Мы жывем у дзіўныя часы. Апошнія некалькі месяцаў прайшлі пад знакам турбот пра здароўе і жыццё, а таксама хвалявання пра будучыню. Многія палякі задавалі сабе пытанне не толькі пра тое, ці ўдасца ім уберагчыся ад каранавіруса, але і пра тое, ці будуць яны і далей мець працу, ці будуць іх сем’і фінансава забяспечаны і ці не давядзецца іх дзецям развітацца з надзеяй на лепшую будучыню.
Пандэмія каранавіруса сапраўды магла вярнуць нас у развіцці да дзевяностых гадоў. Проста паглядзіце на жудасныя эканамічныя дадзеныя некаторых краін, у тым ліку ў Еўропе, каб убачыць, што чорны сцэнар быў не проста фантазіяй з фільма-катастрофы. Аднак гэтага не адбылося, і гэта таму, што сёння, у адрозненне ад дзевяностых гадоў, палякі маглі разлічваць на дзяржаву, якая актыўна ўключылася ў арганізацыю дапамогі ўсім, хто ў гэтым меў патрэбу. Беспрэцэдэнтная падтрымка ў рамках “Антыкрызіснага шчыта” і “Фінансавага шчыта” дазволіла нам спыніць катастрафічныя наступствы крызісу COVID-19 і затрымаць падзенне ВУП за 2020 год ніжэй 3%, што стала трэцім лепшым вынікам у Еўропе, а ў групе буйных дзяржаў з насельніцтвам больш за 10 млн жыхароў у нас не было канкурэнцыі. Яшчэ больш паспяховым з’яўляецца захаванне беспрацоўя на ўзроўні каля 3% – і тут у нас ужо найлепшы вынік у Еўрасаюзе.
Наступныя звесткі толькі пацвярджаюць, што польская эканоміка ва ўмовах крызісу сапраўды добра сябе адчувае. Больш за 110 млрд злотых экспарту ў сакавіку 2021 года – рэкорд усіх часоў. У траўні індэкс дзелавой актыўнасці (PMI) перавысіў 57 пунктаў – гэта таксама найлепшы вынік за ўсю гісторыю вымярэнняў. Некалькімі месяцамі раней Еўракамісія паказвала, што Польшча сярод чатырох краін ЕС як у кароткатэрміновай, так і ў доўгатэрміновай перспектыве мае забяспечаную стабільнасць дзяржаўных фінансаў. У такой сітуацыі можна зрабіць толькі адну памылку – прызнаць, што справы ідуць у правільным кірунку, і спыніць дзеянні.
Крызіс – шанец ці катастрофа?
Крызіс, з якога мы не можам зрабіць выснову, – гэта катастрофа. Але крызіс, правільна прачытаны і зразуметы, – гэта не толькі магчымасць, але і паскаральнік перамен: так можна абагульніць думку, якая ляжыць у аснове “Польскага парадку”.
Унікальнасць сённяшняга крызісу заключаецца ў тым, што дарэмна шукаць для яго рашэнні ў падручніках. Не важна, будзем мы шукаць у Хаека ці ў Ласаля – аніводная тэорыя эканамічнага крызісу не прадказвала сітуацыі, у якой раптоўна надыходзіць параліч эканамічнай і сацыяльнай актыўнасці амаль ва ўсім свеце.
У сувязі з гэтым, ва ўмовах крызісу COVID-19 мы павінны дзейнічаць гэтак жа, як лекары супраць самога каранавіруса. У нас няма канкрэтных лекаў, але досвед падказвае ўздзейнічасць на сімптомы. Гістарычны досвед вучыць, што адказам на крызіс павінна быць падвышаная актыўнасць дзяржавы, таму што крызісам – якім бы ён ні быў – трэба кіраваць, а не пакідаць яго ў спакоі.
У 1933 годзе прэзідэнт ЗША Франклін Д. Рузвельт абвясціў “Новы курс” – адказ на Вялікую дэпрэсію, праграму рэформаў па стымуляванні эканомікі, ажыўленні знешняга гандлю і велізарных дзяржаўных інвестыцый; было пабудавана 120 тыс. грамадскіх будынкаў і 77 тыс. мастоў. У наступным дзесяцігоддзі Злучаныя Штаты Амерыкі апляла сетка аўтамагістраляў. Вось сцэнар, які сёння натхняе Польшчу.
Польскі парадак, або новая якасць
Мэты “Польскага парадку” ўключаюць не толькі аднаўленне пасля пандэміі, але і перабудову польскай эканамічна-сацыяльнай сістэмы, каб яна была больш устойлівай у наступныя крызісныя моманты, больш справядлівай і ў той жа час дазволіла Польшчы выйсці на новы ўзровень развіцця.
Дыягностыка пандэмічных слабых месцаў павінна была пачацца са стану аховы здароўя. COVID-19 паставіў пад пазрозу краху сістэмы аховы здароўя ўсіх, нават самых багатых дзяржаў. Няйначай было ў Польшчы. Калі б не рашучая палітыка абмежаванняў і рэалізаванае надзвычайнымі тэмпамі будаўніцтва сеткі часовых шпіталяў, то і ў нашай краіне адбылася б эпідэмічная катастрофа. Цяжка нават уявіць яе маштабы і хаос, які мог бы запанаваць, калі б мы раней на значным узроўні не ажыццявілі лічбавізацыю службы аховы здароўя.
