5 жніўня ля Ратушы адбыўся ДЗЕНЬ ПОЛЬШЧЫ ў Мінску, арганізаваны ў рамках святкавання 100-годдзя аднаўлення незалежнасці Польшчы.
У самым цэнтры сталіцы гучала польская музыка ў выкананні шматлікіх калектываў польскай дыяспары ў Беларусі і Моладзевага духавога аркестра з Хайнаўкі, гатаваліся польскія традыцыйныя стравы, адбываліся мастацкія майстар-класы, а таксама навуковыя і моўныя прэзентацыі, выступаў вулічны тэатр з Польшчы. Аматары спорту гулялі ў РЫНГА, а дзеці стваралі каляровую карту Польшчы.
Тэатр “НІКОЛІ” (Кракаў, Польшча) прадставіў мінскай публіцы спектакль «Імпрэсарыа» ў пастаноўцы Мікалая Веправа.
Увечары на галоўнай сцэне выступілі хэдлайнеры з Польшчы – «JAZZ BAND MŁYNARSKI-MASECKI», і польскае трыа акардэаністаў «MOTION TRIO».
На адкрыцці Фэсту выступіў Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Артур Міхальскі.
Арганізатары мерапрыемства: Мінскі гарадскі выканаўчы камітэт, Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскі Інстытут у Мінску. Галоўны партнёр – фірма „ATLAS”.