139 гадоў таму, 8 снежня 1881 года, у Начы каля Навагрудка нарадзіўся Марыян Фальскі. Па распрацаваным ім буквары чытаць і пісаць навучыліся многія пакаленні палякаў. Менавіта ён з’яўляецца аўтарам адной з першых фраз, якія палякі чытаюць самастойна: “Ala ma kota” (“У Алі ёсць кот”).
Марыян Фальскі нарадзіўся ў дробнамяшчанскай сям’і ў мястэчку Нача блізу Навагрудка. Вучыўся ў Мінскай агульнаадукацыйнай школе і гімназіі. У пачатку XX стагоддзя паступіў у Варшаўскі політэхнічны інстытут. Падчас вучобы звязаўся з патрыятычным рухам і падпольнымі асветніцкімі коламі. Удзельнічаў у рэвалюцыі 1905 года ў якасці аднаго з кіраўнікоў моладзі Польскай сацыялістычнай партыі.
У 1903-04 супольна з В. Іваноўскім і С. Багушэўскім займаўся арганізацыяй нелегальнай беларускай выдавецкай дзейнасці ў Кракаве. Пад псеўданімам Янка Сваяк пераклаў на беларускую мову “Янку-музыканта” Г. Сянкевіча, “Да свайго Бога” С. Жаромскага і апавяданне невядомага аўтара “Ведзьма”, таксама падрыхтаваў тэкст ананімнай адозвы “Царская гаспадарка”, выкарыстаўшы для гэтага выдадзеныя ў Лондане беларускія агітацыйныя брашуры. У канцы 1904 разам з В. Іваноўскім удзельнічаў у напісанні першага “Беларускага лемантара” — буквара на беларускай мове. Адзін з заснавальнікаў Сацыялістычнай партыі Белай Русі (1904), ад імя якой на беларускай мове выдаваліся прапагандыскія адозвы.
У 1907 годзе быў арыштаваны за прыналежнасць да падпольных арганізацый і змешчаны ў Варшаўскую Цытадэль. Аднак яму ўдалося збегчы з турмы. Пасля гэтага ён з’ехаў у Кракаў, дзе стаў вывучаць псіхалогію і педагогіку ў Ягелонскім ўніверсітэце.
У Кракаве Фальскі актыўна ўдзельнічаў у настаўніцкіх колах. Пасля атрымання незалежнасці Фальскі спачатку быў загадчыкам, а потым дырэктарам Бюро школьнай статыстыкі пры Міністэрстве адукацыі. Менавіта там ён арганізаваў сваю даследчую майстэрню. Яго працы атрымалі агульнае прызнанне сярод педагогаў.
Падчас Другой сусветнай вайны Марыян Фальскі працягваў сваю працу. У акупацыйных умовах ён рыхтаваў матэрыялы для аднаўлення школьнай адукацыі.
Фальскі пакінуў пасля сябе багатую спадчыну, якая складаецца са шматлікіх прац па педагогіцы і арганізацыі сістэмы адукацыі. У 1974 годзе накладам “Ossolineum” выйшаў зборнік яго прац. Аднак большасці ён запомніўся як аўтар “Буквара”, па якім вучыліся чытаць і пісаць. Першае выданне выйшла ў Кракаве ў 1910 годзе. Падручнік адразу атрымаў прызнанне настаўнікаў і бацькоў. Усё жыццё Фальскі ўдасканальваў кнігу.
“Буквар” дачакаўся дзясятка перавыданняў, аздобленых прыгожымі ілюстрацыямі. Наступныя версіі “Буквара” выдаваліся ў Польшчы яшчэ ў 70-я гг.
– Гэта даволі ўнікальная з’ява ў кар’еры школьных падручнікаў. У свеце аніводзін іншы школьны падручнік не дачакаўся столькіх выданняў, – сказаў прафесар Рышард Врачынскі.
Паводле матэрыялаў Польскага радыё
Прапануем паслухаць таксама перадачу Ірыны Касакоўскай “Аб Марыяне Фальскім”.
Цікавыя факты пра “Буквар” Фальскага (у тым ліку гісторыю славутай Алі) можна знасці ў матэрыяле Мікалая Глінськага на партале culture.pl.