19.05.2021 Літаратура, Навіны

Пан Тадэвуш у дванаццаці выданнях

Віртуальная выстава

Аддзел спецыяльных калекцый Ваяводскай публічнай бібліятэкі імя маршала Юзафа Пілсудскага ў Лодзі запрашае пазнаёміцца з віртуальнай выставай Пан Тадэвуш у дванаццаці выданнях”.

Твор Міцкевіча выклікаў шчырую цікаўнасць чытачоў ужо ў XIX стагоддзі. Пра гэта сведчыць нават сам спосаб захоўвання рукапісу. Станіслаў Тарноўскі, прафесар і рэктар Ягелонскага ўніверсітэта, які ў 1871 годзе стаў уладальнікам рукапісу, замовіў дэкаратыўную шкатулку з чорнага дрэва,  якая формай і спосабам вырабу нагадвае сярэднявечныя рэлікварыі. Бакавыя сценкі скрыначкі ўпрыгожвалі барэльефы са сцэнамі з “Пана Тадэвуша”, а ў сярэдняй частцы вечка змяшчаўся авальны медальён з профілем паэта, выкананы са слановай косткі.

Першыя друкаваныя выданні былі відавочна больш сціплыя. Выстава, спасылаючыся да 12 кніг паэмы Адама Міцкевіча, прадстаўляе 12 найстарэйшых выданняў. Яе пачынае першадрук – наша нацыянальная эпапея была выдадзена 28 чэрвеня 1834 года ў парыжскім выдавецтве Аляксандра Ялавіцкага. Наступныя выданні паходзяць з 70-х, 80-х і 90-х гадоў XIX стагоддзя і пачатку XX стагоддзя. Сярод іх, безумоўна, вылучаецца шыкоўнае выданне 1882 года з львоўскай Кнігарні Ф.Г.Рыхтэра (Г. Альтэнберга) з 25 асобнымі ілюстрацыямі Міхала Эльвіра Андрыёлі і шматлікімі гравюрамі ў тэксце. Гэта вялікафарматнае выданне памерам 37 х 29 см. Карэньчык і вуглы выкананыя з карычневай скуры, а з зялёным палатном вокладкі кантрастуе залатая назва. Кніга таксама мае арыгінальныя ўклейкі з мармуровай паперы і пазалочаныя верхнія краі 295 старонак.

Выстава завяршаецца двума юбілейнымі выданнямі 1934 года, на які выпадае сотая гадавіна першага выдання. Адно на польскай мове, другое – на французскай. Сярод прадстаўленых выданняў пераважаюць выданні на польскай мове, але ў бібліятэцы таксама ёсць выданні на французскай, нямецкай і нават іўрыце.

У якасці дадатковага матэрыялу былі выкарыстаныя найбольш вядомыя ілюстрацыі да “Пана Тадэвуша” аўтарства Міхала Эльвіра Андрыёлі, выдадзеныя часткова ў колеры выдавецтвам “Wspólna Sprawa” ў 1967 г.

Крыніца: www.wbp.lodz.pl

 

Scheduled Літаратура Навіны