прынцыпамі законнасці, парламентарызму і дэмакратыі. Урокі з гэтага досведу, як дрэннага, так і добрага, мы нясём у будучыню. Як універсальную перасцярогу, а таксама як натхненне да дзеянняў дзеля агульнай карысці, дзеля росквіту нашага рэгіёна і ўсёй інтэграванай Еўропы.

Важнам з’яўляецца таксама апісанне Цэнтральнай Еўропы з пункту гледжання каштоўнасцей. Належачы больш за тысячу гадоў да заходняга цывілізацыйнага кола, мы падзяляем яго ідэйныя асновы. Пераканаўча прадставіў Цэнтральную Еўропу Мілан Кундэра, называючы яе “Скрадзеным Захадам”, то-бок часткай заходняй культурнай супольнасці, якая супраць сваёй волі трапіла пад савецкае – імперскае, аўтарытарнае, неадпаведнае для рацыянальнага вядзення гаспадаркі – дамінаванне. Аднак неабходна падкрэсліць, што наша прыхільнасць да каштоўнасцей, якія пабудавалі еўрапейскую культуру, не з’яўляецца бессэнсоўнай. Лепш за іншых мы ведаем, якую высокую цану трэба плаціць за іх абарону. Мы ўсведамляем, што мы павінны культываваць і спалучаць свабоду з адказнасцю, правы з абавязкамі, індывідуалізм з салідарнасцю, крытычнае, інавацыйнае і мадэрністычнае стаўленне з захаваннем спадчыны і традыцый, якія вызначаюць нашу ідэнтычнасць.

ЦЭНТРАЛЬНАЯ ЕЎРОПА МОЖА СЛУЖЫЦЬ ПРЫКЛАДАМ ТАГО, ЯКІЯ СТАНОЎЧЫЯ ВЫНІКІ ПРЫНОСЯЦЬ СУПРАЦОЎНІЦТВА, СТВАРЭННЕ СУМЕСНЫХ ІНІЦЫЯТЫЎ І СПРАЎ.

Цімаці Гартан Эш на парозе гістарычнай мяжы 1989 года пісаў, што ідэя Цэнтральнай Еўропы вырывае заходні свет са звычак мыслення перыяду халоднай вайны, кідае выклік устояным паняццям і прыярытэтам, але наўзамен прапануе штосьці новае. Гэта меркаванне выглядае актуальным і сёння, калі ўдзел краін Цэнтральнай Еўропы ў ЕС і НАТА з’яўляецца важнай, трывалай часткай еўрапейскага і атлантычнага парадку, і калі наш рэгіён, маючы магутны эканамічны рост, зрабіў значны цывілізацыйны скачок. Таксама і сёння ідэя Цэнтральнай Еўропы пастаянна нясе ў сабе дынамізм і пазітыўнае значэнне. Калі б мне давялося ў сціснутым выглядзе прадставіць сучаснае аблічча Цэнтральнай Еўропы, у тым ліку Польшчы як найбуйнейшай краіны гэтага рэгіёна, то я б сказаў: супольнасць поспеху і адначасова супольнасць імкненняў.

Цэнтральная Еўропа – яскравы прыклад таго, наколькі магутнай, творчай сілай з’яўляецца свабода. Свабода, у блізкім сваяцтве з якой знаходзяцца эканамічная свабода, прадпрымальніцтва, самакіраванне. Яны адкрываюць прастору для рэалізацыі смелых амбіцый і памкненняў. Разам са свабодай прыходзіць развіццё. Тры дзесяцігоддзі, якія мінулі з моманту падзення камунізму, з пераломнага моманту ў нашым рэгіёне, ініцыяванага польскім рухам “Салідарнасць” – гэта гісторыя аб вялікім эканамічным поспеху, сацыяльным і цывілізацыйным развіцці, якое рэдка калі дасягалася ў гісторыі свету за такі кароткі час. Польшча і ўся Цэнтральная Еўропа з’яўляюцца пераканаўчым сведчаннем магчымасцей, якія дае свабода.

Мы таксама можам служыць прыкладам таго, якія станоўчыя вынікі прыносяць супрацоўніцтва, стварэнне сумесных ініцыятыў і спраў. Гэта дзякуючы ім Цэнтральная Еўропа перастала быць, як у той неспрыяльны для нас час, перыферыйнай прасторай паміж Захадам і Усходам, паміж імперскімі дзяржавамі – а стала структурай, якая звязана разнастайнымі сувязямі,  усведамляе свае інтарэсы і аказвае ўплыў на ход еўрапейскіх спраў. Мы дамагліся эмансіпацыі Цэнтральна-Усходняй Еўропы, мы з’яўляемся суб’ектам палітычных і цывілізацыйных працэсаў.

