Тадэвуш Ружэвіч нарадзіўся 9 кастрычніка 1921 года ў Радомску чацвёртым з пяці дзяцей. Вучыўся ў гімназіі імя Фелікса Фабіяні ў Радомску. Там жа атрымаў гэтак званы “малы атэстат сталасці”

На цікавасць Ружэвіча да літаратуры шмат у чым паўплываў яго старэйшы брат Януш. Менавіта ён паказваў будучаму паэту кнігі, а таксама такія часопісы як “Skamandr” або “Wiadomości Literackie”. Ружэвіч пачаў пісаць першыя вершы ў падлеткавым узросце. У гэты перыяд ён пісаў таксама для часопіса “Pod Znakiem Marii”.

Падчас вайны Ружэвіч спачатку працаваў у родным Радомску кладаўшчыком і пасыльным, пазней стаў вучнем цесляра на адной з мясцовых фабрык.

У 1942 годзе Ружэвіч жаўнерам Арміі Краёвай і атрымаў крыптанім “Сатыр”. Праз год яго перавялі ў лясныя аддзелы. У 1943-1944 гадах ён прымаў актыўны ўдзел у баях Арміі Краёвай. Ён увесь час пісаў вершы, а таксама рэдагаваў ваенны часопіс “Czyn Zbrojny”. Яго творчасць карысталася вялікай папулярнасцю сярод іншых партызан.

Менавіта тады з’явіўся зборнік “Лясное рэха”, які варта лічыць фактычным літаратурным дэбютам Тадэвуша Ружэвіча. Ухвальнае меркаванне пра гэты томік выказалі многія сябры паэта, а таксама яго брат Януш, які прадказаў яму вялікую кар’еру. Брат паэта загінуў у 1944 годзе, спачатку схоплены, а потым расстраляны немцамі.

У 1945 годзе Тадэвуш Ружэвіч супрацоўнічаў з Ліквідацыйнай Камісіяй. Праз некалькі гадоў быў узнагароджаны Медалём Польскага Войска, у 1974 годзе – Лонданскім Крыжам Арміі Краёвай.

Пасля вайны першапачаткова жыў у Чэнстахове, дзе працягваў пісаць і кантактаваў з мясцовым культурным асяроддзем, пісаў таксама для літаратурнага часопіса “Odrodzenie”. У рэдакцыі гэтага часопіса ён пазнаёміўся з Юльянам Пшыбосем, які ўбачыў у Ружэвічу вялікі талент і ўгаварыў яго пераехаць у Кракаў. У Кракаве Ружэвіч здаў экзамены на атэстат сталасці, пасля вывучаў мастацтвазнаўства ў  Ягелонскім універсітэце (навучанне не скончыў). Актыўна ўдзельнічаў у інтэлектуальным і літаратурным жыцці тагачаснага Кракава.

Гучным рэхам пракаціліся чарговыя кнігі Ружэвіча, выдадзеныя ўжо пасля вайны: “Неспакой” і “Чырвоная рукавічка”. Вершы маладога паэта высока ацэньвалі, сярод іншых, Леапольд Стаф і Чэслаў Мілаш. Менавіта тады быў напісаны адзін з самых вядомых вершаў Ружэвіча – “Ацалелы”.

У наступныя гады Ружэвіч спрабаваў эміграваць, у тым ліку просячы Юльяна Пшыбося дапамагчы яму выехаць у Парыж. Аднак ажыццявіць гэтыя планы не ўдалося. Кароткі час паэт пражыў толькі ў Венгрыі. У Польшчу ён вярнуўся ў пачатку пяцідзясятых і пасяліўся ў Глівіцах, дзе жыў вельмі бедна. У гэты перыяд многія творы паэта падвяргаліся крытыцы. У пачатку пяцідзясятых у яго нарадзіліся два сыны.

Пасля смерці Іосіфа Сталіна і падзей 1956 года крытыка пачала цаніць вершы Ружэвіча за тое, што ён закранаў тэму імкнення да вызвалення.

У наступныя гады Ружэвіч звярнуўся да драмы. Захоплены дасягненнямі стваральнікаў тэатра абсурду, Самюэля Бэкета і Эжэна Іянэска, ён стварыў адзін з найважнейшых драматычных твораў у гісторыі польскай літаратуры – “Картатэку”. П’есу, напісаную ў 1960 годзе, часта называлі адным з першых прыкладаў тэатра абсурду ў польскай літаратуры.

У далейшым Ружэвіч часта эксперыментаваў з формай, змешваючы жанры, спалучаючы паэзію з драмай і прозай. Адным з найбольш важных прыкладаў гэтай літаратурнай стратэгіі з’яўляецца “Падрыхтоўка да аўтарскага вечара”.

У 1964 годзе імя Ружэвіча было загадана ў ліку падпісантаў адозвы польскіх пісьменнікаў супраць “Ліста 34” (гэты ліст выказваўся супраць цэнзуры ў Польшчы). У падпісанай Ружэвічам адозве асуджалася зладжаная на старонках заходняй прэсы кампанія па дыскрэдытацыі Польскай Народнай Рэспублікі. Аднак многія літаратары, імёны якіх згадваліся ў ліку падпісантаў, сцвярджалі, што змест адозвы  быў зменены пасля падпісання, і, такім чынам, яна была сфальсіфікаваная. У наступныя гады Ружэвіч быў аб’ектам нападак з боку розных літаратараў, у тым ліку Юльяна Пшыбося.

З 1968 года і да сваёй смерці паэт жыў у Вроцлаве.

