Прэзентацыя спецыяльнага часопіса “Мастацтва” (№9/2019), прысвечанага польскай культуры
Мнагарукія піяністы, рэжысёры-правакатары, амазонкі танцавальнага авангарду, скрыпачы-русалкі і — вядома ж! — Манюшка апанавалі старонкі спецыяльнага нумара “Мастацтва” да 25-гадовага юбілею Польскага інстытута ў Мінску.
Гэта нумар да юбілею, але без наўмысна ўрачыстых інтанацый.
Гэта нумар пра нервы і болевыя кропкі сучаснай польскай культуры.
І кожны з аўтараў “Мастацтва” падрыхтаваў сваю “польскую” інструкцыю да дзеяння для беларускага чытача.
Алеся Белявец і Любоў Гаўрылюк прапануюць наведаць цэнтры сучаснага арту — Замак Уяздоўскі ў Варшаве і Музей мастацтва ў Лодзі, Месяц фатаграфіі ў Кракаве і Біенале медыямастацтва ў Вроцлаве.
Дзмітрый Падзбярэзскі распавядзе пра незабыўны экспірыенс на Open’er’ы ў Гдыні, а Ганна Лянькова — пра ўласныя прыгоды на фестывалі “Варшава Зінгера”.
Усіх ахвотных распачаць уласную тэатральную справу натхніць найпадрабязны расповед Жаны Лашкевіч аб тым, як жывуць, спаборнічаюць і фінансуюцца найлепшыя прыватныя тэатры Варшавы.
А вось як функцыянуе сапраўдная кінашкола, растлумачыць Антон Сідарэнка — на прыкладзе Кінашколы ў Лодзі.