За апошнія 5 гадоў выдаткі на ахову здароўя перавысілі 100 млрд злотых, і ўсё ж яе якасць па-ранейшаму адрозніваецца ад стандартаў, чаканых палякамі. Гэта выразны сігнал аб тым, што сістэма фінансавання медыцынскай дапамогі, з якой мы маем справу, дасягнула свайго піку. Час скончыць з філасофіяй рэарганізацыі. Калі мы хочам здзейсніць якасны скачок, які выведзе Польшчу на ўзровень Захаду, мы павінны рэзка паскорыць марш, мэтай якога з’яўляецца вылучэнне 7% ВУП на здароўе.
Польскі падатковы парадокс
Гэта азначае змяненне мадэлі фінансавання аховы здароўя і, такім чынам, змяненне падатковай сістэмы. Дагэтуль Польшча была адзінай краінай, дзе частку медыцынскага ўнёску можна было адняць з падатку. Канструкцыя ўсёй сістэмы вяла да таго, што тыя, хто зарабляў больш за ўсё, мелі і адносна найпрасцейшую магчымасць падатковай аптымізацыі. Хоць польская падатковая сістэма намінальна прагрэсіўная, дэ-факта яна стала рэгрэсіўнай. Людзі з больш нізкім прыбыткам плацяць прапарцыйна большыя падаткі, чым людзі з больш высокім прыбыткам.
Польскі падатковы беспарадак не толькі падрываў пачуццё справядлівасці і перашкаджаў будаваць сацыяльную супольнасць. У першую чаргу гэта спрыяла паглыбленню няроўнасці, а ў крызіснай сітуацыі гэтыя з’явы ўзмацняліся.
Крызіс падобны на магутную хвалю ў моры. Ён хістае велізарныя караблі, але менавіта маленькім пагражае затапленне. Нядаўнія даследаванні ясна паказваюць, што пандэмічны 2020 год пагоршыў няроўнасць у даходах. Самыя багатыя выйгралі, нягледзячы на крызіс, самыя бедныя, наадварот, страцілі менавіта па прычыне цяжкіх абставінаў.
У бок сапраўды салідарнай Польшчы
“Польскі парадак” звяртаецца да гэтых выклікаў, таму што ён вырастае з духу сапраўднай салідарнасці, якую трэба разумець вельмі шырока. Гэта салідарнасць у гарызантальным вымярэнні і, такім чынам, клопат аб сацыяльнай справядлівасці, аб нівеліраванні няроўнасці ў даходах, аб падтрымцы людзей, якія зарабляюць менш за ўсё. У гэтым вымярэнні мы прапанавалі суму, якая не абкладаецца падаткам, на ўзроўні 30 тыс. злотых, а значыць, на ўзроўні, супастаўным з заходнімі краінамі: вышэй, чым у Францыі, параўнальна з Даніяй. Але ў “Польскім парадку” гаворка ідзе таксама пра салідарнасць у вертыкальным вымярэнні, якую можна назваць салідарнасцю паміж пакаленнямі. З аднаго боку, гэта паварот да мінулага, матэрыяльная падтрымка для пажылых людзей у выглядзе пенсіі без падатку, вяртанне да каштоўнасцяў, без якіх цяжка ўявіць будучыню польскага грамадства і ўсёй Еўропы. З іншага боку, гэта таксама здольнасць клапаціцца аб будучых пакаленнях, будаваць асновы развіцця, якія дазволяць нашым дзецям лепш зарабляць і працаваць у лепшых умовах, і – апошняе, але не менш важнае –жыць у асяроддзі, дзе можна будзе дыхаць чыстым паветрам, а не чытаць пра гэта як пра нешта рэгламентаванае, даступнае толькі абраным.
Пачатак 20-х гг. XXI стагоддзя – надзвычай важны момант для Польшчы. Мы стаім на парозе цывілізацыйных зменаў у беспрэцэдэнтных маштабах. Гісторыя зрабіла так, што папярэднія такія змены мы маглі толькі назіраць. Цяпер у нас ёсць шанец стаць галоўнымі дзейнымі асобамі гэтых пераўтварэнняў. Сцэнар ужо гатовы. Нам дастаткова толькі разам ажыццявіць “Польскі парадак”. Мы будзем дамагацца як мага больш шырокага яго прыняцця, таму што толькі тады можна лічыць падобныя стратэгіі паспяховымі.
Матэвуш Маравецкі, прэм’ер-міністр Польшчы
Тэкст публікуецца адначасова з польскім штомесячнікам “Усё самае важнае” ў рамках праекта, рэалізаванага з Інстытутам нацыянальнай памяці і Нацыянальным банкам Польшчы.
Фотаздымак: 2020.04.09 Варшава | Канферэнцыя па пытаннях захавання абмежаванняў у барацьбе з каранавірусам. Фат. Крысціян Май/KPRM