30.06.2021 Літаратура, Навіны, Падзея

Раман Элізы Ажэшкі „Dwa bieguny” ўпершыню па-беларуску!

Кніга, якая ў беларускім перакладзе мае назву “Дзікунка. Раман ХІХ стагоддзя і як яго чытаць сёння”, выходзіць у выдавецтве “Галіяфы” пры падтрымцы Польскага Інстытута ў Мінску.  Пераклала раман, напісала каментары і прадмову Святлана Воцінава.

Кніга “Дзікунка. Раман ХІХ стагоддзя і як яго чытаць сёння” — адначасова кніга ў кнізе і кніга-квест, даследчыцкая праца і прыгодніцкая гісторыя, меладрама і нон-фікшн пад адной вокладкай.

Большую яе частку складае сапраўдны раман ХІХ стагоддзя — раман Элізы Ажэшкі “Дзікунка”, напісаны ў 1892 годзе. Пераклад яго на беларускую мову зроблены ўпершыню і пададзены ў суправаджэнні “інтэрфейса”, змест якога пераносіць чытача ў кабінет Элізы Ажэшкі ў яе кватэры ў Гродне, сядзібныя дамы ў Панямуні і Свіслачы, Варшаўскія выдавецтвы і Пецярбургскія рэдакцыі. Чытач ХХІ стагоддзя, уяўляючы сябе аўтарам рамана ХІХ стагоддзя, пражывае частку сапраўднага жыцця пісьменніцы ў яе сапраўдным акружэнні: лістуецца з сябрамі, сустракаецца з калегамі, спрачаецца з літаратурнымі крытыкамі, спрабуе абысці цэнзуру, прымае парады дактароў, адпачывае ў коле самых блізкіх і дарагіх…

Пры ўсім гэтым чытанне кнігі ўяўляе сабой гульню накшталт камп’ютарнай: раздзелы рамана ХІХ стагоддзя пададзены як “узроўні”, і перад прачытаннем кожнага з іх прапануецца адказаць на пытанне, выбраўшы правільны варыянт. Главы паміж раздзеламі рамана — главы-“падказкі” — напісаны такім чынам, што ім аднолькава ўласцівыя дакладнасць навукова-даследчай працы, жывасць і захапляльнасць, і гэта робіць кнігу: а) карыснай тым, хто вывучае жыццё і творчасць Элізы Ажэшкі, б) прыемнай для аматараў інтэлектуальных тэкстаў, в) прывабнай для ўсіх, каго кранаюць сардэчных драмы.

Раман Элізы Ажэшкі “Дзікунка” — гісторыя кахання, якое разгарэлася паміж свецкім цынікам і ўзнёслай “схімніцай”. Яна — багатая спадчынніца, якая не лічыць сябе такой, бо спадчына яе, паводле яе ж ідэі, павінна служыць людзям. Ён — рафінаваны дэкадэнт, які ў ранг найвышэйшых сваіх заслуг узводзіць цывілізаванасць. Яна ўсю сябе аддае добрым справам у памяць брата, які памёр у ссылцы пасля паўстання, ён — удасканальванню мастацтва паляпшэння жыцця для сябе і сабе падобных. Ён прапаноўвае ёй адмовіцца ад усяго, што стаіць паміж імі, дзеля таго, каб быць разам, але сам ні ў чым сабе адмовіць не можа. Гэтым творам Эліза Ажэшка, па яе словах, імкнулася паказаць дваякасць разумення цывілізаванасці: глыбокае — і павярхоўнае, альтруістычнае — і эгаістычнае, і, пішучы яго, “менш за ўсё думала пра каханне”.

Гэтай кнігай, выпушчанай ў ХХІ стагоддзі, павінна сцвердзіцца актуальнасць усяго таго (шмат чаго), што перажывалася і пісалася больш чым стагоддзе таму. Tempora mutantur, але ці мяняемся мы?..

Scheduled Літаратура Навіны Падзея