Інфармацыя пра тое, дзе ў свеце можна вывучаць польскую мову, на інтэрактыўнай мапе “Польшча па-за Польшчай” https://polski.msz.gov.pl/
На старонцы інтэрнэт-кнігарні Publio сабраная цэлая калекцыя электронных падручнікаў для вывучэння польскай мовы як замежнай. Пачаткоўцам раім звярнуць увагу на пазіцыю “Gramatyka? Dlaczego nie?! Ćwiczenia gramatyczne dla poziomu A1” Яанны Махоўскай, а больш спрактыкаваным студэнтам – на славутую “Прыгоду з граматыкай” Юзафа Пызіка (узровень В2, С1). Шмат падручнікаў у электронным фармаце можна знайсці таксама на старонцы кнігарні Tania książka. Пачаткоўцам можна зірнуць на ілюстраваны слоўнік Анны Сэрэтны “A co to takiego?” і на абсалютны хіт – “Практычная граматыка” Ліліяны Мадэльскай.
А выдавецтва “Prolog” тым часам выпусціла ў электронным фармаце ўсю сваю славутую серыю “Hurra po polsku”. Ура!
На ўсіх гэтых старонках вы можаце паглядзець фрагмент кнігі і самастойна прыняць рашэнне, ці пасуе вам спосаб і форма падачы матэрыялаў. Ад актуальных акцый у кнігарнях залежыць, дзе можна купіць гэтыя падручнікі танней. Кошты на электронныя кнігі зручна параўноўваць праз старонку Świat czytników.
Бясплатныя матэрыялы для вывучэння польскай мовы змяшчае платформа Po polsku po Polsce, гэта старонка-падручнік была распрацавана пры падтрымцы Міністэрства замежных спраў. Клікаеце ў “Kurs języka polskiego” – і пачынаецца падарожжа па Польшчы для пачаткоўцаў. Аўдыёматэрыялы дапамогуць разабрацца з вымаўленнем, тут ёсць шмат дыялогаў і падказак.
Старонка Włącz Polskę! дапаможа дзецям (ад 5 да 14+), якія вывучаюць польскую мову за мяжой. Тут можна карыстацца ўжо падабранымі камплектамі заданняў, а можна скласці з іх свой падручнік, адпаведны ўласным патрабаванням.
Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт змясціў у адкрытым доступе падручнік В.Баравец “Польская мова. Пачатковы курс”. Простая, але магчымая аснова для пачатку прыгоды з мовай, калі для вас істотная наяўнасць рускай мовы як дапаможнай.
Многія выкладчыкі цяпер выходзяць у фармат блогаў, раім звярнуць увагу на youtube-канал “Polski z Anią”: доктар Анна Рабчук, ад’юнкт Цэнтра польскай мовы і культуры “Палонікум” для замежнікаў Варшаўскага ўніверсітэта шмат гадоў займаецца выкладаннем, а на гэты праект атрымала дзяржаўны грант.
У 2017 годзе выйшаў падручнік “Polskie Czytankі”, матэрыялы ў ім грунтуюцца на граматыцы ўзроўняў А1-А2 (і трошкі В1), кожны тэкст пазначаны тэматычна, і ўсё гэта аўтары ўжо начыталі і выклалі ў адкрыты доступ на сваім канале. Зручна, каб разбірацца з граматыкай на слых.
Гісторыя каналу “I love Polish” толькі пачынаецца, але абраны аўтарамі фармат вельмі натхняе: простыя камунікатыўныя сітуацыі (вітанні/развітанні) падаюцца праз нарэзку прыкладаў з польскіх фільмаў. Новыя серыі – штотыдзень.
Аматарам падкастаў падказваем – бясплатная старонка Hello Polish! дапамагае пазнаёміцца з жывой размоўнай плынню на ўзроўнях ад А1 да С2. Аўтары – прафесійныя выкладчыкі – таксама склалі два электронныя падручнікі, іх можна набыць проста ў раздзеле “Sklep”.
Падручнік “Podlasie w legendach. teksty z ćwiczeniami dla obcokrajowców”, падрыхтаваны Інстытутам польскай філалогіі Беластоцкага ўніверсітэта. Выданне змяшчае 16 тэкстаў выбраных легенд Падляся з адмысловым дадаткам: граматычныя і лексічныя практыкаванні, прыклады скланення і міні-слоўнічак з перакладам, у т.л. на беларускую і рускую мову. Абсалютна легальна падручнік даступны па спасылцы.
Для тых, хто ўжо набыў сабе папулярную серыю падручнікаў “Polski krok po kroku”, ёсць прыемны бонус: вы ж памятаеце, што кожны прадукт моўнай школы “Glossa” змяшчае ў сабе код доступу да анлайн-платформы, а там яшчэ больш заданняў, практыкаванняў, актыўнасцей і магчымасцей.
А каб падтрымліваць моўны тонус цягам дня, можна трымаць пад рукой польскамоўную опцыю ў мабільных прыкладаннях busuu i duolingo.
Слоўнікі анлайн
Тлумачальны слоўнік польскай мовы
http://www.sjp.pwn.pl
Арфаграфічны слоўнік
http://www.so.pwn.pl
Слоўнік іншамоўных слоў
http://www.swo.pwn.pl
Корпус польскай мовы выдавецтва PWN
http://korpus.pwn.pl/