2.04.2020 Навіны

15-я гадавіна смерці Святога Яна Паўла ІІ

Сёння прыпадае 15-я гадавіна смерці Святога Папы Рымскага Яна Паўла ІІ (Караля Юзэфа Вайтылы) – тэолага, філосафа, прапаведніка, паэта і драматурга. Ён адышоў ад нас 2 красавіка 2005 г. у 21.37 у сваёй рэзідэнцыі ў Ватыкане. У пахавальнай цырымоніі ўдзельнічалі дэлегацыі з больш чым 150 краін, а ў Польшчы была аб’яўлена шасцідзённая нацыянальная жалоба. Працэс беатыфікацыі Яна Паўла II пачаўся праз месяц пасля яго пахавання, абыходзячы традыцыйны пяцігадовы перыяд чакання. Ян Павел ІІ быў беатыфікаваны 1 мая 2011 года, пасля чаго 27 красавіка 2014 года быў кананізаваны.

На жаль, у сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, традыцыйныя ўрачыстасці з нагоды гадавіны смерці Папы на плошчы маршала Юзэфа Пілсудскага ў Варшаве і іншых гарадах перамяшчаюцца ў віртуальную прастору. Мы рэкамендуем вам сачыць за старонкай Цэнтра думкі Яна Паўла II Centrum Myśli Jana Pawła II, дзе даступная падрабязная інфармацыя.

Ян Павел II лічыцца самым важным для свету палякам у гісторыі. У 1978 годзе Ян Павел II стаў першым рымскім Папам неітальянскага паходжання, абраным за апошнія 455 гадоў, адным з самых маладых пантыфікаў у гісторыі і першым Папам славянскага паходжання. Пантыфікат Папы Яна Паўла II доўжыўся 27 гадоў і быў адным з самых працяглых пантыфікатаў у гісторыі Каталіцкага Касцёла.

За час свайго пантыфікату Ян Павел II здзейсніў 146 апостальскія візіты на тэрыторыі Італіі, 104 замежныя візіты, прызначыў каля 240 кардыналаў (у тым ліку 5 палякаў) і 2,5 тыс. біскупаў; асвяціў больш за 2 тыс. святароў, кананізаваў 478 святых (у тым ліку 10 палякаў), беатыфікаваў 1318 блаславёных (у тым ліку 154 палякаў). Падчас сваіх замежных паездак Папа сустракаўся з сотнямі тысяч вернікаў, прадстаўнікамі іншых хрысціянскіх цэркваў, паслядоўнікамі нехрысціянскіх рэлігій, хворымі людзьмі, інвалідамі і моладдзю.

Першае апостальскае падарожжа Яна Паўла II у Польшчу праходзіла пад дэвізам «Gaude Mater Polonia». Менавіта тады прагучалі памятныя словы Святога Айца: «Хай сыдзе Дух Твой і абновіць аблічча зямлі. Гэтай зямлі!». Гэтыя словы мелі асаблівае значэнне для польскага грамадства, у якім крышталізавалася ідэя змены палітычнай сістэмы. Ёсць бясспрэчнае меркаванне, што выбар паляка Караля Вайтылы Папам, а затым яго пантыфікат, у значнай ступені спрыялі звяржэнню камунізму ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе і вяртанню свабоды і дэмакратыі ў гэтым рэгіёне. На экуменічнай глебе Ян Павел II імкнуўся актывізаваць тэалагічны дыялог з пратэстантамі і праваслаўнымі, а таксама з прадстаўнікамі юдаізму і ісламу. Ян Павел II заклікаў да спынення гвалту ў розных буйных канфліктах, паколькі лічыў, што яны у першую чаргу закранаюць нявіннае насельніцтва. Папа заклікаў да міру таксама праз свае энцыклікі, у якіх ён раскрываў не толькі асновы хрысціянскага паслання, але і праблемы сацыяльнай справядлівасці.
Сёлета таксама адзначаецца 100-годдзе з дня нараджэння польскага Папы, з гэтай нагоды 2020 год абвешчаны Годам Яна Паўла ІІ.
Запрашаем Вас пазнаёміцца з Музеямі ў Польшчы, прысвечанымі жыццю і дзейнасці Святога Яна Паўла ІІ:
▪Музей «Дом сям’і Яна Паўла ІІ у Вадавіцах» Muzeum Dom Rodzinny Ojca Świętego Jana Pawła II у Вадавіцах – www.domjp2.pl, канал Yotube: https://www.youtube.com/watch?v=oqRM4xGSz08
▪ Музей Яна Паўла ІІ і Прымаса Вышыньскага ў Варшаве Mt5,14 Muzeum Jana Pawła II i Prymasa Wyszyńskiegowww.mt514.pl
Scheduled Навіны