Вышаградская група (V4) з’яўляецца нефармальнай рэгіянальнай формай супрацоўніцтва чатырох дзяржаў Цэнтральнай Еўропы – Польшчы, Чэхіі, Славакіі і Венгрыі, якія аб’ядноўвае не толькі тэрытарыяльнае суседства і аналагічныя геапалітычныя ўмовы, але перш за ўсё агульная гісторыя, традыцыі, культура і каштоўнасці.
Ідэя стварэння Групы заключалася ў актывізацыі супрацоўніцтва ў галіне будаўніцтва дэмакратычных дзяржаўных структур і свабоднай рынкавай эканомікі, а ў перспектыве – удзелу ў працэсе еўраінтэграцыі. Датай яе стварэння лічыцца 15 лютага 1991 года, калі прэзідэнты Польшчы Лех Валенса і Чэхаславакіі Вацлаў Гавел і прэм’ер-міністр Венгрыі Ёжэф Антал падпісалі ў венгерскім горадзе Вышаград сумесную дэкларацыю, якая вызначае мэты і ўмовы ўзаемнага супрацоўніцтва.
З 2004 года ўсе краіны V4 з’яўляюцца членамі Еўрапейскага Саюза, а Вышаградская група ўяўляе сабой форум для абмену досведам і выпрацоўкі агульных пазіцый па пытаннях, якія маюць дачыненне да будучыні рэгіёну і ЕС.
Акрамя еўрапейскіх пытанняў, супрацоўніцтва ў рамках V4 засяроджана, перш за ўсё, на пытаннях Цэнтральнай Еўропы, абмене інфармацыяй, а таксама кааперацыі ў галіне культуры, навукі, адукацыі і моладзевага абмену. Прыярытэтнымі напрамкамі супрацоўніцтва з’яўляюцца пашырэнне транспартнай інфраструктуры і ўмацаванне энергетычнай бяспекі ў рэгіёне. Існуе таксама механізм супрацоўніцтва з трэцімі краінамі ў формуле ” V4+”.
У вышаградскім супрацоўніцтве ўдзельнічаюць шматлікія і разнастайныя суб’екты: прэзідэнты, прэм’ер-міністры, міністры, парламенты, дзяржаўныя ўстановы, няўрадавыя арганізацыі, навуковыя цэнтры, ВНУ і ўстановы культуры.
Адзінай цалкам інстытуцыяналізаванай формай супрацоўніцтва ў V4 з’яўляецца Міжнародны Вышаградскі фонд у Братыславе (IVF).
Старшынства ў групе ажыццяўляецца на ратацыйнай аснове і доўжыцца год, а яго праграма прымаецца прэм’ерамі дзяржаў Вышаградскай групы. З 1 ліпеня 2020 года па 30 чэрвеня 2021 года старшынства ў групе ажыццяўляе Польшча.
Дадатковая інфармацыя пра Вышаградскую групу даступная на афіцыйным сайце і акаўнце ў сацсетцы Twitter.
Крыніца: www.gov.pl