Упершыню ў Гомелі будзе прадстаўлена больш за 300 графічных твораў польскіх мастакоў XIX–XX стагоддзяў. Сярод аўтараў – вялікія майстры польскага мастацтва – Юліюш Косак (1824–1899), Ян Матэйка (1838–1893), Міхал Элвіра Андрыёлі (1836–1893), Максіміліян Герымскі (1846–1874), Альфрэд Веруш-Кавальскі (1849–1915), Станіслаў Віткевіч (1851–1915), Лявон Вычулкаўскі (1852–1936), Станіслаў Ігнацы Віткевіч «Віткацы» (1885–1939), Альфонс Карны (1901–1989) і інш. Выставу адрознівае багатая жанравая разнастайнасць экспанатаў. У экспазіцыі прадстаўлены партрэты і карыкатуры, пейзажы і жанравыя замалёўкі, гістарычныя сцэны і фантасмагорыі.
З калекцыі Падляшскага музея ў Беластоку
З калекцыі Падляшскага музея ў Беластоку
*Падляскі музей у Беластоку – самая буйная музейная ўстанова ў Падляскім ваяводстве. Ён быў створаны ў 1949 годзе і ў цяперашні час, акрамя экспазіцыі ў Ратушы ў Беластоку (галоўны будынак), мае шэсць філіялаў: Гістарычны музей, Музей скульптуры Альфонса Карнага, Музей у Тыкаціне (Вялікая сінагога), Музей палацавых інтэр’ераў у Хорашчы, Музей у Бельску-Падляскім і Музей абразоў у Супраслі. Калекцыю Падляскага музея складаюць зборы археалагічных помнікаў і выяўленчага мастацтва, якая ўключае творы знакамітых польскіх мастакоў, такіх як Яцэк Мальчэўскі, Вольга Базнаньская, Станіслаў Ігнацы Віткевіч, Ян Цыбіс і Аляксандр Штурман, а таксама работы майстроў віленскага мастацкага роду Балзукевічаў – Ёзэфа і Луцыі. Значную частку калекцыі складае збор друкаванай графікі і малюнка.
**Акруговы музей у Сувалках быў заснаваны ў 1956 годзе. У калекцыі музея прадстаўлены зборы выяўленчага мастацтва, гісторыі, археалогіі і этнаграфіі. Аснову калекцыі выяўленчага мастацтва складаюць творы польскіх мастакоў другой паловы XIX стагоддзя, звязаных з мастацкімі коламі Мюнхена, у тым ліку багаты збор жывапісных і графічных работ Альфрэда Веруш-Кавальскага, ураджэнца Сувалак. Філіяламі музея з’яўляюцца Музей імя Марыі Канапніцкай (заснаваны ў 1973) і Цэнтр сучаснага мастацтва – Галерэя Анджэя Струмілы (заснавана ў 2008).
Выстава працуе з 5.10 да 19.11.2017
Час працы касы: 11.00 – 18.30, субота і нядзеля: 10.00 – 17.30
выхадны: панядзелак