Калі 3 траўня 1791 года Чатырохгадовы Сойм, называны таксама Вялікім Соймам, прыняў Урадавы закон Рэчы Паспалітай, вядомы як Канстытуцыя 3 траўня, польска-літоўская дзяржава стала першай у Еўропе і другой у свеце краінай, у якой быў прыняты асноўны закон. Гэта быў прагрэсіўны і смелы для таго часу прававы акт, які ініцыяваў шэраг рэформаў. Ён таксама з’яўляўся ўвянчаннем шматвяковых сувязей Польшчы і Літвы.
Сёння, калі мы святкуем 230-ую гадавіну прыняцця Канстытуцыі 3 траўня апошнім польскім каралём і вялікім князем літоўскім Станіславам Аўгустам Панятоўскім, варта нагадаць, што менавіта яна ўвяла, сярод іншага, падзел уладаў на тры галіны і змяненне ранейшага дзяржаўнага ладу шляхам частковага раўнапраўя жыхароў Рэчы Паспалітай. Яна таксама была выражэннем волі да абароны незалежнасці пасля першага падзелу паміж Аўстрыяй, Прусіяй і Расіяй у 1772 годзе.
Канстытуцыя 3 траўня з завяршальным яе “Узаемным заручэннем абодвух народаў”, прынятая Вялікім Соймам 20 кастрычніка 1791 года, таксама з’яўлялася праявай умацавання саюза польскіх і літоўскіх народаў. У прыватнасці, гэты акт гарантаваў прадстаўленне на ўсіх агульных для Рэчы Паспалітай пасадах палякамі і літоўцамі па парытэце 1:1. Мы з гонарам можам сцвярджаць, што лідары двух народаў і дзяржаў, нягледзячы на ўсе адрозненні, змаглі эфектыўна працаваць разам у момант вырашальнага выпрабавання адносна іх існавання. Гэты прыклад натхняе да супрацоўніцтва і сяброўства Варшавы з Вільняй і па гэты дзень.
На жаль, амбіцыйныя планы рэформаў, якія павінны былі ажыццяўляцца на аснове палажэнняў новага асноўнага закона, былі перакрэслены ўзброеным умяшаннем расійскага войска ў 1792 годзе. У якасці прававога акта Канстытуцыя 3 траўня афіцыйна перастала дзейнічаць у лістападзе 1793 года па пастанове Сойма, скліканага пад дыктатам Расіі і Прусіі ў Гродне. У тым жа годзе абедзве дзяржавы ажыццявілі другі падзел Рэчы Паспалітай.
Канчатковае знікненне польска-літоўскай дзяржавы з карты Еўропы больш чым на 120 гадоў адбылося пасля трэцяга падзелу ў 1795 годзе, у якім удзельнічалі Аўстрыя, Прусія і Расія. Гэты акт, які супярэчыць усім прынцыпам міжнароднага права, быў перакрэслены толькі ў выніку Першай сусветнай вайны, калі ў 1918 годзе Польшча і Літва здабылі незалежнасць як дзве суверэнныя дзяржавы.
Пасля здабыцця Польшчай незалежнасці гадавіна прыняцця Канстытуцыі 3 траўня адзначалася як дзяржаўнае свята ўжо з 1919 года. У перыяд нямецкай і савецкай акупацыі і ў час праўлення камуністычнай улады ў Польшчы, калі гэтае свята было адменена, большасць палякаў працягвала лічыць 3 траўня святочным днём. У суверэннай Рэспубліцы Польшча з 1990 года мы зноў адзначаем Нацыянальнае свята Трэцяга Траўня.
Канстытуцыя 3 траўня і “Узаемнае заручэнне абодвух народаў” з’яўляюцца адным з асноўных элементаў шматвяковай спадчыны польска-літоўскіх адносін. Іх прыняцце – адна з асноў сённяшняга супрацоўніцтва нашых дзяржаў на форуме Еўрапейскага Саюза і ў НАТА.
Акрамя агульнага мінулага, сённяшнія Польшчу і Літву аб’ядноўваюць незлічоныя сумесныя энергетычныя і транспартныя праекты, якія ідуць на карысць усёй Еўропе, а таксама сумесныя намаганні па ўмацаванні бяспекі ў свеце і асабліва ў рэгіёне.
Звяртаючыся да агульнай спадчыны Рэчы Паспалітай, абедзве нашы краіны падтрымліваюць нашых суседзяў: Украіну, якая стаіць сёння на варце свайго суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці ў барацьбе з расійскай агрэсіяй і акупацыяй, і беларускі народ, які заслугоўвае свабоды і дэмакратыі ў незалежнай дзяржаве.