З 28 лютага да 4 сакавіка 2018 года Польскі інстытут у Мінску разам з Пасольствам Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Інстытутам кнігі (Кракаў) прадстаўлялі Польшчу на XXV Мінскай міжнароднай кніжнай выставе-кірмашы. Польскі стэнд наведала вялікая колькасць зацікаўленых асоб, якія пакідалі ўхвальныя водгукі пра яго працу.

Дзякуючы нашым партнёрам – кніжнаму цэнтру “Ars Polona” (Польшча) і кнігарні “Акадэмкніга” (Беларусь) – аматары літаратуры мелі магчымасць набыць кнігі польскіх аўтараў як у арыгінале на польскай мове, так і ў перакладах на рускую і беларускую мовы. Таксама вялікае зацікаўленне выклікала ў наведвальнікаў выставачная частка стэнда, дзе галоўным чынам былі прадстаўлены кнігі, выдадзеныя пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску, а таксама іншыя цікавыя выданні са збораў Бібліятэкі Польскага Інстытута.

У межах кніжнай выставы адбылася аўстарская сустрэча са Славамірам Коперам, а таксама прэзентацыі  польскіх кніжных навінак па-беларуску.

 

3 сакавіка адбылася прэзентацыя знакамітага рамана Баляслава Пруса “Лялька”  ў перакладзе на беларускую мову. Раман выйшаў у выдавецтве Уладзіміра Сіўчыкава пры падтрымцы Інстытута Кнігі (Кракаў), перастварылі яго на беларускую мову Галіна Жарко і Мікола Хаўстовіч. Прэзентацыя адбылася з удзелам выдаўца Уладзіміра Сіўчыкава, доктара філалагічных навук, прафесара Святланы Мусіенка, літаратуразнаўцы і перакладчыцы Марыны Казлоўскай, вёў сустрэчу беларускі паэт і перакладчык Андрэй Хадановіч.

Злева направа: Уладзімір Сіўчыкаў, Марына Казлоўская, Святлана Мусіенка, Андрэй Хадановіч, акцёры Купалаўскага тэатра Андрэй і Крысціна Дробышы

У гэты ж дзень адбылася прэзентацыя перакладу першай часткі так званай “Менскай трылогіі” Сяргея Пясецкага “Яблычак”. Раман выйшаў у выдавецтве “Логвінаў” пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску і Інстытута Польскай кнігі ў Кракаве, пераклаў твор  тэлевядоўца і філолаг Віктар Шукеловіч. Прадстаўлялі чытачам кнігу перакладчык Віктар Шукеловіч, літаратуразнаўца, адзін з аўтараў кнігі “Наш і не наш Сяргей Пясецкі” Мікалай Хмяльніцкі.  А вядомы беларускі музыка Піт Паўлаў расказаў пра сваё захапленне творчасцю Сяргея Пясецкага і праставіў некалькі песень з альбому “Зброя. Золата. Кабеты”, напісанага па матывах раманаў шпіёна і кантрабандыста.

Злева направа: Мікалай Хмяльніцкі, Віктар Шукеловіч

Завяршылася праграма мерапрыемстваў Польскага стэнда на кніжным кірмашы 4 сакавіка прэзентацыяй кулінарнай кнігі Яанны Фургаліньскай “Польская кухня. Адчуй смак традыцый”.  Удзельнікі прэзентацыі даведаліся пра асаблівасці польскай кухні  і яе  блізкасць да кухні беларускай, а таксама пакаштавалі некалькі прадстаўленых у кнізе традыцыйных польскіх страў.

З нагоды выхаду кнігі аб’яўлены конкурс, да ўдзелу ў якім запрашаюцца ўсе ахвочыя! Умовы ўдзелу вельмі простыя – прыгатаваць любую страву па рэцэпце з кнігі, зрабіць фотаздымак і размясціць яго ў сацыяльных сетках (Фэйсбук, Укантакце, Інстаграм) з хаштэгам #smakPL. На фотаздымку абавязкова павінна быць прыгатаваная Вамі страва і кніга “ПОЛЬСКАЯ КУХНЯ. Адчуй смак традыцый”, а ўсё астатняе – Ваша фантазія. 
ЗІРНІ – як цікава! ЗГАТУЙ – як проста! З’ЕШ – як смачна!
Фотаздымкі на конкурс прымаюцца да  15 красавіка, а вынікі будуць абвешчаны 20 красавіка 2018 года. Пераможцы атрымаюць цікавыя прызы ад арганізатараў.

Дзякуй усім наведвальнікам Польскага стэнда і ўсім аматарам прыгожага слова!

Scheduled Літаратура Рэпартажы з мерапрыемстваў Рэпартажы з мерапрыемстваў