Буквар – унікальная кніга, якая закладвае асновы культуры, фарміруе найважнейшыя каштоўнасці, з’яўляецца пачаткам на шляху засваення ведаў. Першая ў свеце кніга пад назваю “Буквар” была выдадзена Віленскім праваслаўным брацтвам у 1618 годзе ў мястэчку Еўе пад Вільняй, якое належала слаўнаму Багдану Агінскаму. Кніга прызначалася для пачатковага навучання чытанню і пісьму нашых продкаў. У далейшым выданне з такой назвай стала шырокавядомым на тэрыторыі сучасных Беларусі, Літвы, Украіны, Расіі і іншых краін. Да нашых дзён дайшло толькі два экзэмпляры еўеўскага “Буквара”. Адзін захоўваецца ў Капенгагене, другі – у Лондане.
400-годдзе выдання першага “Буквара”– гэта далёка не адзіная тэма сёлетніх Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў, але важная нагода. Тэматычнае поле канферэнцыі вылучаецца разнастайнасцю, нязменнай цікавасцю да кніжнай культуры Беларусі і асэнсавання яе феномена ў сусветным кантэксце.
Польскі Інстытут у Мінску з’яўляецца партнёрам у арганізацыі ХІV Міжнародных кнігазнаўчых чытанняў. Дзякуючы яго падтрымцы вядомыя польскія вучоныя плануюць узяць удзел у канферэнцыі і прэзентаваць даклады па гісторыі кніжнай культуры. Чакаецца прыезд выбітных прадстаўнікоў сучаснага польскага кнігазнаўства: прафесара Вармінска-Мазурскага ўніверсітэта ў Ольштыне, доктара навук Зоі Ярашэвіч-Пераслаўцаў (prof. dr hab. Zoja Jaroszewicz-Pieresławcew), прафесара Універсітэта ў Беластоку, доктара навук Антонія Мірановіча (prof. dr hab. Antoni Mironowicz), дырэктара Універсітэцкай бібліятэкі імя Ежы Гедройца ў Беластоку, прафесара Універсітэта ў Беластоку, доктара навук Пятра Хоміка (prof.dr hab. Piotr Chomik).
Міжнародныя кнігазнаўчыя чытанні даюць магчымасць падзяліцца вынікамі навуковых пошукаў, што спрыяе наладжванню навуковага дыялогу і супрацоўніцтва паміж даследчыкамі розных краін. Шырока сфармуляваная праблематыка выклікае інтарэс у кнігазнаўцаў, лінгвістаў, літаратуразнаўцаў, культуролагаў, гісторыкаў, філосафаў, выдаўцоў і кнігагандляроў.