Плакат з’яўляецца адным з элементаў багатай разнастайнасці формаў інфармацыі, агітацыі і дакументацыі спартыўных падзей. Па сутнасці сваёй ён апярэджвае ўсе спартыўныя падзеі, бо анансуе іх. У той момант, калі мы прымаем удзел у спартыўнай падзеі, плакат становіцца практычна непатрэбным. Але гэта не зусім так. У гэты самы момант плакат становіцца дакументам, запісам падзеі. Калі плакат валодае мастацкімі вартасцямі, а польскі плакат, як правіла, імі валодае, ён адразу ж трапляе ў катэгорыю “жаданых аб’ектаў”. Плакаты пераходзяць у прыватныя, музейныя або архіўныя калекцыі. Іх экспануюць на выставах і ў адпаведных альбомах і каталогах. Так плакаты становіцца несмяротнымі.
Польскі спартыўны плакат мае даўнія традыцыі. Яшчэ да Першай сусветнай вайны з’яўляліся плакаты, звязаныя з зімовымі відамі спорту ў Закапанэ. У міжваенны перыяд плакаты для вяслярных спаборніцтваў і зімовых відаў спорту распрацоўвалі, сярод іншых, Ежы Скалімоўскі і Стэфан Асецкі, Чэслаў Вельгорскі і Лешак Пянткоўскі, для авіяспаборніцтваў – Эдуард Мантойфель, для паветраплавання – Тадэвуш Граноўскі. Менавіта Тадэвуш Граноўскі адкрывае плеяду плакатаў, прадстаўленых у рамках выставы. Іншыя работы былі створаныя ўжо пасля Другой сусветнай вайны.
З мноства плакатаў-прэтэндэнтаў былі абраныя найбольш цікавыя і характэрныя, створаныя вядучымі польскімі дызайнерамі. Першы з іх – гэта плакат “Футбол” (1948 год) аўтарства Генрыка Тамашэўскага, прафесара варшаўскай Акадэміі мастацтваў, з майстэрні плаката якога выйшла цэлая плеяда выбітных польскіх дызайнераў. Іншыя плакаты з бадай самай папулярнай спартыўнай дысцыплінай – футболам – праектавалі Гжэгаж Маршалэк, Себасцьян Кубіца, Уладыслаў Плюта. Плакаты, звязаныя з алімпійскай тэматыкай, належаць такім мастакам як Караль Сліўка, Вальдэмар Свежы, Уладыслаў Плюта, Генрык Саўка, Анджэй Патэр, Мечыслаў Гуроўскі, Францішак Старавейскі. Іншыя прадстаўленыя дысцыпліны: баскетбол – Януш Цішэўскі, Вальдэмар Свежы; веласпорт – Мацей Урбанец, Уладыслаў Плюта, Куба Савіньскі; хакей – Мар’ян Навіньскі; зімовыя віды спорту – Ежы Чарняўскі, Ян Младажэнец, Лешэк Жэброўскі; спідвэй – Мар’ян Навіньскі, тэніс – Вальдэмар Свежы, Мар’ян Навіньскі; водныя віды спорту – Пётр Младажэнец.
Выстава ахоплівае сорак аб’ектаў і з’яўляецца выбарам з вялікай калекцыі Кшыштафа Дыда з Кракава, гэты збор шырока вядомы пад назвай “Dydo Poster Collection” і дзейнічае ўжо каля шасцідзесяці гадоў.
Кшыштаф Дыда
Выстава працягнецца да 30 чэрвеня 2019 года.
Адрас галерэі: Кастрычніцкая плошча, 1 (Палац Рэспублікі), тэл. 327 26 12, Час працы: аў.-сб. 11:00-19:00, уваход вольны.