Выстава польска-беларускага аб’яднання “Спутнік” “Is(not)”
Зразумець іншага – гэта зразумець сябе. На Старым Кантыненце роля Іншага засталася ў мінуўшчыне, сёння яе грае дзіўная маленькая краіна, размешчаная на паўдарозе між Еўропай і Амерыкай ды населеная эльфамі і праціўнікамі ЕС. Каб яе спазнаць, трэба распачаць барацьбу са стэрэатыпамі сродкаў масавай інфармацыі, што Ісландыю апісваюць як багатую да нядаўняга часу дзяржаву, якая цяпер завязла ў фінансавым крызісе, ці як краіну маляўнічых вулканаў, здольных паралізаваць паветранае злучэнне над паловай Еўропы. Фатографы са «Sputnik Photos» пастанавілі разгледзець гэтыя стэрэатыпы і дабрацца да сутнасці Ісландыі.
У якасці пункту адліку яны абралі паганскія традыцыі вострава: міфы, легенды ды гісторыі, што перадаюцца з пакалення ў пакаленне, прысутнасць якіх усё яшчэ моцна адчуваецца ў жыцці ісландцаў.
Фатограф Адам Паньчук у суправаджэнні пісьменніка Сіндры Фрэйсана выправіўся даследаваць цаглінкі ментальнасці жыхароў вострава, адштурхоўваючыся ад ісландскай міфалогіі. Атрыманыя ў выніку здымкі сталі рэальным доказам анталогіі «на экспарт», выпрацаванай як адказ на запыты вонкавага свету, арыентаванага на турыста.
У Міхала Лучака і Германа Стэфаўнсана разуменне Ісландыі рухалася ад логікі звышнатуральнага да бязлітасных законаў прыроды. Фатаздымкі Міхала Лучака вядуць ад нараджэння да смерці: праз распасцёртае паміж двума гэтымі полюсамі жыццё – з яго адзінотаю, брацтвам, адчаем і цудам. Нам прапаноўваюць выпрабаваць памежныя сітуацыі, у якіх штодзень ідзе барацьба жыхароў вострава з дзікаю прыродай. Тут няма месца лішнім намаганням або неабавязковым для выжывання дзеянням. Роўнае дыханне, спакой і час для кавы ў вялікіх кубках з расколінкамі.
На фатаграфіях Яна Брыкчыньскага – партрэты сям’і, дзе жывёла займае тое ж месца, што і людзі. Памыць кабыл ці вывесці авечак на пашу – настолькі ж важна, як і штодзённы супольны абед. Жыццёвы цыкл апісвае літаратарка Крыстын Гэйда Крыстынстоўхтыр. Руцінныя справы робяцца рытуаламі. Падаецца, што разглядаючы сям’ю ці атару, Ян Брыкчыньскі задаецца пытаннем: ці насамрэч адрозненні паміж імі настолькі вялікія?
Агнешка Райс разам з паэткай Сігюрб’ёрг Трастартоўхтыр размясціліся на берагох ісландскіх азёраў і на борціках сучасных басейнаў. Аўтаркі зірнулі на натуральныя водныя рэзервуары, якія з векапомных часоў застаюцца складнікам жыцця астраўлянаў, а таксама раскошай турызму, што з’явіўся ў Ісландыі з прыходам новых тэхналогіяў. Вада стала золатам Ісландыі. Прыроду спачатку прыручылі, а пасля прадалі.
Уваход у гэтую новую і, на першы погляд, бяспечную прастору – фатаграфіі Рафала Міляха. Ягоная прага досведу і жаданне дакрануцца да ўсяго, што напаткае, вандруючы па востраве, неабходнасць зазірнуць у кожны куток, напісаць усюды «Я тут быў», ломяць толькі што ўсталяваны парадак. Тысячы прадметаў заклікаюць да каментароў і патрабуюць апраўдання ўласнай прысутнасці. Вядома, у людзей на здымках ёсць імёны, але фатаграфіі значна болей падобныя да нататніка батаніка, чым да сямейнага альбому. Ці існуюць гэтыя людзі насамрэч? Кола замкнулася. Фатаграфічныя зацемкі суправаджае асабісты дарожны дзённік Гютльдара Брэйдф’ёрда.
Каб спазнаць Іншага і прайсці шлях ад няведання да разумення, фатографы адправіліся з кантынента на востраў. Прыбыўшы з вонкавага свету, яны вывучылі краіну знутры, з гледзішча ісландскіх пісьменнікаў, якія іх суправаджалі, а таксама людзей, з якімі сустрэліся на востраве. Пагадзіўшыся з існымі стэрэатыпамі, яны, тым не менш, шукалі асабістага досведу. Але чым больш яны дазнаваліся пра Ісландыю, тым выразней разумелі, як жа мала яны насамрэч ведаюць. Прыбыўшы туды ў пошуках адказаў, яны засталіся з масаю пытанняў. Пытанняў пра тое, якім быў востраў раней, і пра тое, кім ёсць мы ўсе.
Удзельнікі праекту: Адам Паньчук, Агнешка Райс, Міхал Лучак, Рафал Мілях, Ян Брыкчыньскі, Герман Стэфаўнсан, Крыстын Гэйда Крыстынстоўхтыр, Сіндры Фрэйсан, Сігюрб’ёрг Трастартоўхтыр, Гютльдар Брэйдф’ёрд.