Я хачу звярнуць вашу ўвагу на тры важныя плоскасці цэнтральна-еўрапейскага супрацоўніцтва, якія маюць не толькі рэгіянальнае значэнне, але і важнае значэнне ў саюзным, атлантычным і нават глабальным вымярэннях. Першай з іх з’яўляецца Вышаградская група з самым доўгім стажам, якая аб’ядноўвае Польшчу, Чэхію, Славакію і Венгрыю. Створаная ў 1991 годзе як платформа палітычнага дыялогу і каардынацыі імкненняў да членства ў НАТА і ЕС, яна засведчыла сваю карыснасць таксама пасля дасягнення гэтых стратэгічных мэтаў. Сёння гэта адзін з найважнейшых фактараў актывізацыі рэгіянальнага супрацоўніцтва ў Цэнтральнай Еўропе і пагаднення па еўрапейскіх пытаннях.

Другая плоскасць – Бухарэсцкая дзявятка. У гэтую структуру ўваходзяць краіны ўсходняга флангу НАТА: Польшча, Румынія, Літва, Латвія, Эстонія, Венгрыя, Славакія, Чэхія і Балгарыя. Яна была створана ў 2015 годзе ў Бухарэсце, дзе мы падпісалі сумесную дэкларацыю аб тым, што аб’яднаем намаганні па забеспячэнні, дзе гэта неабходна, “моцнай, надзейнай, устойлівай ваеннай прысутнасці” НАТА ў рэгіёне. В9 шмат у чым з’яўляецца адказам на агрэсіўную палітыку Расіі, на парушэнне межаў і тэрытарыяльнай цэласнасці Украіны, якое нясе пагрозу рэгіянальнай і атлантычнай бяспецы. Мы не збіраемся глядзець на гэта пасіўна.

ЦЭНТРАЛЬНАЯ ЕЎРОПА – ГЭТА СУПОЛЬНАСЦЬ ЛЁСУ, ЯКАЯ МАЕ ГЕАГРАФІЧНАЕ, ПАЛІТЫЧНАЕ, ЭКАНАМІЧНАЕ, А ТАКСАМА ІДЭЙНАЕ І КУЛЬТУРНАЕ ВЫМЯРЭННЕ. УРОКІ З НАШАГА ДОСВЕДУ МЫ НЯСЁМ У БУДУЧЫНЮ.

Трэцяй плоскасцю супрацоўніцтва з’яўляецца “Трымор’е”, ініцыяванае мной і прэзідэнтам Харватыі Каліндай Грабар-Кітаровіч у 2015 годзе. У склад гэтай групы ўваходзяць дзяржавы з рэгіёна Балтыйскага, Адрыятычнага і Чорнага мораў: Аўстрыя, Балгарыя, Харватыя, Чэхія, Эстонія, Літва, Латвія, Польшча, Румынія, Славакія, Славенія і Венгрыя. Мэтай з’яўляюцца сумесныя інвестыцыі ў сферы інфраструктуры, транспарта, энергетыкі і новых тэхналогій, якія стымулююць развіццё ў нашых краінах і будуць спрыяць згуртаванню Еўрапейскага Саюза. Калі мы паглядзім на карту эканамічных сувязяў у ЕС, мы ўбачым значную перавагу гарызантальных плыняў на восі Захад-Усход над вертыкальнымі патокамі на восі Поўнач-Поўдзень. Гаворка ідзе пра плыні людзей, тавараў, паслуг, капіталу, а таксама пра інфраструктурную сетку: аўтамагістралі, чыгункі, развязкі, трубаправоды, лініі электраперадачы і інфармацыі. Праект “Трымор’я”, які з’яўляецца праектам структурнай нагрузкі гэтай часткі Еўропы, закліканы дапоўніць недахоп “рыштавання”, дзякуючы чаму будзе ўзмоцнена інтэграцыя нашага рэгіёна, а таксама ўсяго ЕС. Удзел у ініцыятыве “Трымор’я” нароўні з унутранымі саюзнымі капіталамі таксама і амерыканскіх, кітайскіх ці іншых рэгіёнаў свету інвестараў азначае здаровую дыверсіфікацыю пераваг і ўзаемазалежнасцяў.

Вось сённяшняя карціна і перспектыўнае бачанне Цэнтральнай Еўропы як супольнасці актыўнасці, поспеху і амбіцыйных памкненняў. Мы прайшлі доўгі, паспяховы шлях. Ад рэгіёна, які доўгі час амаль не існаваў у свядомасці галоўных дзейных асоб сусветнай сцэны (“у Польшчы, гэта значыць нідзе”, – у канцы XIX стагоддзя сказаў Альфрэд Жары) – да рэгіёна, які дэманструе адны з найвышэйшых тэмпаў развіцця на зямным шары і які імкнецца да катэгорыі цывілізацыйных цэнтраў. Цэнтральная Еўропа –nomen omen? Запрашаем вас прыняць удзел у гэтай займальнай прыгодзе.

Анджэй Дуда, Прэзідэнт Рэспублікі Польшча

 Тэкст публікуецца адначасова з польскім штомесячнікам “Усё самае важнае” ў рамках праекта “Дэкада Цэнтральнай Еўропы”, рэалізаванага з Фондавай біржай у Варшаве.

Фота: Якуб Шымчык/KPRP/www.prezydent.pl

Scheduled Навіны