29.03.2020 Навіны

Пайшоў з жыцця выбітны польскі кампазітар Кшыштаф Пэндэрэцкі

 

 

Сёння раніцай у Кракаве памёр выбітны польскі кампазітар Кшыштаф Пэндэрэцкі. Яму было 86 гадоў. Ён быў прафесарам і рэктарам Кракаўскай музычнай акадэміі, найвялікшым сучасным польскім кампазітарам.

Кшыштаф Пэндэрэцкі напісаў чатыры оперы, восем сімфоній і шэраг аркестравых твораў, а таксама канцэртаў. Ён з’яўляецца аўтарам харавой апрацоўкі пераважна рэлігійных тэкстаў, а таксама камерных і інструментальных твораў. Сярод самых вядомых яго твораў – “Плач па ахвярах Хірасімы”, “Страсці паводле Лукі”, “Польскі Рэквіем” і Сімфонія № 3”.

Польскі Інстытут выказвае шчырыя спачуванні сям’і і блізкім Кшыштафа Пэндэрэцкага. Сёння польская і сусветная культура страцілі выбітнага кампазітара. Узгадаем тое, што назаўсёды застанецца ў памяці, але не паўторыцца ніколі.

Маэстра наведаў Мінск двойчы. Першы раз як госць канцэрта да свайго 80-годдзя ў рамках Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета ў 2013 годзе. Тады на сцэне Белдзяржфілармоніі прагучаў адзін з самых маштабных аркестравых твораў К. Пэндэрэцкага «Credo», у выкананні якога ўдзельнічала каля 200 (!) чалавек – сімфанічны аркестр, вялікі хор, дзіцячы хор і салісты. Дырыжыраваў канцэртам Андрэс Мустонен (Эстонія).

Адзіны канцэрт Кшыштафа Пэндэрэцкага ў Мінску, калі Маэстра сам стаяў за дырыжорскім пультам, адбыўся ў Белдзяржфілармоніі 7 кастрычніка 2017 года ў межах XII Міжнароднага фестывалю Юрыя Башмета. І зноў гэта была грандыёзная падзея – мінскім меламанам быў прадстаўлены адзін з найважнейшых твораў кампазітара – араторыя “Сем брам Іерусаліма”. На сцэне ізноў іграла больш за дзве сотні чалавек.

Канцэрт быў арганізаваны пры падтрымцы Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча, Інстытута Адама Міцкевіча ў Варшаве, Польскага Інстытута ў Мінску ў рамках міжнароднай культурнай праграмы да 100-годдзя Незалежнасці Польшчы.

Фота – Аляксандр Горбаш

Scheduled Навіны