Праз 75 гадоў пасля заканчэння Другой сусветнай вайны мы аддаём даніну павагі яе ахвярам. Мы памятаем пра непахісную барацьбу польскага народа з нацысцкай Германіяй на працягу ўсяго канфлікту ў Еўропе з верасня 1939 па травень 1945 года.
Польшча зрабіла бясспрэчны ўнёсак у перамогу над Гітлерам: польскае войска было восьмай па колькасці саюзнай арміяй, нашы салдаты змагаліся на ўсіх франтах гэтай вайны, у тым ліку: абараняючы Польшчу ў 1939 годзе, змагаючыся пад Нарвікам, у Францыі і ў бітве за Брытанію 1940, у Афрыцы ў 1941-1942, на ўсходнім фронце з 1943, пад Монтэ-Касіна, Анконай, Фалез, Арнем у 1944, вызваляючы Балонню і прымаючы ўдзел ва ўзяцці Берліна, 1945. Менавіта польскія матэматыкі яшчэ ў трыццатыя гады ўзламалі код «Энігмы», што дазволіла саюзнай выведцы адсочваць перамяшчэнні немцаў.
Польская дзяржава ніколі не капітулявала. Урад бесперапынна вёў сваю дзейнасць у эміграцыі і ў акупаванай краіне праз структуры Падпольнай дзяржавы, якія, перш за ўсё, арганізоўвалі ўзброеную барацьбу і падтрымку выведкі для саюзнікаў (у прыватнасці, атрыманне дакументацыі ракет V1 і V2). У яго рамках ішло палітычнае жыццё, вялася тайная адукацыйная дзейнасць, функцыянавала правасуддзе. Падпольная Польшча апекавалася падвергнутымі пераследу грамадзянамі, у тым ліку і габрэямі, і паведаміла свабоднаму свету пра Халакост.
Цаной непахіснай барацьбы з Германіяй стала гібель амаль 6 млн грамадзян, у тым ліку каля 3 млн. польскіх габрэяў. Матэрыяльная шкода ацэньваецца ў 860 мільярдаў даляраў. 40% культурных каштоўнасцяў было знішчана або вывезена. Тэрыторыя Польшчы паменшылася на 20%.
Перамога над нямецкім таталітарызмам не прынесла жаданай свабоды Цэнтральнай і Усходняй Еўропе, у тым ліку і Польшчы. Яна была аддзеленая ад дэмакратычнага свету “жалезнай заслонай” і заставалася пад уладай Савецкага Саюза аж да 1989 г.