У наступныя гады ён ствараў зборнікі вершаў і драмы. Да найбольш вядомых драматычных твораў Ружэвіча позніх гадоў адносяцца, у прыватнасці, “Адыход Галадара” (1977) і “Да пяску” (1979). У пачатку дзевяностых гадоў Ружэвіч стварыў разгорнутую версію свайго самага вядомага драматычнага твора – “Раскіданую картатэку”, куды ўключыў дадатковыя сцэны, прысвечаныя тагачаснай рэчаіснасці.

Ружэвіч быў членам Таварыства польскіх пісьменнікаў. Ён быў лаўрэатам шматлікіх літаратурных прэмій, у тым ліку паэтычнай прэміі “Silesius”, якая прысуджаецца ў Вроцлаве за дасягненні ў галіне цэнтральна-еўрапейскай літаратуры. У 2000 годзе стаў лаўрэатам літаратурнай прэміі “Nike” за зборнік паэзіі “Маці адыходзіць”.

Тадэвуш Ружэвіч памёр 24 красавіка 2014 года ў Вроцлаве. Пахаваны на могілках пры евангелісцкім касцёле Нашага Збаўцы ў Карпачы.

Творы Тадэвуша Ружэвіча перакладзены на 49 моў.

Творчасць

Паэзія:

1944 – Лясное рэха (пад псеўданімам Сатыр),

1947 – Неспакой (змяшчае  верш “Ацалелы”),

1948 – Чырвоная рукавічка,

1950 – Пяць паэм,

1951 – Час, які мінае,

1952 – Вершы і карціны,

1953 – Выбраныя вершы,

1954 – Раўніна,

1955 – Срэбны колас (змяшчае верш «Бездань»),

1955 – Усмешкі

1956 – Паэма шчырасці,

1958 – Формы (змяшчае верш “Ліст да людажэрцаў”)

1960 – Размова з прынцам (вершы і паэтычная проза)

1961 – Голас Ананіма (змяшчае паэму “Et in Arcadia ego”)

1961 – Зялёная ружа. Картатэка (паэзія і драма),

1962 – Нішто ў плашчы Праспэра,

1963 – Неспакой. Выбраныя вершы. 1945-1961,

1964 – Твар,

1967 – Вершы і паэмы

1968 – Трэці твар (змяшчае паэмы “Падзенне” і “Нон-стоп шоу”,

1969 – Regio (змяшчае празаічную паэму “Злоўлены”),

1970 –  Выбраныя вершы,

1973 –  Паэзія, драматургія, проза (выбранае)

1974 – Вершы

1976 – Выбраныя вершы

1977 – Душачка (празаічная паэма),

1983 – На паверхні паэмы і ўнутры. Новы выбар паэзіі,

1984 – Выбраная паэзія (ІІ),

1987 – Паэзія,

1988  – Паэзія, Т. 1-2

1991 – Барэльеф,

1991 – Выбраная паэзія,

1996 – Заўсёды фрагмент

1998 – Заўсёды фрагмент. Перапрацоўка

1999 – Маці адыходзіць,

2001 – Ножык прафесара (паэма і вершы),

2002 – Шэрая зона,

2004 – Выйсце,

2005 – Усмешкі,

2007 – Навука хаджэння. Gehen lernen,

2008 – Купі ката ў мяшку

2011– Гісторыя пяці вершаў,

2011 – Рэчышча Ружэвіча (анталогія вершаў, дапоўненая нарысамі дваццаці чатырох паэтаў),

2012 – тое і гэтае,

2014 – Прачытаныя вершы,

2015 – Апошняя свабода,

2015 – Зніканне.

 Проза:

1946 – У лыжцы вады (сатыра),

1953 – Паштоўкі з Венгрыі (рэпартажы),

1955 – Апала лісце з дрэваў (апавяданні),

1960 – Перарваны экзамен (апавяданні),

1966 – Экскурсія ў музей (апавяданні),

1968 – Выбраныя апавяданні,

1970 – Смерць у старых дэкарацыях (апавяданні),

1971 – Падрыхтоўка да аўтарскага вечара (накіды, успаміны, сцэнічныя творы),

1973 – Проза,

1979 – Траўматычныя апавяданні. Душачка (літаратурныя мініяцюры),

1979 – Спроба рэканструкцыі,

1980 – Шчыт з павуціння,

1990 – Проза. Т. 1-2,

2010 – Экскурсія ў музей (дапоўненае выданне),

2010 – На палях, але…,

2011 – Наперакор сабе. Размовы з Тадэвушам Ружэвічам.

Драматургія

1960 – Картатэка,

1962 – Група Лаакаона,

1964 – Сведкі, або наша маленькая стабілізацыя,

1965 – Смешны стары,

1965 – Выйшаў з дому,

1967 – Спагеці і меч,

1969 – Старая жанчына выседжвае,

1970 – Перарваны акт,

1971 – Райскі сад,

1972 – На карачках,

1975 – Белы шлюб,

1977 – Адыход Галадара,

1979 – Натуральны прырост,

1979 – Смерць у старых дэкарацыях,

1979 – Да пяску,

1982 – Пастка,

1997 – Раскіданая картатэка.

Крыніцы:

https://pl.wikipedia.org/wiki/Tadeusz_R%C3%B3%C5%BCewicz
https://culture.pl/pl/tworca/tadeusz-rozewiczhttp://encyklopedia.pwn.pl/haslo/Rozewicz-Tadeusz;3969606.htmlhttps://www.polskieradio.pl/24/289/Artykul/1108138,Tadeusz-Rozewicz-%E2%80%93-poeta-okaleczony-przez-wojne

https://nowynapis.eu/autor/tadeusz-rozewicz

Фота: Tadeusz Różewicz, 2003, fot. Krzysztof Wojciechowski / Forum