25 лютага а 18-ай гадзіне ў музеі-майстэрні З. Азгура адбудзецца адкрыццё выставы “Ізаляцыя” маладой беларускай мастачкі Разаліны Бусел.
Праект уяўляе сабой інсталяцыю, якая складаецца з тактыльных керамічных аб’ектаў і аўдыё-візуальнага шэрагу. Асноўная частка экспазіцыі – геаметрычныя формы з круглымі адтулінамі, куды можна зазірнуць, пакратаць тое, што знаходзіцца ўнутры. Пад знешняй абалонкай кожны раз хаваецца нешта новае і нечаканае: штучны мех, грубыя вострыя камяні, плюшч, пузырчатая ўпакоўка, калючы керамічны аб’ект.
Чаго баіцца чалавек у сучасным свеце? Што перашкаджае яму жыць так, як ён хоча? Што ўплывае на якасць яго жыцця?
Мэта праекта прыцягнуць увагу да такога аспекту псіхалогіі як страх, заклікаць людзей змагацца са страхамі, якія перашкаджаюць нармальнаму жыццю. Некантралюемыя страхі перашкаджаюць самавызначэнню, самаідэнтыфікацыі, самарэалізацыі. Блакуюць выхад з зоны камфорту, не даюць быць свабодным і ізалююць.
Праект “Ізаляцыя” быў рэалізаваны на кафедры керамікі і шкла Акадэміі мастацтваў (Вроцлаў, Польшча) у рамках стыпендыяльнай праграмы Міністра культуры і нацыянальнай спадчыны Рэспублікі Польшча “Gaude Polonia” ў 2019 годзе. Куратарам праекта выступіў праф. Кшыштаф Разпондэк. Аўдыё-візуальны шэраг быў створаны сумесна з фатографам і відэаграфам Яўгенам Глушэнем (Беларусь).
Больш інфармацыі на сайце Музея