23-03-2021 Гісторыя, Навіны

Дзейнасць “Групы Аляксандра Ладася”

24 сакавіка ў Польшчы адзначаецца Нацыянальны дзень памяці пра палякаў, якія ратавалі габрэяў падчас нямецкай акупацыі.

З гэтай нагоды мы прапануем матэрыял пра “Групу Аляксандра Ладася” – польскіх дыпламатаў, якія ў гады Халакосту ратавалі габрэяў ад вынішчэння іх немцамі.

На дапамогу! Польскія дыпламаты і дзеянні па аказанні дапамогі габрэйскаму насельніцтву ў перыяд Другой сусветнай вайны
(вытрымкі з публікацыі Марка Перналя)

Другая сусветная вайна стварыла смяротную пагрозу для мільёнаў людзей, паставіла пад сумнеў каштоўнасці сучаснай цывілізацыі, падарвала традыцыі і сацыяльныя сувязі, незваротна знішчыла многія бясцэнныя культурныя каштоўнасці. Сярод трагедый, якія яна прынесла, адна займае асаблівае месца. Драма габрэйскага народа, асуджанага ідэолагамі нямецкага фашызму на вынішчэнне, не знаходзіць параўнання са становішчам якой-колечы іншай супольнасці ў акупаванай Еўропе. Антыгабрэйскі пераслед, які пачаўся ў Германіі ўжо ў сярэдзіне 30-х гг., пасля пачатку вайны стаў практыкай, якая прымянялася ва ўсіх краінах, акупаваных або падпарадкаваных Трэцім Рэйхам. Асабліва жудасна выглядала сітуацыя ў занятай немцамі Польшчы, краіне, у якой да 1939 года пражывала 3,5 мільёны габрэяў, якія ўтваралі найбольшую па колькасці супольнасць прыхільнікаў іўдаізму ў Еўропе і другую па велічыні – пасля ЗША – габрэйскую абшчыну ў свеце. Тут, на польскіх землях, гітлераўскі генацыд прыняў форму сапраўднай індустрыі смерці ў выглядзе найбуйнейшых нямецкіх канцлагераў і лагераў смерці.

Шыфраграма А. Ладася

Пасля пачатку вайны толькі невялікай колькасці габрэяў удалося пакінуць Польшчу ў вераснёвай хвалі бежанцаў. На тэрыторыях, занятых Трэцім Рэйхам, члены габрэйскай абшчыны, вызначанай па расавых крытэрыях Нюрнбергскіх законаў, былі пазбаўленыя ўсіх грамадзянскіх правоў, вымушаныя жыць у гета, падвяргаліся жорсткім пакаранням за парушэнне дыскрымінацыйных правілаў, асуджаныя на штодзённую смерць. З 1941 года яны падвяргаліся сістэматычнаму знішчэнню, якое ў 1942 годзе ўваходзіла ў нацысцкі план поўнага знішчэння еўрапейскіх габрэяў. Да 1945 годзе ў нямецкіх лагерах і гета загінула каля 3 мільёнаў польскіх грамадзян габрэйскага паходжання. На тэрыторыях, занятых СССР, габрэі складалі значную частку з не менш за 380 тысяч грамадзян Польшчы, дэпартаваных у 1939-1941 гадах у глыб Савецкага Саюза.

Аляксандр Ладась / Wikimedia Commons

З першых дзён вайны палякі габрэйскага паходжання, якім удалося выехаць за мяжу, атрымлівалі дапамогу ад польскіх консульскіх службаў, на прынцыпах, аднолькавых для ўсіх грамадзян Польшчы. Польскія ўстановы выдавалі ім пасведчанні асобы і аказвалі даступную арганізацыйную, матэрыяльную і фінансавую дапамогу. Аднак з цягам часу і ўзмацненнем антыгабрэйскіх рэпрэсій у Польшчы і іншых заваяваных краінах Еўропы пытанне дапамогі габрэям, якія знаходзяцца пад пагрозай знішчэння, набыло для многіх польскіх устаноў выключнае значэнне. Гісторыя гэтых дзеянняў прыводзіць мноства прыкладаў выключнай ахвярнасці шматлікіх польскіх дыпламатаў. Некаторыя, ратуючы габрэйскіх грамадзян Польшчы, рызыкавалі сваім жыццём ці свабодай. Іншыя не зазналі такога драматычнага досведу. Яны працавалі ў краінах, дзе ім была гарантаваная асабістая бяспека, і маглі не баяцца за сваё становішча, але ўдзельнічалі ў акцыях дапамогі габрэям такімі спосабамі і ў такім аб’ёме, якія значна пераўзыходзілі руціну і стандарты апекі над суграмадзянамі.

Большасць герояў гэтай публікацыі была прафесійнымі дыпламатамі, часта са шматгадовым досведам працы ў розных установах. Аднак да асноўнай групы я дадаў яшчэ некалі асоб, якія не былі звязаныя з Міністэрствам замежных спраў, але па сутнасці выконвалі задачы і функцыі, ускладзеныя на  польскіх дыпламатаў і консулаў .Гэтыя асобы не мелі дыпламатычных пашпартоў, рангаў ці імунітэту, але сутнасць іх місіі ўпісвалася ў найлепшыя традыцыі духу польскай замежнай службы.

