Бібліятэка Польскага Інстытута ў Мінску запрашае чытачоў па серадах з 12:00 да 17:00. Мы працуем у пандэмічным рэжыме, але маем шмат прыгожых навінак. Рады прадставіць некалькі кніг, даступных для чытання.
Радэк Рак “Казка пра змяінае сэрца, або другое слова пра Якуба Шэлю”
Літаратурная прэмія “Nike” (2020)
Гэтая казка – спроба нанава стварыць міфалогію Галіцыі. Гэта не гістарычны раман, хоць і быў напісаны з вялікай павагай да грамадскіх, побытавых і палітычных рэалій таго часу. Твор застыў у прасторы паміж гісторыяй і міфам. “Змяінае сэрца” вырастае з легенд, у якія ператварылася постаць Якуба Шэлі – сялянскага кіраўніка часоў галіцкай разні – легенд сапраўдных і створаным самім Радэкам Ракам.
Мы сочым за лёсам маладога Кубы Шэлі і чула закаханай у яго габрэйкі Ханы, адчуваем удары панскай пугі і чароўны покліч прыўкраснай Мальвы, падарожнічаем праз краіну легенд, каб пасяліцца ў маёнтку і адчуць пах крыві паўстання 1846 годзе.
Агнешка Паянчкоўска “Вандроўная фотастудыя”
Прэмія імя Веслава Казанецкага, прызнаваная мэрам Беластока
Прэмія імя Беаты Павляк, прызнаваная Фондам Баторыя
Аўтарка гэтага прыгожага рэпартажу купляе старую машыну і выпраўляецца ў падарожжа ўздоўж усходніх польскіх межаў, прапаноўваючы вяскоўцам фотапартрэт у абмен на ежу ці гісторыю.
Добры дзень, у мяне Вандроўная фотастудыя. Я раблю партрэты і сама іх друкую на месцы. Фотаздымкі бясплатныя або за ежу. Або за гісторыю. Вы ж, напэўна, адсюль? Пласціна не зламаецца, калі ласка, не турбуйцеся – фотаздымкі лічбавыя. Я надрукую на паперы, партрэт будзе толькі для вас. Такая старая і людзей будзеце палохаць? Не турбуйцеся, я не аддам яго ў газету, а ў вас застанецца на памяць. Вы ж калі апошні раз фатаграфаваліся? Трыццаць гадоў таму? А бачыце. У маладых усё ў камп’ютарах, але гэта ўжо не тое, праўда? Я? Так, я жыву ў машыне, езджу летам уздоўж мяжы, як раней фатографы. Памятаеце, як партрэты рабілі? Праўда, плаціць не трэба. Я вазьму яйкі, з задавальненнем. Не спяшайцеся, рыхтуйцеся, я сфатаграфую. Але спачатку раскажыце, як вам тут жывецца?
Славамір Копер “Сакрэтнае жыццё аўтараў са школьнай праграмы: не такія святыя, як іх малююць”
Пісьменнікі са школьнай праграмы падаюцца нам бронзавымі помнікамі, пазбаўленымі заганаў і жарсцяў. Мы няшмат ведаем пра іх сапраўднае жыццё, якое часта было больш драматычным і разнастайным, чым напісаныя імі творы. Дый з выхаваўчых прычын не варта паведамляць школьнікам, што зоркі праграмы па літаратуры мелі нестандартныя зацікаўленні, звычкі і схільнасці. Але Славамір Копер думае інакш.
Каго мы тут знойдзем? Сянкевіч, Славацкі, Жаромскі, Ажэшка, Міцкевіч і інш.
Бестселер ад вядомага біёграфа польскіх знакамітасцяў.
Нагадваем таксама, што каталог Бібліятэкі Польскага Інстытута ў Мінску даступны анлайн.