14.04.2020 - 20.04.2020 Лiтаратура

Бібліятэка анлайн.01

Баляслаў Прус «Лялька»
Мы рады запусціць праект “Бібліятэка анлайн”, які штотыдзень будзе расказваць вам пра тыя творы польскай літаратуры, якія можна (і варта!) прачытаць анлайн.
 
На велікодным тыдні мы прапануем згадаць культавы раман Баляслава Пруса “Лялька”, дзе ў раздзеле “Кладкі, на якіх сустракаюцца героі людзі розных сфераў” апісваецца звычай квеставання ў касцёле. Калі дамы вышэйшага свету дзеля заспакаення душы сваёй і высакародных памкненняў, збіралі ў касцёлах складкі на дабрачынныя мэты. Натуральна, звычай сам меў у сабе больш ад таварыскай імпрэзы і важна было, з кім квестуюць і хто колькі даў на дабрачыннасць. Для галоўнага героя, Станіслава Вакульскага, гэта выдатная магчымасць пабачыцца з Ізабэлай Ленцкай. Але прыгажосць велікоднага касцёла захапляе яго сваёй веліччу:

“Ён міжволі параўноўваў дробныя фігуркі вернікаў, што стаялі ля касцёла, з вялізнымі памерамі самое святыні, і яму прыйшла да галавы нечаканая думка. Падобна, як працавалі некалі на зямлі магутныя сілы, уздымаючы з роўнядзі мацерыкоў горныя ланцугі, гэтак валодала чалавецтва і іншай невымернаю сілаю, якая ўзнесла падобнага кшталту будынкі. Гледзячы на гэткія гмахі, можна было меркаваць, што ў нетрах нашае планеты жылі волаты, а выдзіраючыся наверх, узбурвалі яны зямную кару, і сляды таго руху захаваліся ў выглядзе вялізных пячораў”.

Беларускі пераклад М.Хаўстовіча, стыль-рэдактар Г.Жарко

 
Што яшчэ варта ведаць пра “Ляльку” Баляслава Пруса?
  • Спачатку раман выходзіў серыямі ў часопісе “Kurier Codzienny”, асобнай кнігай на радасць чытачам твор выйшаў толькі ў 1890 годзе.

  • Абавязковы пункт у школьнай праграме. Хочаш вучыцца ў Польшчы – варта прачытаць.

  • У творы з дэтальнай дакладнасцю апісана не толькі тапаграфія Варшавы (створаныя дзясяткі шпацыраў слядамі герояў!), але таксама модныя тэндэнцыі таго часу. Што адзець на Вялікдзень? Ці можа жаданне амаладзіцца звесці ў магілу? Усе адказы ёсць у рамане!

  • Лаўрэатка Нобелеўскай прэміі Вольга Такарчук прысвяціла раману філасофска-паэтычнае эсэ “Лялька і перліна”, дзе дае вядомаму са школы твору новае, метафізічнае прачытанне.

Вашай увазе спасылкі:

Першае выданне твора 

Твор цалкам (тут лёгка знайсці ІХ раздзел Першага тома – “Кладкі, на якіх сустракаюцца героі людзі розных сфераў”)  

Беларускі пераклад М.Хаўстовіча, стыль-рэдактар Г.Жарко

Раман у форме аўдыдыёкнігі ТОМ І і ТОМ ІІ

from to
Scheduled Лiтаратура