Дыпламатычная місія Рэспублікі Польшча ў Берне, “амбасада Польшчы для еўрапейскага кантынента”

Берн. Дыпламатычнае прадстаўніцтва Другой Рэчы Паспалітай у Швейцарыі / Нацыянальны лічбавы архіў

Перад Другой сусветнай вайной польская дыпламатычная ўстанова ў Берне не адыгрывала асабліва важнай ролі ў замежнай палітыцы Рэспублікі Польшча. Польска-швейцарскія двухбаковыя адносіны складана было назваць ажыўленымі, хоць Польшча адкрыла сваё дыпламатычнае прадстаўніцтва ў Берне ўжо ў 1919 годзе, а Швейцарыя адкрыла сваё прадстаўніцтва ў Варшаве ў 1921 годзе. Вядома ж, Польшча надавала вялікую ўвагу свайму прадстаўніцтву пры Лізе Нацый у швейцарскай Жэневе. Дэлегатамі Рэспублікі Польшча былі, сярод іншага, такія палітыкі і дыпламаты як Ігнацы Ян Падарэўскі, Канстанцін Скірмунт, Аляксандр Скшыньскі ці Эдвард Рачыньскі. Шматлікія прадстаўнікі Польшчы прыязджалі ў жэнеўскую сядзібу Лігі Нацый, каб удзельнічаць у пасяджэннях Рады і Асамблеі Лігі Нацый. Аднак у міжваенны перыяд ніводзін польскі палітык не наведаў свайго швейцарскага калегу і ніводная швейцарская дэлегацыя не прыбыла ў Польшчу. Незадоўга да пачатку вайны ў пасольстве ў Берне, на чале якога стаяў дэпутат Тытус Камарніцкі, працавалі два дыпламаты, першы сакратар дыпмісіі, загадчык Консульскага аддзела Стэфан Рыневіч і аташэ Станіслаў Нахлік, а таксама дзесяць кантрактных супрацоўнікаў, у тым ліку Канстанцін Ракіцкі.

Пасля пачатку вайны, нягледзячы на ціск Германіі, улады ў Берне не пагадзіліся зачыніць польскае прадстаўніцтва. Неўзабаве высветлілася, што дзеянні прадстаўніцтва значна выходзяць за межы нейтральнай Швейцарыі. Асабліва прыкметным гэта стала пасля 1941 года і заваявання ці падпарадкавання Германіяй амаль усіх еўрапейскіх краін. Аляксандр Ладась, які ў красавіку 1940 года ўзяў на сябе кіраўніцтва швейцарскай дыпмісіяй, пісаў у Міністэрства замежных спраў у Лондане: „У 1942 г. дыпламатычнае прадстаўніцтва Польшчы ў Берне [з’яўляецца] ледзь не адзінай установай, за выключэннем Скандынаўскага і Пірэнэйскага паўастравоў, на еўрапейскім кантыненце, якая можа функцыянаваць і існаваць на нармальных умовах. Установы ў Францыі нелегальныя, амбасада ў Ватыкане – замкнутая ў сваіх сценах. Ахоп знешняй дзейнасці прадстаўніцтва значна пашырыўся. Дыпмісія ў Берне фактычна стала пасольствам Польшчы для ўсяго еўрапейскага кантынента”.

Па сутнасці, дыпмісія, якой кіраваў Ладась, стала для ўрада Польшчы ў Лондане цэнтральным звяном у ланцужку перадачы інфармацыі, перапіскі і фінансавых сродкаў для большасці польскіх бежанцаў у дзяржавах-спадарожніках або заваяваных Германіяй. Праз бернскую ўстанову праходзіла дапамога, адрасаваная не толькі тым, хто знаходзіўся ў самой Швейцарыі, але і ў Венгрыі, Румыніі, Югаславіі, Францыі, Грэцыі і Італіі, а таксама ў нееўрапейскіх краінах – Японіі і Кітаі. Важную ролю адыграў той факт, што пасольства магло ў сваіх дзеяннях супрацоўнічаць з Міжнародным рухам Чырвонага крыжа з сядзібай у Жэневе, пры якім у якасці прадстаўніка Польскага Чырвонага Крыжа быў акрэдытаваны князь Станіслаў Альбрэхт Радзівіл.

Падроблены парагвайскі пашпарт / Дзяржаўны музей Аўшвіц-Біркенаў

Сярод адрасатаў дапаможных мерапрыемстваў, якія праводзіліся прадстаўніцтвам на працягу амаль усяго перыяду вайны, найбольшую групу складалі асобы габрэйскага паходжання. Асаблівае значэнне мела акцыя дапамогі габрэям у акупаванай Польшчы. Установа ў супрацоўніцтве з Міжнародным Чырвоным Крыжам ажыццяўляла пасярэдніцтва ў перадачы тавараў і медыкаментаў, збірала і распаўсюджвала інфармацыю, прадастаўляла швейцарскім і амерыканскім арганізацыям, якія дапамагалі габрэям у Польшчы, свае каналы сувязі. Адметным прыкладам удзелу польскіх дыпламатаў у акцыі па выратаванні еўрапейскіх габрэяў сталі дзеянні з выкарыстаннем пашпартоў паўднёваамерыканскіх краін, якія праводзіліся “бернскай групай” на чале з Ладасем у 1940-1943 гадах. У яе склад увайшлі, разам з кіраўніком установы, першы сакратар, а пазней саветнік дыпмісіі Стэфан Рыневіч, віцэ-консул Канстанцін Ракіцкі, аташэ Юльюш Кюль і прадстаўнікі габрэйскай супольнасці, якія супрацоўнічалі з імі – адвакат Абрагам Зільбершэйн і купец Хаім Эйс.

Пастановай ад 21 студзеня 2021 года Сейм Рэспублікі Польшча абвясціў 2021 год Годам Групы Ладася.

У 2018 годзе Інстытутам нацыянальнай памяці быў створаны дакументальны фільм “Пашпарты Парагвая”, рэжысёр Роберт Качмарэк.
Фільм на польскай мове, ёсць магчымасць прагляду з субцітрамі на рускай мове.