7.04.2020 Навіны

Падведзены вынікі акцыі #LOTdoDomu

Міністэрства замежных спраў Польшчы завяршыла правядзенне акцыі #LOTdoDomu

Пасля трох тыдняў інтэнсіўных дзеянняў па вяртанні палякаў у Польшчу, у нядзелю, 5 красавіка, акцыя #LOTdoDomu #ПалётДаДому завяршылася. У рамках гэтай аперацыі ўсяго за 22 дні польская авіякампанія LOT выканала 388 спецыяльных чартэрных рэйсаў, дзякуючы якім больш за 55 тыс. чалавек бяспечна вярнуліся на радзіму.

Маштаб дзеянняў

Міністр Яцэк Чапутовіч падкрэсліў, што акцыя #LOTdoDomu – адна з найбуйнейшых аперацый у гісторыі польскай дыпламатычнай і консульскай службы. – Яе дакладнае правядзенне было б немагчымае без вялізнага ўдзелу нашых консулаў, якія бесперапынна працавалі на працягу апошніх тыдняў. Ім належаць словы найвышэйшага прызнання і вялікай удзячнасці за напружаную працу і надзвычайную адданасць справе, – сказаў міністр.

За час аперацыі былі выкананы рэйсы з 71 кропкі свету. Акрамя польскіх грамадзян, дапамогай польскіх авіяліній скарысталася таксама больш за 2 тысячы грамадзян іншых краін.

Дапамога консульскіх устаноў

Консульскія ўстановы ўвесь час аказваюць дапамогу польскім грамадзянам, якія знаходзяцца ў асабліва складанай сітуацыі. Консулы прымаюць неабходныя меры для падтрымкі палякаў, якія хочуць вярнуцца ў Польшчу, у тым ліку яны дапамагаюць ім знайсці даступныя транспартныя злучэнні, якія дазваляюць дабрацца да Еўропы. Без удзелу дыпламатычнай і консульскай службы некаторыя палёты ў рамках акцыі #LOTdoDomu не маглі б адбыцца.

– Самалёты ў рамках аперацыі #LOTdoDomu прыбылі туды, дзе палякі мелі патрэбу ў дапамозе, каб вярнуцца да сем’яў, бо гэта місія і абавязак нацыянальнага перавозчыка. Гэты поспех быў бы немагчымы без самаахвярнасці і цяжкай працы як нашых экіпажаў, так і офісных супрацоўнікаў, якія выконвалі і каардынавалі аперацыю #LOTdoDomu. Улічваючы часавую абмежаванасць і закрытыя паветраныя прасторы, арганізацыя кожнага рэйса была сапраўдным выклікам. Неабходна было атрымаць шматлікія дадатковыя дазволы, захаваць строгія стандарты бяспекі і мець поўнае тэхнічнае і лагістычнае забеспячэнне, – сказаў Рафал Мільчарскі, старшыня праўлення польскай авіякампаніі LOT.

Далейшая дапамога

У цяперашні час дыпламатычная і консульская служба працягвае свае дзеянні, снакіраваныя да польскіх грамадзян, якія не мелі магчымасці скарыстацца спецыяльнымі рэйсамі. У МЗС па-ранейшаму працуе “гарачая лінія” для палякаў за мяжой, якія ў сувязі з уведзеным станам эпідэміі на тэрыторыі Рэспублікі Польшча могуць сутыкнуцца з цяжкасцямі пры вяртанні на радзіму.

Scheduled Навіны