15.06.2018 - 26.07.2018 Мастацтва

Выстаўка «Equos. Koń. Конь»

На працягу летніх месяцаў у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь будзе экспанавацца выстаўка «Equos. Koń. Конь», арганізаваная сумесна Музеем Паўднёвага Падляшша і Нацыянальным мастацкім музеем Рэспублікі Беларусь пры падтрымцы Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскага Інстытута ў Мінску.
 

З самых старажытных часоў конь не толькі з’яўляецца верным спадарожнікам чалавека ў рэальным жыцці, але і адным з найпапулярнейшых вобразаў у літаратуры і мастацтве. У былінах, песнях, казках, прыказках, загадках, прымаўках, якія ствараліся народнай мудрасцю на працягу доўгіх стагоддзяў, адводзіцца ганаровае месца гэтаму «таварышу вернаму, цярпліваму» (А.С. Пушкін). Пісьменнікі і паэты Новага часу апяваюць яго ў прозе, складаюць пра яго вершаваныя строфы. Конь не перастае быць адным з самых «запатрабаваных» вобразаў у мастацтве – ад роспісаў пячор эпохі позняга палеаліту да нашых дзён. Мастакоў прыцягваюць яго зграбныя формы, розум і адданасць, хуткасць, адвага і цягавітасць.

Агульнавядомая роля каня ў гісторыі цывілізацыі. Дзякуючы яго прыручэнню адбылося засваенне бязмежных тэрыторый, атрымаў развіццё колавы транспарт, конь удзельнічаў у заваяваннях, быў незаменным памочнікам у земляробчай гаспадарцы, стаў «рухавіком гандлю»… Нядзіўна, што вобраз каня, які займаў важнае месца ў міфалагічных уяўленнях і выяўленчым мастацтве многіх старажытных народаў, захоўвае цікавасць для мастакоў і па сённяшні дзень.

На выставе будуць прадстаўлены творы еўрапейскіх мастакоў XVII–XXI стагоддзяў. Гэта дазволіць прадэманстраваць творы майстроў розных эпох, мастацкіх школ, стыляў і напрамкаў і інтэрпрэтацыю вобраза каня ў розных жанрах мастацтва. На працягу доўгага часу конь быў важным персанажам у парадным партрэце, кампазіцыях батальнага і бытавога жанру, а з XVIII стагоддзя – як самадастатковая мадэль – і ў творах мастакоў-анімалістаў. Такім чынам фарміруецца адмысловая і спецыфічная мастацкая з’ява – «конны» або іпічны (ад грэчаскага hippos – конь) жанр.

Экспазіцыя выставы будзе складацца з некалькіх тэматычных раздзелаў, якія аб’ядноўваюць творы з падобнымі сюжэтамі. Гэта дазволіць прадэманстраваць устойлівую цікавасць мастакоў да пэўных тэм і матываў, звязаных з адлюстраванннем коней, і адначасова дасць магчымасць ацаніць розныя мастацкія рашэнні, прапанаваныя майстрамі розных стыляў і пакаленняў.

На выставе будзе паказана больш за дзвесце твораў з калекцый Музея Паўднёвага Падляшша (Бяла-Падляска, Рэспубліка Польшча) і Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь.

Выстава будзе экспанавацца да 26 жніўня 2018 года.

from to
Scheduled Мастацтва