У панядзелак 1 сакавіка Польскае радыё для замежжа будзе адзначаць свой 85-ы дзень нараджэння. Рэдакцыі Польскага радыё вяшчаюць на 6 мовах і шчыра запрашаюць на спецыяльныя юбілейныя перадачы. У праграме, сярод іншага, размовы з цікавымі гасцямі, гісторыі розных рэдакцый і ўнікальныя архіўныя запісы.
На працягу 85 гадоў – за выключэннем перапынку ў вяшчанні, выкліканага пачаткам Другой сусветнай вайны – Польскае радыё для замежжа асвятляе важныя, часта пераломныя падзеі польскай рэальнасці. Яно перадае па ўсім свеце актуальную і ўсебаковую інфармацыю пра Польшчу, прадстаўляе ключавыя пытанні сучаснага свету з польскага пункту гледжання.
Фармальным пачаткам трансляцый, адрасаваных Палоніі і палякам за мяжой, лічыцца 1 сакавіка 1936 года, хаця ўжо раней, у канцы дваццатых гадоў, палякі за мяжой маглі слухаць радыёперадачы Польскага радыё ў Познані і Катавіцах. Пасля Другой сусветнай вайны і перыяду праўлення камуністычных уладаў праграма была рэструктызаваная. З эфіра знікла скіраваная да замежных слухачоў прапаганда, пачалося аб’ектыўнае і ўсебаковае інфармацыйнае вяшчанне. На дадзены момант Польскае радыё для замежжа вядзе вяшчанне на польскай і пяці замежных мовах: англійскай, нямецкай, рускай, украінскай і беларускай.
З нагоды 85-га дня нараджэння Польскае радыё за мяжой запрашае на спецыяльныя юбілейныя перадачы. Англійская служба Польскага радыё распавядзе сваю гісторыю з выкарыстаннем архіўных матэрыялаў. Нямецкая рэдакцыя запусціць у эфір свае найстарэйшыя гукавыя матэрыялы з Архіву Польскага радыё. Расійская служба да юбілейнага выдання падрыхтавала аповеды былых і цяперашніх супрацоўнікаў пра гісторыю праграмы, актуальную місію, новыя тэхналогіі, дасягненні, спецыфіку працы. У польскай рэдакцыі, сярод іншага, можна будзе пачуць размову з дырэктарам Анджэем Рыбалтам і
міністрам Янам Дзедзічакам, упаўнаважаным ураду па пытаннях палякаў за мяжой. Беларуская служба Польскага Радыё правядзе гутарку з прафесарам Нінай Баршчэўскай, якая ўдзельнічала ў стварэнні Беларускай службы і кіравала ёю з 1992 да 2018 г. У праграме Украінскай службы – успаміны былых журналістаў і апавяданні выканаўцаў.
Польскае радыё для замежжа запрашае да сумеснага святкавання юбілею ўжо 1 сакавіка.
* Дадатковая інфармацыя тут.
***
Польскае радыё з’яўляецца найбуйнейшым грамадскім радыёвяшчальнікам у Польшчы. Яно транслюе аўтарскія музычныя перадачы, публіцыстычныя, навукова-папулярныя, адукацыйныя, сацыяльныя, забаўляльныя, сямейныя, рэлігійныя праграмы, а таксама аўдыёпастаноўкі і рэпартажы. Радыё працуе на пяці агульнанацыянальных каналах: Першы, Другі, Трэці, Польскае радыё 24 і Польскае радыё для замежжа, а праз Інтэрнэт, прыкладанні і ў сістэме DAB+ вяшчае на каналах: Чацвёрка, Польскае радыё дзецям, Польскае Радыё Шапэн і Польскае радыё кіроўцаў. Партал polskieradio.pl штодня публікуе галоўныя навіны краіны і свету, а таксама дае доступ да ўнікальных вэб-сервісаў, архіўных і мультымедыйных матэрыялаў.