17.05.2019 Навіны

75-ая гадавіна Бітвы пад Монтэ-Касіна

Адной з найбольш важных і жорсткіх бітваў, якія вырашылі лёс Другой сусветнай вайны з’яўляецца бітва пад Монтэ-Касіна, увянчаная перамогай 2-га Польскага корпуса. Гэта была чацвёртая бітва саюзных войскаў з нямецкімі падраздзяленнямі, якія кантралявалі кляштар бенедыктынскага абацтва на ўзгорку Монтэ-Касіна ў Італіі. Дзякуючы перамозе палякаў нямецкая абарона была прарваная, што адкрыла саюзнікам шлях да вызвалення Рыма.
 

Узгорак Монтэ-Касіна і бенедыктынскі кляштар на яго вяршыні мелі ключавое значэнне для абароны Германіі на так званай “лініі Густава”. У першай палове 1944 года нямецкія падраздзяленні, што кантралявалі ўмацаваны кляштар, без цяжкасцяў адбівалі атакі саюзных войскаў, а чарговыя штурмы, што праводзілі амерыканскія, брытанскія, французскія, канадскія, паўднёваафрыканскія, новазеландскія і індыйскія падраздзяленні, цярпелі паразу.

Рашэннем генерала Уладзіслава Андэрса ў чацвёртай бітве ўдзельнічаў 2-гі Польскі корпус, які быў перакінуты ў Італію на мяжы 1943-1944 гадоў. 11 мая генерал Андэрс звярнуўся да жаўнераў 2-га корпуса з гістарычным загадам:

Жаўнеры!

Заданне, якое нам выпала, уславіць на ўвесь свет імя польскага жаўнера. У гэтыя хвіліны Народ думкамі і сэрцам будзе з намі, з намі душы нашых загінуўшых баявых таварышаў. Няхай жыве леў у Вашым сэрцы.

Жаўнеры – за бандыцкі напад немцаў на Польшчу, за падзел Польшчы з бальшавікамі, за тысячы зруйнаваных гарадоў і вёсак, за забойствы і пакуты соцень тысяч нашых сясцёр і братоў, за мільёны палякаў, вывезеных палоннымі ў Германію, за беды і няшчасці нашай краіны, за нашыя пакуты і бадзянні – з верай ў справядлівасць Божага провіду ідзем наперад са святым дэвізам у нашых сэрцах – “Бог, Гонар і Айчына”

Нягледзячы на тое, што нямецкія войскі адбілі першыя два штурмы, пасля доўгіх кровапралітных баёў, што цягнуліся амаль тыдзень, 18 мая 1944 года супраціўленне немцаў было зламанае, і кляштар быў заваяваны. 18 мая ў поўдзень на ўзгорку Монтэ-Касіна з’явіўся бела-чырвоны сцяг, што азначала перамогу. У выніку бітваў загінулі 923 польскія жаўнеры, 2931 быў паранены і 345 прапалі без вестак.

Бітва за Монтэ-Касіна была сведчаннем польскай мужнасці і ахвярнасці, а перш за ўсё – салідларнасці з народамі свету, што змагаюцца з фашызмам. Як высветлілася пазней, у той час, калі польскія жаўнеры змагаліся пад Монтэ-Касіна, рашэнні пра пасляваенную будучыню Польшчы і яе межы ўжо былі прынятыя на Тэгеранскай канферэнцыі ў 1943 годзе Сталіным, Рузвельтам і Чэрчылем, а пазней былі пацверджаны на канферэнцыі ў Ялце.

Падчас аблогі было прынята рашэнне пабудаваць могілкі, дзе былі пахаваныя польскія салдаты, якія загінулі ў баі. Сёння польскія вайсковыя могілкі ў Монтэ-Касіна з’яўляюцца адным з найважнейшых польскіх некропаляў.

 
Бітва за Монтэ-Касіна ўвекавечана мемарыяльнай дошкай на Магіле невядомага жаўнера ў Варшаве, а таксама ў надпісе ля вечнага агню на Магіле невадомага жаўнера ў Кракаве. У 1999 г. у Варшаве, недалёка ад вуліцы Уладзіслава Андэрса і парку Красіньскіх, быў адкрыты помнік, што ўвекавечыў бітву і яе польскіх герояў. 
 
Scheduled Навіны