6.09.2017 - 6.10.2017 Мастацтва

Выстава архіўнай фатаграфіі «Што не памірае, тое і не жыло»

У рамках Месяца фатаграфіі ў Мінску
Выстава архіўнай фатаграфіі з Падляшша «Што не памірае, тое і не жыло»

Адкрыццё выставы ў 19:00
Экскурсія па выставе ад Гжэгажа Дамброўскага ў 20:00
 

«Звычайная» смерць усё менш прысутная ў культуры. Людзі паміраюць не ў акружэнні сям’і, а ў бальнічных палатах, труна з памерлым ужо не стаіць тры дні дома, усё часцей блізкія наведваюць нябожчыка ў капліцы. На думку антраполага культуры Ёанны Такарскай-Бакір, «сённяшняя культура са сваім культам маладосці, наўпрост несмяротнасці, баіцца смерці, як д’ябал святой вады. (…) Свет, які ўжо не верыць у аніякую праўду, які бачыць ва ўсім маску і позу, бароніцца ад гэтай няўхільнай праўды ўсімі магчымымі сродкамі».

Таварыства Культурнай Адукацыі «WIDOK» і Польскі Інстытут у Мінску запрашаюць на выставу «Што не памірае, тое і не жыло», на якой будуць прадстаўлены архіўныя, непублікаваныя раней пахавальныя фотаздымкі з паўночнага ўсходу Польшчы. Архіўныя не толькі таму, што яны былі зробленыя да пачатку Другой сусветнай вайны або адразу пасля яе, але таксама і таму, што сёння ўжо амаль ніхто не робіць фотаздымкаў нябожчыкаў ці пахаванняў.

Мы прадставім здымкі Баляслава Аўгусціса, яшчэ не да канца даследаванага фатографа міжваенных часоў. Яго калекцыя налічвае некалькі тысяч фотакартак, яна была выпадкова знойдзеная 10 гадоў таму і з’яўляецца найбагацейшым фотадакументам Беластока 1930-х гадоў. Баляслаў Аўгусціс кіраваў беластоцкім атэлье «POLONIA FILM». Ён быў рамеснікам, але акрамя сваёй непасрэднай працы, часта выходзіў на вуліцы і быў чуйным назіральнікам гарадскога жыцця. Яго наймалі на адмысловыя фотасесіі, у тым ліку і на пахаванні. Здымкі жалобных працэсій, вынасу трумнаў праз вокны або хаўтураў з’яўляюцца каштоўным дакументальным запісам часоў міжваеннага дваццацігоддзя.

На выставе можна будзе ўбачыць таксама фотаздымкі Яна Сівіцкага, вясковага фатографа з Ячна. У яго выпадку захавалася каля 300 шкляных негатываў з некалькіх дзесяцігоддзяў працы. Сівіцкі здымаў жыццё сваёй вёскі, якое віравала вакол народзін вяселляў і пахаванняў. І апошняя дзея была, бадай што, найважнейшай. Трэба было захаваць аблічча памерлага, бо памяць – з’ява ненадзейная.

Здымкі абодвух аўтараў з сённяшняй перспектывы паказваюць як моцна за няпоўныя сто гадоў змяніліся нашы звычаі, датычныя выпраўлення нябожчыка ў апошні шлях. Смерць у тыя часы была «чымсьці натуральным», і людзі, асабліва ў вёсках, былі да яе прызвычаеныя. Таму не здзіўляе, напрыклад, здымак, на якім дзеці ля труны ўсіміхаюцца або трымаюць на ёй рукі. На групавых партрэтах людзі хоць і хвалююцца, але трымаюцца спакойна і пакорліва.

Ані Аўгустус, ані Сівіцкі не рабілі пахавальныя здымкі па мастацкіх або філасофскіх прычынах. Гэта простыя, аўтэнтычныя кадры, пазбаўленыя якіх-колечы вышэйшых ідэй. Хоць, напэўна, аўтарыі не цураліся роздуму над лёсам, які чакае кожнае жыццё і ставіць на ім сваю пячатку.
 
Гжэгаж Дамброўскі
 
Праграма Месяца фатаграфіі ў Мінску на сайце
from to
Scheduled Мастацтва