Літаратурныя лекцыі-анлайн у адным месцы!
У красавіку 2020 года мы пачалі наш цыкл літаратурных анлайн-сустрэч “Санаторый пад клепсідрай”. Цэлы год разам з нашым нязменным вядучым, паэтам і перакладчыкам Андрэем Хадановічам, мы пераадольвалі адлегласці ў прасторы і часе, здымалі моўную і культурную (сама)ізаляцыю, рабілі далёкіх класікаў “сучаснікамі”, а замежных сучаснікаў – “землякамі”. Мы вельмі радыя, што ўвесь гэты час вы былі з намі: удзельнічалі ў дыскусіях, каментавалі і падтрымлівалі праект. За гэты час у нас адбылося 18 сустрэч, у кампаніі дарагіх гасцей (найлепшых беларускіх перакладчыкаў і крытыкаў) мы абмяркоўвалі выбітных польскіх пісьменнікаў, чыталі паэзію і прозу, разглядвалі ілюстрацыі і ацэньвалі экранізацыі.
Праз год з пачатку праекта мы з радасцю гаворым, што не спыняемся. Новая серыя “Санаторыя пад клепсідрай”, прысвечаная творчасці Цыпрыяна Каміля Норвіда ўжо сёння, наступная серыя на падыходзе, а калі раптам вы штосьці прапусцілі ці хацелі б яшчэ раз паглядзець – ласкава запрашаем вас у наш „санаторны” архіў на youtube.
Усе лекцыі праекта ў адным месцы!