10.06.2021 Культурныя падзеі ў Польшчы, Літаратура, Навіны

“Баладына” Юльюша Славацкага ўшанавана ўключэннем у Польскі нацыянальны спіс праграмы ЮНЕСКА “Памяць свету”

Рукапіс “Баладыны” Юльюша Славацкага – шэдэўра польскай драматургіі эпохі рамантызму – быў уключаны ў Польскі нацыянальны спіс праграмы ЮНЕСКА “Памяць свету”.

“Баладына” была запісаная рукой самога аўтара. Шырока вядомы сярод польскіх чытачоў твор спалучае ў сабе трагедыю і камедыю, фантастыку, народнасць і іронію. Ён закранае тэмы злачынства, справядлівага пакарання і разбуральнай сілы ўлады. На працягу больш чым 150 гадоў ён застаецца адным з найчасцей інсцэнізаваных драматычных тэкстаў у Польшчы. Твор Юльюша Славацкага нязменна прысутнічае ў праграме школьнага чытання, а ў 2020 годзе стала тэмай Нацыянальнага чытання.

Рукапіс – гэта поўны чыставік драмы, падораны аўтарам Юзафу Алаізію Рэйтцэнгайму (1809–1883). Аб самых ранніх старонках яго лёсу паведамляе нататка ўладальніка: “Уласнаручны рукапіс Славацкага, падараваны ім самім яго сябру пану Юзафу Рэйтцэнгайму, а ім – мне, у Парыжы ў красавіку 1874 г. С.Тарноўскі”. Нацыянальная бібліятэка набыла рукапіс у Здзіслава Тарноўскага, пляменніка Станіслава, у 1937 годзе.

Дзякуючы сваёй выключнай каштоўнасці гэты дакумент застаецца пад асаблівай аховай. Арыгінальны рукапіс быў алічбаваны, дзякуючы чаму яго можна паглядзець у лічбавай бібліятэцы polona.pl.

Польскі нацыянальны спіс праграмы ЮНЕСКА “Памяць свету” ўключае ў сябе найбольш каштоўныя помнікі пісьменства, звязаныя з важнымі падзеямі польскай гісторыі. Праграма “Памяць свету” была створана па ініцыятыве ЮНЕСКА ў 1992 годзе. Яе мэта – ушанаваць значэнне шматвяковай спадчыны чалавецтва. Праграма звяртае ўвагу на неабходнасць аховы дакументаў асаблівага гістарычнага значэння, якія з’яўляюцца сведчаннем нашай культуры і цывілізацыі. Аб’екты, вылучаныя сёлета ў Нацыянальны спіс, будуць паступова з’яўляцца на сайце www.pamiecpolski.archiwa.gov.pl, а поўны спіс ушанаваных скарбаў спадчыны будзе прадстаўлены ў чэрвені 2021 года.

У папярэднія гады ў спіс увайшлі ўнікальныя аб’екты са збораў польскіх архіваў, бібліятэк і іншых польскіх інстытуцый у краіне і за мяжой.

Фотаздымак: www.pamiecpolski.archiwa.gov.pl.
Źródło: www.bn.org.pl

Scheduled Культурныя падзеі ў Польшчы Літаратура Навіны